Кожны вечар усе яны вярталiся ў хацiну на строме, i па меры таго як накаплiвалася пушнiна, удача станавiлася ўсё больш вiдавочнай. Каб справiцца са сваiм уловам, iм даводзiлася займацца скурамi вельмi позна. Як i Рой, Зел аб'явiў, што на балотах за возерам Фей андатры больш, чым ён можа вылавiць з дапамогай наяўных пастак. Здаралася, што Зел лавiў сваiмi пасткамi баброў i ласак. Кожны вечар змешаны ўлоў Зела i Роя быў такiм жа разнастайным, як i здабыча Мэрэя на яго паляўнiчых сцежках. Мэрэй прыносiў менш пушнiны, што было натуральна, бо пасткi i сiло на паляўнiчых сцежках не маглi, вядома, даць столькi, колькi сканцэнтраваны аблоў багатага бабровага балота.
- Гэта не тое, - уздыхаў Зел пасля двух тыдняў палявання. - Я мог бы ўзяць удвая больш андатры, калi б хапала пастак. Калi б узяцца як след, мы праз два тыднi маглi б выбрацца адсюль з такой здабычай, што больш i не панесцi. Эх, мала ў нас пастак!
- Ты заўсёды спяшаешся, - сказаў Мэрэй. - Твая пушнiна нiкуды ад цябе не ўцячэ.
- Яно то так, - пярэчыў Зел, - але хутка скончыцца масла i сала. - Зел быў галоўным кухарам: ён рабiў гэта лепш за ўсiх. - Ды i мука, мяса канчаюцца.
У першыя ж днi Мэрэю пашчасцiла злавiць маладую лань; ён спрабаваў злавiць i другую, але пакуль што без поспеху. З'яўленне людзей, вiдаць, спалохала большую частку аленяў, якiя чулi кожны iхнi след на сваiх сцежках i станавiлiся яшчэ больш чуйнымi. Амаль кожны дзень Рою сустракалася лань, а то i дзве, а Мэрэй сцвярджаў, што за дзень яму трапляецца i пяць, i шэсць, але заўсёды яны паказвалiся толькi на iмгненне, былi далёка i адразу ж знiкалi.
- Не плач, - сказаў Мэрэй Зелу такiм тонам, што Рой па-новаму паглядзеў на сваiх сяброў. - Не плач, будзе табе лань, калi гэта ўсё, што патрэбна твайму жывату.
- Гэта твайму жывату патрэбна шмат! - усклiкнуў Зел. - Гэта ты ляжыш на адзiным ложку, а нам з Роем даводзiцца спаць на падлозе. Ты з'ядаеш удвая больш, чым мы. Як магло стацца, што ты сабраўся ў дарогу ад Скоцi, калi раней ты збiраўся зайсцi па мяне? Бо ў цябе ж нават пасткi былi ўжо сабраныя!
Мэрэй нiчога не запярэчыў, ён моўчкi адчынiў дзверы i высмаркаўся проста на чысты белы снег за парогам. Зел не супакойваўся, пакуль Рою не надакучыла i ён не спынiў гэтую грызню. Жыццё ў цеснай хацiне было даволi змрочным i без гэтых сварак.
У хацiне было цёпла, але адсутнасць сама элементарных зручнасцей пачынала нерваваць Роя. Печ дымiла, а падчас моцнага ветру вялiкая сасна пачынала хiстацца i ўся хацiна з рыпеннем хiсталася на яе карэннях. Мэрэй нарыхтаваў надта мала дроў, i папаўненне запасу лягло на Роя, а зiмой гэта было складана i цяжка. У iх было толькi адно вядро i для мыцця i для пiтной вады, а глыбокае азярцо, на якое разлiчваў Мэрэй, калi выбiраў гэтае месца, аказалася гнiлаватым, гарбата i кава аддавалi зямлёй i грыбамi, а Рой гэтага не любiў. Iм даводзiлася эканомiць газу, i таму ў хацiне заўсёды быў паўзмрок: днём ад ляснога ценю, ноччу ад прыкручанага кнота.
