Выбрать главу

Мамута моўчкі слухаў, думаў пра сваё, пра хуткаплыннасць часу, пра тое, колькі яму яшчэ давядзецца сустракаць Новы год. Міжволі ўзгадаў сваю Тацяну. Ён ціха падняўся з чаркай. Застолле адразу супакоілася, заціхла ў чаканні.

— Для таго каб успомніць родных, блізкіх, ёсць іншыя дні. Гэта і Радаўніца, і Дзяды восеньскія, — ён захваляваўся, у горле нібы засеў камяк. — Давайце памянём спачылых. Тых, каго няма сянні з намі. Маю Тацяну, з якой пражылі амаль пяцьдзесят гадоў. Хай ёй будзе пухам зямля...

Падняўся і Бравусаў, услед за ім — Марына і Юзя. Мамута згледзеў, што Юзін твар спахмурнеў, але не ад  шкадавання ягонай першай жонкі, хутчэй гэта незадаволенасць: гаспадар зноў намякае, што яны будуюць шчасце на чужым горы. Мамута гэта адчуў і таму сказаў:

— Дарагая  Юзя, і ты, Марына, не палічыце гэта за нетактоўнасць. Ці некарэктнасць... Юзі я вельмі ўдзячны. Кінуць сталіцу і перабрацца ў зону, на гэта здольны рэдка хто.

— Чаму? Вунь Марынін брат працуе ў зоне. А ў сталіцы быў вялікім начальнікам. Любоў, дарагі мой Пеця, вырашае ўсе праблемы, — заўсміхалася павесялелая Юзя.

Моўчкі выпілі, у цішыні закусвалі. Мамута разумеў, што сумны настрой не пасуе навагодняй вячэры, таму сам пачаў весяліць гасцей:

— Вось Юзя кажа, што ўсё вырашае любоў, каханне. Адзін выкладчык спытаў у  студэнткі: “Як будзе будучы час ад дзеяслова кахаць?” — “Выйду замуж”, — не  разгубілася дзяўчына.

Гаспадара ахвотна падтрымаў Бравусаў. Бачыў нядаўна калегу, участковага, той расказаў жарт. Размаўляюць два сябры: “Ты чуў? Ваня ажаніўся з Маняй! — “Няўжо! І як яны жывуць?” — “Выдатна! Як галубкі”. — “Як гэта?” — “А так: то ён праз акно вылятае, то яна...”

Усе зарагаталі, асабліва Юзя. Яна ж і падхапіла эстафету:

— Прыбягае Пятачок да Віні-Пуха: “Вінні, Вінні! Нам прыйшла пасылка з Афрыкі. У ёй дзесяць апельсінаў. Табе сем і мне сем”. — “Як так? Іх жа ўсяго дзесяць!” — здзіўляецца Вінні. — “Мяне гэта не турбуе. Я сваіх сем ужо з’еў”, — дадала праз смех: — Ешце, госцікі. Закусвайце. Усцінавіч, пакаштуйце грыбочкаў. Ездзілі з Пятром ажно пад Бялынкавічы. У чыстую зону.

Бравусаў ахвотна чарпануў лыжкай салёных грыбоў сабе, потым паклаў і Марыне. Але тая не спяшалася есці: разумела, што і ёй трэба нешта расказаць смешнае. Анекдотаў яна не запамінала, раней і слухаць іх не любіла, ды і ў кампаніі бывала рэдка. І ўсё ж адзін жарт прыгадала:

— Пасля вайны я доўга працавала ў бальніцы ў Саковічах. Прыходзіць аднойчы хворы дзядок. Заняў чаргу да рэгістратаркі. Гучна кашляе. Медсястра дала ўсім градуснікі, каб памераць тэмпературу. Выйшла іх забіраць, а дзядка няма. Праз тыдзень прыходзіць, вяртае градуснік: “От жа дзякуй вам! Сам паздаравеў. Жонку вылечыў і суседку”.

Жарт спадабаўся, усе дружна зарагаталі, асабліва Бравусаў, бо нешта смешнае чуў ад Марыны ўпершыню.

Забрынькаў тэлефон. Апарат стаяў недалёка ад гаспадара і той лёгка дацягнуўся да яго. Тэлефанавала дачка з Магілёва, павіншавала з Новым годам, узрадавалася, што ў бацькі госці. А потым пазваніў з Мінска Пётр, сын Юзі і Мамуты, адно прозвішча ў яго айчымава. Ён гаварыў з бацькам, потым з маці. Юзя ўвачавідкі расцвіла, слухаючы сына. Асабліва ёй пазайздросціла Марына: шчаслівая, мае дзяцей ад першага мужа, ёсць агульны сын з Мамутам, хай сабе і пазашлюбны. Ён штолета прыязджае ў Хатынічы, высокі малады падпалкоўнік. Іншыя Мамутавы дзеці пасля смерці Тацяны прыязджаюць радзей.

Стрэлкі гадзінніка няўхільна набліжаліся да дванаццаці. Юзя павялічыла гучнасць тэлевізара. Бравусаў сціснуў за горлечка бутэльку шампанскага, нібы гранату, якую збіраўся шпурнуць у варожы ДЗОТ.  Ігрыстага віна  купіла Марына месяц таму, ведаючы, што напрыканцы года яго не возьмеш. А якое ж навагодняе свята без шампанскага? Хай сабе жывем у зоне, але хочацца, каб усё было, як у людзей.

Тым часам на экране з'явіўся чалавек з мяккай усмешкай, на роднай мове павіншаваў люд беларускі з Новым годам.

— Нарэшце ў нас кіраўнік, які гаворыць па-чалавечы, — адзначыла Юзя. — Прыемна слухаць.

Затым на экране паявіўся вершнік: імчала старадаўняя “Пагоня”. Над коннікам трапятаўся бел-чырвона-белы сцяг.

— Ну, людцы добрыя, з Новым годам вас! — Мамута тройчы пацалаваў

Юзю, затым Марыну. Гэтак жа тройчы  пацалаваўся з  Бравусавым.

Шампанскае пенілася  ў фужэрах. У залацістым напоі ўспыхвалі дробныя зваблівыя пухіры. Марына піла маленькімі глыткамі, адчуваючы нязведаную раней асалоду. Шампанскае яна ўпадабала, калі пачала жыць з Бравусавым. Раней яно здавалася ёй кіслым і рэзкім, так і карцела сыпануць у фужэр цукру. Сухое яна не любіла і зараз, а вось паўсалодкае падабалася. Менаміта гэткага віна яна і купіла.