Выбрать главу

- Ну што ж ты, снег! - сказаў ён, на iмгненне падымаючы ў неба натруджаную лямкамi галаву.

Але ў небе не было нi хмурынкi, i Рой уключыў i надвор'е ў пералiк сваiх ворагаў, пагарджаючы i ясным небам i застылай марознай бесклапотнасцю.

Рой нi разу не прыпынiўся, не азiрнуўся. Ён узяў на ўлiк паток свайго часу. Каб не паддацца нi на крок сваiм праследвальнiкам, яму трэба было выцiснуць з кожнай хвiлiны ўсю прастору, што ўкладвалася ў яе, кожны крок, цвёрды снег, строга разлiчаны ашаламляльны спуск па крутым схiле. Нiхто не дагнаў бы яго адзiн, i ён хацеў скарыстаць гэтую адзiную сваю перавагу як адзiны шанц на выратаванне. Да высокага водападзельнага хрыбта памiж возерам Фей i Сярэбранай рэчкай ён яшчэ цешыў сябе спадзяваннем, што абодва патрулi не заўважылi яго слядоў i, магчыма, зусiм за iм не гоняцца. Але тыя некалькi хвiлiн, якiя ён прабыў на грэбенi, каб аддыхацца i агледзецца, паказалi, што ягоны след выяўлены i пагоня пачалася.

Ён ведаў i яшчэ адну iхнюю перавагу. У iх былi палявыя бiноклi, а яму даводзiлася напружваць зрок на неадольныя для вока дыстанцыi, i не толькi каб знайсцi iх, але i каб яшчэ раз праверыць, цi гонiцца за iм яго прыяцель i непрыяцель-iнспектар, цi гэта толькi выпадковае падабенства. I зноў ён не мог вырашыць дакладна, i зноў iшоў наперад, прыгнечаны гэтай нявысветленасцю становiшча. Калi сярод iх не было iнспектара - гэта была проста адчайная гонка з прадстаўнiкамi закону. Але калi гэта быў сапраўдны iнспектар з Сент-Элена тады Рой супернiчаў не толькi з законам. Гэта была адкрытая сутычка з адзiнай сiлай, якая магла адабраць у яго ўсё - не толькi па закону, але i як стаўку дваццацiгадовай барацьбы, з якой Рой да гэтага часу выходзiў пераможцам. "Калi гэта скончыцца?" - пытаўся Рой сам у сябе. Ён толькi што пазбавiўся такой жа небяспекi ў заказнiку, а зараз аказалася, што ён мусiў весцi новую барацьбу ўсё ў той жа вайне. Калi гэта скончыцца? Тады, калi ён вернецца? Калi схаваецца ў сваёй паляўнiчай хацiне альбо дома ў Сент-Элене? Цi там усё пачнецца спачатку? Няўжо Эндзi, у рэшце рэшт, пераможа яго? Яго розум працаваў гэтак жа хутка, як i яго кароткiя дужыя ногi, якiя рабiлi адзiн цяжкi крок за другiм i перасоўвалiся наперад, але без нейкай пэўнай канчатковай мэты.

- Дзе ж ты, снег, дзе ты, палярная завiруха? - шаптаў ён.

Але надвор'е было па-ранейшаму яснае, i адвячоркам ён ужо ведаў, што яны iдуць па яго следзе. Але ён быў занадта знясiлены, каб хавацца, i лёг у сваiм спальнiку на першым жа свабодным ад снегу месцы сярод скал. Ён прагна з'еў халоднага гарошку проста з бляшанкi i запiў яго зялёнай гарохавай вадкасцю. Усю правiзiю ён упакаваў у мех зверху, але частка яе правалiлася на дно, i зараз ён паспрабаваў прыкiнуць, як доўга хопiць яму ежы.

Пры велiзарнай эканомii - днi на тры, вырашыў ён. Тры днi велiзарнай эканомii, i пастаянны голад.

Яшчэ не свiтала, а ён ужо быў у дарозе i да поўдня пераправiўся цераз Сярэбраную рэчку. Двойчы ён бачыў за сабой людзей, але яны былi далёка i адставалi ўсё больш. За ноч iхняя перавага знiкла, бо з надыходам цемры iм, як i яму, давялося спынiцца. Акрамя таго, яны не маглi iсцi нацянькi, бо не ведалi, куды скiруе Рой, а таму не маглi нi разлiчыць, нi прадбачыць яго маршрут. Iм проста даводзiлася iсцi па яго слядах i, магчыма, чакаць самалёта.

