Мамута крочыў па ўзгор'і, і тут апрача сабачых, іншых слядоў не было. Дайшоў да кузні, узрадаваўся, нібы Рабінзон: убачыў чалавечыя сляды. Тут недалёка жыў Апанас Шкурдзюк з жонкай Палажкай. Яшчэ адна сям'я ўпартых вяскоўцаў. Апанас трымае каня, мае вялізную чараду гусей, пра нейкія там нукліды і слухаць не хочп. “Раз хверма блізка, дык мы ядзім тое, што і гараджане”. І сапраўды, лагічна. І Палажка не старэе. Увішна тэпае па гаспадарцы. Адно рот зусім бяззубы. Некалі праз яе заварылася каша са Свідэрскім, якая скончылася трагедыяй. Тады, напрадвесні 1953-га старшыні сельсавета Свідэрскаму амаль штодня тэлефанавалі з раёна, падганялі выконваць план збору падаткаў. І вось разам з фінагентам Іванам Сырадоевым, харчовым агентам Парфірам Драздовым завіталі да Шкурдзюкоў. Патрабавалі, каб здаў мяса, сплаціў нядоімку за мінулы год, хацелі забраць парсючка. Палажка кінулася не даваць, паказала старшыні “дулю”. Раз'юшаны Свідэрскі адштурхнуў Палажку, яна выцялася брывом аб калёсы, якія рамантаваў Апанас, рассекла брыво да крыві. Шкурдзюкі падалі ў суд. Начальства, якое падганяла Свідэрскага, не адважылася бараніць свайго вернага служку. Сталіна ўжо не было. Набіраў сілу іншы вецер. Яшчэ да суда Свідэрскага выключылі з партыі, ён перастаў хадзіць на працу ў сельсавет. У яго адабралі наган. Крыўда, роспач, бездапаможнасць выядалі душу. А яшчэ нянавісць аднавяскоўцаў, штодзённыя дакоры жонкі давялі да вар'яцтва — асіраціў шасцёра дзяцей. Круглых сірот узялі ў дзіцячы дом. Гэта ўжо сорак гадоў наўзабве будзе, падумаў Мамута, як ляціць час! А Свідэрскі яшчэ мог бы жыуь, дачакаўся б унукаў, праўнукаў… Мацаваў савецкую ўладу, а яна сканала, пайшла ў нябыт. Выходзіць дарэмна
чалавек вылузваўся са скуры.
Бесядзь тут вільнула далей ад вёскі, нібы хінулася да лесу. Некалі паўз берага была добра ўкатаная дарога: ішлі і ехалі людзі на паром. Даўно няма парому, зарасла й дарога. Густая, як воўна, рудаватая трава, прыцярушаная снегам, бы тырсою-пілавіннем, ляжала роўным дываном. І нідзе ніякіх слядоў.Выбліснула сонца, усё навокал заззяла чысцінёю, а кусты алешніку ля ракі зіхатлівымі срэбранымі іскрынкамі. Мамута залюбаваўся наваколлем. Адагнаў гнятлівыя згадкі пра Свідэрскага, не хацелася думаць і пра нядаўнюю трагедыю Сырадоева і Косці Вароніна. Адагнаў і спрадвечнае балючае пытанне: чаму гэтак шмат на свеце бяды?!
Каля Шамаўскага ручая Мамута трохі прыстоіў. Быццам перадыхнуў, хоць ішоў нетаропка, потым сігануў цераз ручай, які не замерз, не скарыўся марозу — вада капцілася быццам па ледзяным жолабе, — і ўзяў курс на блішчастую ваданапорную вежу. Нізкае сонца зырка асвятляла наваколле. Падалося, што сонца свеціць весялей, бо з кожным днём яно будзе падымацца вышэй і, нібы нованароджанае, усё цяплець і весялець.
Праз гадзіну Пётр Еўдакімавіч Мамута вяртаўся дамоў Ішоў праз вёчску, у адной руцэ нёс невысокую пухнаценькую елачку, у другой — зялёную сетку з пакупкамі, заказанымі Юзяй.
Пасля кароткага сонечнага дня надышоў доўгі Піліпаўскі вечар. Выскачыў марозік, адно на снег прырода паскупілася. Бравусаў, гладка паголены, з моцным водарам любімага “Шыпру”, ішоў пад ручку з Марынаю. Цішыня панавала над вёскай, лёгка парыпваў свежы снег. Уладзімір Усцінавіч быў у добрым гуморы. Радавалася і Марына, што ідзе з мужам у госці да настаўніка, вельмі паважанага і ў Хатынічах, і ва ўсім наваколлі чалавека. Цешыла думка, што, можа, з Юзяй паспяваюць, падцягнуць пасля чаркі і мужчыны.. І будзе на душы весела і ўтульна. Хай слухаюць праклятыя нукліды спевы апошніх жыхароў.
У Мамутавай хаце было цёпла, пахла хвояй, смалой-жывіцай, смажанінай, грыбамі, яшчэ нечым смачным і таемным. Пасля дзесяці гадзін селі за стол. Выпілі па чарцы за год мінулы.
— Каб яе чорт убрыкнуў, гэтую Казу! — бязгучна засмяяўся Бравусаў. — Хвакцічаскі, колькі чаго яна нарабіла!
— Нашы нашчадкі ацэняць, што добра, а што блага, — пачаў гаспадар, але раптам крута павярнуў гаворку ў іншы бок: — Юзя, нешта нашы госці нічога не ядуць. Марына Мацвееўна, пакаштуйце халадцу, — ён падчапіў лыжкаю кавалак парэзанага на кубікі халоднага і паклаў госці на талерку.
— Ой, не клапаціцеся, Еўдакімавіч! Яшчэ да Новага года болей за гадзіну. Паспеем, — адказала Марына, кранутая ўвагай настаўніка. Халадзец ёй спадабаўся, яна пахваліла Юзю.
— Калі вару халоднае, заўсёды перажываю: ці застыне? — пачала ўдзячная Юзя, але Бравусаў зноў бязгучна засмяяўся, перапыніў:
— На дварэ мароз. Дапаможа. Любы халадзец застыне.