Выбрать главу

Увечары я адсунуў убок дурацкі рукапіс і ўзяўся чытаць Мантэня.  Перачытваў і дзівіўся. Артыкул называпецца (па-руску) “О стихах Вергилия”, а ў ім усё пра каханне. Не ўтрымаўся — зрабіў пару выпісак: “В чем повинен перед людьми половой акт — столь естественный, столь насущный и столь оправданный, — что  все как один не решаются говорить о нем без краски стыда на лице и не позволяют себе затрагивать эту тему в серьезной и благопристойной беседе?” А далей яшчэ мацней: “Всякое побуждение в нашем мире направлено только к спариванию и только в нем находит себе оправдание: этим влечением пронизано решительно всё, это средоточие, вокру которого всё вращается”.  Вось так! Брава, Мішэль! Міжволі ўзнікла грэшная думка: Зорнае  неба паварочваецца вакол Палярнай зоркі,  а на Зямлі, між людзей, усё круціцца вакол мужчынскага дзетароднага члена. Карацей. засеедзеўся позна, Ева клікала  ў спальню, не дачакалася. Заснула без любові . А я сябе  паўшчуваў: ноччу не чытаннем трэба займацца. Як пісаў расійскі паэт: “ночь дана для любовных утех”. Усё гэта добра, але дзе знайсці для гэтага сілы?

Вось таму і не выспаўся сёння.  З  кепскім настроем пабег уранні на зарадку. Але свежы снег, лёгкі марозік  -3 градусы, сцішаны лес за кальцавою дарогаю  ўзрадавалі. Яшчэ раз пераканаўся: хочаш мець радасць ад жцця — не лянуйся. Усё ў тваіх руках. Таму апускаць рукі ніяк нельга!

22 снежня. Нядзеля.  Дзень зімовага сонцаварота. І дзянёк выдаўся цудоўны: ціха, сежы мяккі снег. Чыстае неба і зыркае сонца. Уранні збегаў у лес, са смакам зрабіў зарадку. І спаў сёння лепей - Ева памагла заснуць. Меў рацыю філосаф: без жанчын гэтак жа цяжка абыходзіцца, як і жыцт з імі.

У які цікавы, і адначасова — жахлівы час мы жывем! Рухнула вялікая імперыя. Праўда, адзінаццаць незалежных дзяржаў (незалежная дзяржава — нонсенс) падпісалі ў Алма-Аце пагадненне. Мяркую, далучыцца і Грузія. А можа. і прыбалты? Наўрад, яны вырваліся на волю, быццам птушкі з клеткі.

Дык вось. Пачаў з сонцавароту, а зноў пацягнула на палітыку. Цяпер палітыкай наскрозь прасякнута ўсё жыццё. Размовы пра палітыку у чарзе, у трамваі, у лазні, у ложку. У прыродзе сонца павярнула на вясну, а ці да лепшага змены на свеце? Тое, што Белраусь стала суверэннай, незалежнай дзяржавай, гэта здорава. Але ці зможа наш урад, наша зрусіфікаваная эліта зберагчы свабоду і незалежнасць — дарунак Бога і гістарычных абставін?!

Цікавыя падзеі чакаюць нас наперадзе. Хутчэй бы прыехаў Андрэй, карціць даўно абмеркаваць з ім сучаснае становішча і то — “что день грядудущий нам готовит?”

Унук расце. Сёння па абедзе гуляў з ім гадзіны тры. Міжволі думаеш, у якой краіне давядзецца жыць дзецям і ўнукам?

26 снежня. Чацвер. Напрыканцы дня разам з рэдактарам шматтыражкі ўдалосЯ прабіцца да генеральнага дырэктара трактарнага завода. Увайшлі ў  прыёмную ўдвух, сакратарка падхапілася: “Хто з вамі?” — пытаецца ў рэдактара. “Гэта журналіст. З генеральным дамоўлена”. — “Я вам тэлефанаваў не раз. Мы даўно знаёмыя”,— я  назваў сябе.. Тады яна   заўсміхалася, усмешка ў яе штучная, нібы маску нацягнула, але сказала дужа ветліва: “Калі ласка, заходзьце”.

У вялізным, яркаасветленым кабінеце сядзеў  смуглявы, малажавы чалавек. Я ведаў, што яму за шэсцьдзесят, але выглядаў ён на сорак пяць. Значыць, увмее жыць і працаваць. Ён хуценька прачытаў ліст, падпісаны Клімчуком, пакруціў у пальцах тоўстую чорную ручку, потым буйным почыркам рашуча накрэмзаў: аформіць мотаблок.

— Няхай ваш дачны ўчастак будзе нашым дадатковым выпрабавальным полем. Раз вы аграном, вам сам Бог вялеў праводзіць доследы.

— Згодзен. Пра вынікі напішу.