Неба магло прынесцi Рою i вялiкую небяспеку i вялiкую палёгку, i ён няспынна сачыў за iм. Па-першае, у прадбачаннi самалёта, якi мог выявiць яго i адразу загубiць. Па-другое, у спадзяваннi на снег, якi прыкрыў бы яго сляды i даў бы яму магчымасць звярнуць на поўдзень i дабрацца дадому. Пакуль не пачаўся снегапад, ён не мог паварочваць на поўдзень i тым самым адкрыць iм сваю канчатковую мэту. Яму даводзiлася арыентавацца на захад, на захад ад Сярэбранай рэчкi, нават на паўночны захад ад яе; даючы такога кругаля, ён спадзяваўся пераканаць праследвальнiкаў, што хоча дабрацца да стаянак лесарубаў, якiя былi раскiданы ў раёне лесараспрацовак на паўночным захадзе адсюль, у суседняй акрузе.

Пераправiўшыся цераз Сярэбраную рэчку, ён пакiнуў межы заказнiка, але гэта не ратавала яго ад небяспекi. Нават болей - гэта стварала дадатковую небяспеку: зараз ён знаходзiўся ў зусiм невядомай яму краiне сярод хрыбтоў i гор, нiзiн i лясных масiваў, дзе нiколi не быў. Трымаць правiльны накiрунак зараз яму дапамагаў толькi маленькi компас у пятлiцы, а арыентавацца - толькi ўласнае адчуванне мясцовасцi. Уся надзея была на тое, што калi яны ведалi гэты край i звыклыя маршруты, дык Рой разумеў мясцовасць. Ён разумеў яе, як чалавек, якi ўсё жыццё назапашваў выпадковыя назiраннi над няроўнасцю зямной кары. Мiмаходзь азiраючыся па баках, ён мог уявiць сабе, якiя пад'ёмы i спускi чакаюць яго наперадзе, на яшчэ невядомых яму ўчастках. Ён мог здагадацца пра характар схiлаў i хрыбтоў i нечаканых глыбокiх нiзiн, i на гэта накладваўся дзiўны малюнак зямлi пад зямлёй, уяўленне пра дзiкую сiлу, схаваную пад гэтымi гранiтнымi схiламi, пра пакуты i сутаргi, у якiх нараджалася гэтая краiна i якiя, наколькi ўяўляў сабе Рой, яшчэ могуць паўтарыцца i перарадзiць яе. Дзiўная гэта была часам краiна, снегавы ложак заснулых велiканаў, краiна, якой Рой гатовы быў захапляцца, пакуль яна не выступiць супраць яго.

Ён адхiлiўся далёка, надта далёка на захад i вырашыў рызыкнуць i папаляваць. Яму патрэбна была ежа, бо прыпасаў засталося толькi на два днi. Праследвальнiкi ўсё адно ведалi, дзе яго шукаць. Гук стрэлу iм не дапаможа i не прыспешыць iх. Рой застрэлiў двух зайцаў i курапатку i вечарам, пад прыкрыццём вялiкай сасны, распалiў касцёр. Ён падсмажыў усю здабычу, з'еў колькi здолеў, а рэшткi схаваў на заўтра. Затым растапiў крыху снегу ў кацялку i заварыў гарбату. Падмацаваўшыся, ён быў гатовы да выпрабаванняў наступнага дня.

А снегу ўсё не было.

Рою здавалася, што ўся прырода супраць яго. Ён ведаў, што далей на захад iсцi нельга, адтуль яму ўжо не прабiцца да сваёй хацiны, бо праследвальнiкi будуць i спераду i ззаду. Ён вышукваў на хрыбце аголеныя схiлы, дзе б згубiлiся яго сляды, дзе ён мог бы павярнуць на поўдзень; але ветру не было, каб сагнаць снег з хрыбтоў, i сама большае, што ён мог зрабiць, - гэта цягнуць за сабой пiхтавую галiнку, каб хоць крыху загладзiць сляды.

Ён спрабаваў i iншыя хiтрыкi, хоць яны i забiралi ягоны час: напрыклад, iсцi ўлукаткi, а затым старанна загладжваць сляды метраў на пяцьдзесят. Ён ахвяраваў на гэтыя хiтрыкi каштоўны час, але ў сваiм адчайным iмкненнi адарвацца ад пагонi хапаўся за любыя сродкi.