Выбрать главу

— Хацеў бы я, сынок, з’ездзіць у Лабанаўку. Паглядзець, што там робіцца, — цяжка, перарывіста дыхаючы, сказаў бацька.

— Канечне, з’ездзім. Вось агледжуся там. Асвойтаюся. І з’ездзім. Абавязкова.

Бацька, які меў за плячыма восемдзесят з гакам і два інфаркты, задаволена хітаў сівою, некалі смаляна-чорнаю кучараваю галавою.

Георгій Акапян  прыехаў будаваць цэментны завод на пачатку 1985-га. У яго пацямнелай з гадамі чупрыне праблісквалі рэдкія ніткі сівізны, як восеньскія павуцінкі, што сведчаць аб надыходзе бабінага лета. А тут яны казалі пра іншае: надыходзіць ранняя мужчынская восень, бо іхняму гаспадару няма яшчэ і паўсотні. Завод ужо будаваўся больш як пяць гадоў. Вялізныя жалезабетонныя карабкі будучых вытворчых цэхаў уражвалі. Але саміх будаўнікоў гэта не радавала, бо шмат хто з іх не меў жытла. З будаўніцтва кватэр і пачаў сваю дзейнасць Акапян. Разумеў:  прыстойнай кватэраю можна, нібы пернікам, прывабіць сюды маладога таленавітага спецыяліста. Во дзе спатрэбіліся Георгію Акапяну ягоны вопыт, настойлівасць, генетычная ўсходняя мудрасць, змешаная з хітрасцю. Дамы пачалі ўздымацца ўгару, як грыбы пасля дажджу. Неўзабаве зазвінелі песні навасёлаў. І тут выбухнуў Чарнобыль. Праз нейкі час пачалі адсяляць навакольныя вёскі. Спецыялісты з малымі дзецьмі кідалі ўтульныя кватэры, грашавітыя пасады і ўцякалі хто куды. Праўда, мясцовыя сталыя кадры заставаліся.

Марудна, са скрыпам, нібы нямазаныя калёсы па жвіры, рухалася будоўля. І чым бліжэй да фінішу, тым цяжэйшы быў рух. Усё часцей падводзілі  пастаўшчыкі — то расійскія, то ўкраінскія. Акапян слаў тэлеграмы, званіў ва ўсе канцы. У Маскве ад яго адмахваліся, як ад надакучлівага камара, у Мінску слухалі, абяцалі, але слова не трымалі, абяцанні не выконвалі. Часам Георгію Акапяну здавалася, што ніхто з чыноўнікаў нічога не робіць — усе глядзяць па тэлевізары паседжэнні Вярхоўнага Савета СССР. Гэта было штодзённае відовішча, ці як казаў Акапян са злосцю: “Нуй, спектакль! Цырк на дроце”.

Дэпутаты  навыперадкі рваліся да мікрафона, як згаладалы да хлеба, каб засвяціцца, каб іх убачылі, а што яны скажуць, якія законы прапануюць — не так важна. І ўсе нязгодныя — як агонь з вадою,—  крычалі, спрачаліся, гатовыя счапіцца загрудкі. Але былі прамовы, якія Акапян прымаў душою і сэрцам, а бацьку яны  дужа не падабаліся. Неяк выступаў маскоўскі прафесар і заявіў, што народ вышэй за  партыю, канстытуцыя вышэй за партыйны статут. Зала сустрэла гэтыя словы авацыяй. Гатовы быў апладзіраваць і сын былога першага сакратара райкама Георгій Акапян.

Аднойчы ўвечары патэлефанаваў бацька, раззлаваны на дэпутатаў:

— Што яны робяць? Яны разгойдваюць лодку. Разваляць краіну. Усіх патопяць.

— Не перажывай, бацька. Дэпутаты кажуць праўду. Вакол бардзель. Ніхто нічога не робіць. Трэба наводзіць парадак. Іначай — труба!

— Дык жа не з шальмавання камуністаў трэба пачынаць, — задыхаючыся, даводзіў бацька.

— Бацька, партыя ўжо не тая. Адарвалася ад народа. Страціла аўтарытэт і павагу...

— Сынок, і ты мяне топіш. Кідаеш, нібы шчанюка ў ваду...

У трубцы пачуліся  кароткія гудкі: не развітаўшыся, стары Акапян спыніў размову. А ўранні патэлефанавала маці, спалоханая, усхваляваная: “Юрачка, у бацькі інфаркт. “Хуткая” забрала ў бальніцу. Прыедзь...” “У мяне зараз планёрка. Пазваню праз паўгадзіны”.

А планёрка зацягнулася. Акапян  сядзеў, як на гарачым вуголлі, нервы гарэлі, у галаве білася думка: “Як там бацька?” А тут счапіўся ягоны намеснік з галоўным інжынерам, пачалі высвятляць адносіны — хто з іх болей вінаваты ў тым, што зрываецца пуск завода. Акапян сядзеў, чуў, як у самога смыліць сэрца, цісне за грудзінаю. Ледзьве давёў планёрку да канца. Хацеў паўшчуваць намесніка, але часу на гэта не было. Дый  што ўшчуваць, калі ўся краіна засядае, усе вакол крычаць і сварацца, у  чэргах,  на сходах, асабліва дыскутуюць у лазні, бо там усе голыя: не відаць ні пагонаў, ні ардэноў, ні іншых рэгалій.

Акапян імчаў у Магілёў. У дарозе вадзіцель уключыў радыё: у Маскве працягваўся з’езд народных дэпутатаў. Акапян ужо быў задрамаў, бо ноччу спаў кепска, як раптам пачуў выступ вядомага навукоўца, спецыяліста па ахове прыроды: “Партия должна срочно позеленеть…”