На долю Роя выпала i падтрыманне чысцiнi: даводзiлася прыбiраць рэшткi пасля разборкi жывёлiн, якiя затоптвалiся ў брудны снег на падлозе, выветрываць задушлiвы смурод ад пушнiны i кухарства. Каб зносiць гэткае жыццё, Рою патрабавалася зручная хацiна, а Мэрэю толькi i трэба было ад хацiны, каб яна засцерагала яго ад ветру. Зела яна таксама цiкавiла толькi як месца для харчавання i сну. Мэрэй быў неахайны i абыякавы, а Зел толькi неахайны, i ў iхнiм таварыстве Рой лавiў сябе на тым, што ён пачаргова то грубы, то здзеклiвы. У хацiне ён быў маўклiвы i кожны дзень з палёгкай сыходзiў унiз па заснежаным схiле, у марозны халадок возера Фей.
Краiна гэтая не трацiла для Роя сваёй зачараванасцi i - Рой гэта ведаў нiколi не страцiць. На заснежаных плато, калi ўзiраўся ў далёкiя лясы i азёры, Рой забываўся пра маркотнае жыццё ў хацiне. Усё часцей i часцей Рой выбiраўся з азёрнай катлавiны, далей ад бабровай лоўлi на хрыбты i цераз iх на азёры ад аднаго да другога, плануючы цэлую сетку аблову ўсёй гэтай тэрыторыi, у думках пракладваючы сцежкi вакол асобных пiкаў, зразаючы вуглы на хрыбтах, выбiраючы месцы, адно лепшае за другое, для хацiны, для волаку i для блiжэйшага маршруту назад у Сент-Элен.
У гэтыя iмгненнi Сент-Элен уяўляўся яму толькi ў вобразе Джэка Бэртана: Джэк, яго ферма, яго шматлiкая дзятва. У малюнку, якi ўзнiкаў у яго ў думках, не было нi Сэма, нi Эндзi, нi нават Джын. Яна, вiдаць, была страчана для яго нават у думках, як усё знiкала са свядомасцi, калi ён нечага пазбаўляўся, справядлiва i назаўсёды. Але чым больш аддаляўся яе воблiк, тым больш хацелася Рою ўявiць сабе Джынi Эндрус i тым большы неспакой гэта выклiкала.
Вось пра што ён думаў, калi халодным змрочным днём сядзеў на вяршынi невялiкай гары i пазiраў на поўдзень цераз хрыбет Белых гор. Ён залез так высока, што мог зазiрнуць паўзверх хрыбта. I як сягаў яго позiрк, ён у думках пракладваў па лясах i плато карацейшую дарогу ў Сент-Элен. Ён быў цалкам захоплены гэтым, калi побач з iм з'явiўся Мэрэй, i Рой ажно падскочыў, бо яго засталi знянацку. Ён быў падобны на аленя, якi хоча кiнуцца ў лес.
- Я заўважыў цябе яшчэ з таго боку далiны, - спакойна прамовiў Мэрэй i сеў побач з Роем на сук пiхты. - Што ты тут робiш? Падпiльноўваеш дзiчыну?
Рой пакруцiў галавой i адчуў, як напружаны мускулы шыi i як сцiснулася цела.
- Не, - сказаў ён, - проста я прыкiдваў, як пракласцi шлях адсюль проста ў Сент-Элен.
- Лепш за ўсё iсцi вакольным шляхам, праз участкi Скоцi i Iндзейца Боба, сказаў Мэрэй. - Калi нацянькi, то давядзецца доўга iсцi па адкрытай мясцовасцi. А што? Хiба ты збiраешся раз на тыдзень хадзiць туды?
- Не, проста так. Забаўляўся, - сказаў Рой, ведаючы, што Мэрэй не ацэнiць яго планы ператварыць краiну Срэбных Даляраў у арганiзаваную сiстэму ўчасткаў для ўзаконенага палявання. Наадварот, Мэрэй мог быць нават супраць такiх планаў, бо зараз увесь гэты край пэўным чынам належаў яму, i не толькi згодна з яго ўласным уяўленнем, але i ў вачах Роя i нават Зела Сен-Клэра, Мэрэй знаходзiўся ў гэтай краiне як неад'емная яе частка, i для Мэрэя не iснавала нi Сент-Элена, нi iнспектараў, нi наогул чалавечых законаў.