Выбрать главу

Моцна ўзрушылі Марыну гібель Сырадоева, самагубства Косці Вароніна, таму гэты Новы год ёй хацелася сустрэць асабліва ўрачыста, каб у наступным годзе нічога падобнага перажыць не давялося. Вядома ж, яна сказала пра сваё жаданне мужу.

— Хвакцічаскі, ета правільна. Новы год варта сустракаць па-людску, весела. Невядома, колькі іх засталося ў нашым чысленніку, — міжволі ўздыхнуў Бравусаў. — Можа, запросім Мамуту з Юзяй? Ці, можа, да сына ў Белую Гару пойдзем. Уранні вернемся. Прагуляемся троху.

— У сына, пэўна, будзе свая кампанія. Маладыя, усе граматныя. Сучасныя. А мы з табой ужо старыя. Можа, я пагавару з Юзяй? Ці мы да іх, ці яны да нас.

— Добра. Запрашай іх. А калі яны захочуць, каб мы прыйшлі, то сходзім. Мы ўсё-ткі маладзейшыя. Кабанчыка заколем. А другога пазней. Праз пару месяцаў. Пеўніка засяку. А то яны б’юцца. Не падзеляць чубатак, — рагатнуў Бравусаў.

Апошнім часам Марына пасябравала з Юзяй і цяпер зразумела, што ў яе няма сябровак. Яны ўсе павыходзілі замуж, параз’ехаліся, разляцеліся па свеце, адзінае ў яе было апірышча — бацькі і браты. Бацькоў ужо няма, брат застаўся адзін, ды і той далёка. Марына неадкладна правяла перамовы. Юзя з радасцю адгукнулася на прапанову — сустрэць Новы год разам, але запрасіла суседзяў да сябе.

Бравусаў, пачуўшы пра гэта, задаволена ўсміхнуўся:

— Ну што?! Хвакцічаскі, усё так, як я  і прадбачыў.

— Ты ж у мяне мудры, — ласкава пацалавала Марына мужа, радасная ад прадчування свята.

Пасля візіта Марыны закіпела работа ў доме Мамутаў. Юзя рыхтавалася варыць халоднае, ці, як у Хатынічах казалі, — сцюдзень. Гаспадар вырашыў схадзіць на ферму, купіць там у ларку пляшку гарэлкі, высечы невялікую елачку — лес там чысцейшы ад радыяцыі. Ларок працуе толькі да абеду, таму выбраўся ў дарогу пасля сняданку, засунуў у кішэню зялёную сетку, за пояс маленькую сякерку. Пайсці заманулася паўз Бесядзь, хоць гэты шлях даўжэйшы на добрую вярсту. Калі праз вёску будзе кіламетры са тры да фермы, то паўз ракі — чатыры з гакам.

Выбраў гэты шлях таму, што даўно не меў ладнай праходкі, усё тупаў па двары, па хаце, а хацелася падыхаць свежым марозным паветрам, мабыць, і нукліды ў замерзлай зямлі сядзяць і не рыпаюцца. Дый  снегам іх прысыпала. Праўда, снегу вобмаль, затое льга ісці куды заўгодна. Сёння можна, а заўтра ўсхопіцца завея і замяце ўсе дарогі і сцежкі. А сцежак гэтых усё меней вакол вёскі:  няма каму хадзіць  ды  ездзіць.

Гэтая балючая думка нібы апякла Мамуту, калі ішоў міма зачыненай крамы: там не было знаць ніводнага чалавечага следа. Адно збродлівыя сабакі наслядзілі. А яшчэ кальнула думка-згадка, як восенню сорак трэцяга пачаў тут навучальны год — школа стаяла побач з крамай. Працаваў разам з Ганнай Мікітаўнай, сарамлівай дзяўчынай, якая да вайны скончыла дзесяць класаў. Вучылі ў дзве змены, дзеці-пераросткі. У першым класе сядзелі поплеч каму сем гадкоў. А каму дзесяць, а то й болей. І дзятвы ж было поўна! А яшчэ развярэдзіла сэрца думка-стрэмка: пасля вайны напалову спаленыя Хатынічы адрадзіліся, новая школа васьмігодка звінела галасамі. А пасля Чарнобылю, відаць, вёска не ўваскрэсне. Калі і ажыве, то вельмі няскора. Ён, Мамута, не дачакаецца.

Выйшаў на высокі бераг Бесядзі. Краявід з гэтай гары некалі уразіў Мамуту з экрана тэлевізара — у перадачы пра родны кут Аркадзя Куляшова. І рабіў тую перадачу яго вучань Пятро Махавікоў. Настаўнік ужо ведаў, што Пятро перайшоў у выдавецтва  на пасаду галоўнага рэдактара. А другі  яго вучань Андрэй Сахута няпер галоўны ляснічы лясгаса. Мамута заўсёды радаваўся поспехамі сваіх гадаванцаў. Значыць, недарэмна еў настаўніцкі хлеб. Колькі ягоных вучняў разляцеліся па ўсяму Саюзу.

А цяпер вось і Саюза няма. Настанік-гісторык Мамута лічыў сябе патрыётам Беларусі, але незалежнасць успрыняў як нешта неабавязковае. А чым кепска было ў вялікай дзяржаве? Ну, каб трохі болей свабоды, каб сваё роднае — мова , гісторыя, песні болей шанавалася. Ён быў дзіцем Савецкага Саюза, вучыўся ў савецкай школе, у савецкім інстытуце. Слаўную гісторыю Вялікага Княства Ліоўскага ён пачаў адкрываць толькі зараз з публікацый пра “Пагоню” і бел-чыровна-белы сцяг. І часам яму рабілася сорамна: як слаба, павярхоўна  выкладаў ён гісторыю роднай Беларусі . Пра “Пагоню” раней і не гаварыў. Бо ў падручніках пра яе не было ні слова.