Выбрать главу

30 снежня. Мінск. Лідэры адзінаццаці краін у Доме знешнеэканамічных сувязяў пачалі перамовы аб умацаванні СНД.

ХІХ

Марына Сахута не любіла святочныя дні. Нават у юнацтве рэдка хадзіла на вечарынкі — не было калі: старэйшая ў вялікай сям'і, першая памочніца бацькоў. А потым вайна — таксама было не да скокаў, хавалася ад немцаў, каб не пагналі ў Нямеччыну. Пасля вайны плаціла за бацькоў падаткі, страхоўку, пазыку, набывала малодшым братам падручнікі, штаны, гумовікі на ногі. На святы  яна прасіла галоўнага ўрача. каб паставілі дзяжурыць яе: аплата двайная і занятак ёсць, не трэба ламаць галаву, як правесці доўгія  святочныя дні.  

Затое цяпер ёй так хацелася спяваць песні, скакаць, прымаць гасцей,  і яшчэ было даўняе жаданне, яшчэ з самага маленства — хоць раэ наесціся уахвотку марожанага. Неяк яна сказала пра гэта Бравусаву, той здзівіўся6

— Ты што, здзяцінела?

Марына пакрыўдзілася, ледзь не заплакала. Бравусаў датумкаў, што да чаго, прасіў прабачэння:

— Мілая мая, Марынка, не крыўдуй. Хвакцічаскі, ета ўсё правільна. Ты ж ніколі не нацешылася етым марозівам. Адно бачыла, як іншыя ласуюцца. І пра танцы ты неяк прагаварылася.. А я тады — кусь сябе  за язык: мы ж з табой,  хвакцічаскі, ні разу не скакалі ў клубе. Ну, каб на вечарынцы. І не чуў я раней, каб ты песню якую заспявала.

— Валодзечка, я ж і пець не ўмела. Чула, як матка спявала. Але ейныя песні забыліся. Цяпер вучуся ад радыё. Слухаю і ўслед паўтараю.

Бравусаў зразумеў, чаму некалі на юбілеі Івана Сырадоева яна падбухторвала суседак:

— Жанчынкі, дос вам есць і піць. Давайце якую песню…

— Ну, дык пачынай, — загамнілі кабеты.

Але пачаць Марына не адважылася. Знпйшліся смялейшыя. А яна ахвотна падцягвала. Падпяваў, размахваючы відэльцам, нібы дырыжор, і Бравусаў. Ён любаваўся Марынай і яго душа спявала. А Марына расчырванелася, сінія вочы, бы валошкі ў жыце, свяціліся  ад радасці. Як позняя кветка перад маразамі, расцвіла жанчына на схіле гаротнага, самотнага жыцця.

Марына часта спявала пад радыё, а іншы раз на двары мармытала сабе пад нос нейкую песеньку, бывала, што і кружылася пад музыку ў танцы, адна, калі  Бравусава не было ў хаце. У яе выспела вялікае жаданне: кожны дзень рабіць святам,  радавацца кожнаму імгненню жыцця.  У  яе было такое адчванне, нібы яна другі раз нарадзілася на свет. Сарамлівасць не дазваляла ёй раскрыцца перад мужам, але ён паступова пачаў разумець сваю другую жонку, і як мог, як умеў спрыяў ейнаму настрою на радасць.

— Хвакцічаскі, Марынка, ета правільна, — паўтараў ён любімае выслоўе: — З радасцю  мы перажывем  радыяцыю. А калі будзем хныкаць. Ды плакаць. То яна даканае нас.

Бравусаў радаваўся, што яшчэ можа прылашчыць жонку, што з ёй, з Марынай, зведаў нязнаную раней асалоду ад блізкасці з любімай жанчынай. А колькі ў яе было ласкі і пяшчоты! Пасля лазні Марына гатова была цалаваць мужа ўсяго з галавы да ног. І ён толькі на згоне жыцця зведаў, што такое мужчынскі аргазм: раней ён лічыў, што гэтае пачуццё могуць реражываць адно жанчыны,  дый то вельмі рэдка.

Уранні, пасля ночы кахання, Марына аж свяцілася ад радасці, пякла  дранікі, Бравусаў даставаў пляшку тапалёўкі — дзесьці вычыта, што вельмі карысная настойка гарэлкі на таполевых почках. Выпівала з дзесятак кропель і Марына, а гаспадар куляў поўную чарку, з асалодаю паўтараў словы Якуба Коласа:

— А нашча чарачку кульнуць, усё адно, што ў рай зірнуць…

Марына не пярэчыла, але сама поўнай чаркі не выпівала ніколі, ні ў якім застоллі. Ушчувала і Бравусава, бо той у кампаніі часцяком перабіраў норму.

— Калі будзеш куляць па поўнай  чарцы, той жонка табе неўзабаве не спатрэбіцца. Як і палова падушкі. Будзеш спаць адзін. А як палову чаркі кульнеш.  дык і на жонку не забудзешся.

Бравусаву  жончыны ўшчуванні былі , як мёдам па душы: значыць, яна хоча  спаць з ім,  дзяліць падушку напал. І ён пачаў стрымліваць сябе ў застоллі, болей налягаў на закусь, чымся на пітво. Жанкі пачалі ставіць яго ў прыклад сваім мужыкам-выпівохам, якія не ведаюць ніякай меры, гатовы заліцца гарэлкаю.

Марына апошнім часам упадабала адзначаць Новы год. Усёй душой ёй хацелася верыць праўдзівасці народнай прыкметы: калі весела сустрэнеш Новы год, дык увесь год будзе вясёлы і шчаслівы. Таму яна рыхтавалася да навагодняга свята з вялікім хваляваннем. У райцэнтры накупляла цацак, рознакаляровых шарыкаў, зайцоў, птушак. Зноў жа адной з прычын гэтага было тое, што ў дзяцінстве пра святочную елку-прыгажуню Марынка Сахута магла толькі марыць. І вось цяпер яе мара збылася. Але пад елку не магла яна класці падарункі для сваіх дзяцей, унукаў, — бо не мела іх. Гэта была яе незагойная рана, якая смылела заўсёды, адно прыціхла ў апошнія гады: радасць кахання прыглушыла застарэлы боль адзіноты.