Юзя пераключыла тэлевізар на маскоўскую праграму. Там спявала славутая эстрадная дзіва ў мініспаднічцы, але паслухаць яе не ўдалося — зноў азваўся тэлефон. Юзя прыцішыла гук. Марына адразу здагадалася, што тэлефануе з Мінска аднавясковец Пятро Махавікоў, мільганула думка: вось каб Андрэй здагадаўся пазваніць, і яна не паверыла сваім вушам — Пятро тэлефануе ад Сахутаў, яны разам сустракаюць Новы год.
— Мацвееўна, пагаварыце з братам— Мамута перадаў ёй трубку.
“Божа, як у казцы. Толькі падумала, каб пазваніў брат, і маё жаданне збылося”. Яна слухала братава віншаванне і радавалася, што ў яго ўсё добра, а то перажывала апошнім часам: хіба гэта па-людску — Андрэй тут адзін, а жонка ў горадзе адна. Андрэй перадаў усім віншаванні, пажаданне шчасця і моцнага здароўя.
— Вось за ета, хвакцічаскі, можна выпіць Еўдакімавіч, давай мы беленькай. А жанчынкам хай віно. Мы, хвакчіаскі, як у сталіцы жывем. П'ем шампанскае, бачым усё, што ў Мінску і ў Маскве дзеецца. І жонкі нашы побач. І не бярэ нас ні храна радыяцыя.
— Так ужо й не бярэ? — гарэзліва зірнула на госця Юзя, але перахапіла незадаволены пагляд мужа, дадала сур'ёзна: — Давайце вып'ем за ншых мінчукоў. Хай ім добра жывецца насуперак рынку і ўсялякаму безгалоўю. А мы тут будзем жыць і радавацца на зло радыяцыі . Каб яна і праўда не чапала нас.
— Малайчына, Юзя! Але чаму толькі за мінчукоў? А за мугулёўцаў? — падняўся расчырванелы Бравусаў.— За нашых дзяцей, хвакцічаскі, і за ўнукаў, — і асушыў поўную чарку.
Узрадаваны, што яго памятаюць не толькі родныя дзеці, а й былыя вучні, выпіў да дна і Мамута. Адчуў неўзабаве, як зашумела ў скронях кроў, а ўнутры разлілася прыемная цеплыня.
Потым яны спявалі песні, танцавалі, зноў пілі за здароўе і шчасце ў Новым годзе, за любоў насуперак Чарнобылю.
— Вып'ем, каб у нас , пенсіянераў, кожны дзень балела нешта іншае. Тады чалавек, хвакцічаскі, здаровы. А каб саўсім нічога не балела, трэба часцей займацца любоўю, — блазнаваў Бравусаў.
Мамута бачыў, што Юзіны вочы ўсё мацней разгараюцца сінім бляскам. “Нуй што? Хай сабе весяліцца. Колькі таго жыцця?” — суцяшаў ён сябе, спяваў і весяліўся, як і ўсе астатнія.
Прачнуўся Мамута пад раніцу. У хаце было ціха, у акно заглядваў тонкі сярпок ветаха — месяц быў на згоне. У роце смажыла, прыўзняўся, зірнуў на Юзю і… ў яго пахаладзела ўсё ўнутры: па тонкай, амаль дзявочай шыі, круглым твары пазнаў Марыну. Чаму яна з ім? І спакойна спіць, роўна дыхае, як дома, на сваёй падушцы. Чорт ведае, што робіцца! Ён сіліўся ўзгадаць, як распранаўся, клаўся ў ложак і не мог. Успомніў, што цалаваўся, абдымаўся… Дык няўжо гэта ён з Марынай? А Юзя, значыць, спіць з Бравусавым?! Гэта яны ўсё вырабілі…
Марына заварушылася, прахапілася. Рэзка ўзнялася. Прыкрыла далонямі грудзі, потым нахілілася да яго, ціха спытала:
— Як вы чуецеся, Еўдакімавіч?
— Ой, не пытайся. У роце смажыць. Галава, як бязмен.
— Я вады прынясу. Можа, валідолу пад язык? У мяне ёсць.
— Пачакай, Марынка. Як гэта мы тут апынуліся?
— Ета ўсё мой штукар. Кажа, чытаў у газеце, што цяпер модна… Як ета ён назваў? Здаецца, свінгерства. Дзве пары ў ложку. І навыперадкі займаюцца любоўю. Шалеюць ад азарту. Бо так ужо няма цягі. Вы сказалі, што ета — свінства. Але Юзя і мой — сюды нас адправілі. Ну, што нам заставалася?
— І я. стары хрыч… не памятаю, што і як было…
— Вы яшчэ не стары, Еўдакімавіч. Вы такі ласкавы, пяшчотны. А мой заўсёды, як згаладалы, накідваецца. Як нарогам дзярэ… А з вамі так соладка…
Пачуўшы такое прызнанне, Мамута яшчэ болей здзівіўся, нават мужчынскае самалюбства варухнулася, але тут жа нібы апякла думка пра Юзю: яна з Бравусавым… Нуй кабель, еты мент! Але і Юзя — цаца добрая. Кабель не ўскочыць, калі сучка не захочыць…
І ў той жа час іншая думка білася ў галаве, як муха ў віннай пляшцы: і Юзя жыла без мужа гэтулькі гадоў. Дачку, сына іхняга гадавала адна. Не, сурова асуджаць яе не выпадала. Значыць, вінаваты сам. Каб не перапіў, прысарамаціў бы іх, да гэтага б не дайшло.
— Марына, слухай сюды. Скажы яму, ну, Бравусаву, і Юзі, што ў нас нічога не было. Не атрымалася. Яна паверыць, бо я стары ўжо…
— Добра, скажу, — ахвотна згадзілася Марына.— Я плакала, калі з вамі апынулся, а потым радавалася, — яна пяшчотна пацалавала яго.
І тады Мамута раптам успомніў усё, што м іж імі было! Яму зрабілася яшчэ болей сорамна, пайшоў на кухню, выпіў халадзёнкі, але вада сагрэлася за ноч, хоць на дварэ ціснуў марозік.Мамута пастаяў ля акна, шыбіны якога размаляваў мароз, прыслухаўся — з суседняга пакоя чуўся моцны, дружны храп. Галава закружылася, пацягнула на ваніты. Мамута намацаў пляшку гарэлкі, дрыжачаю рукою наліў чарку, кульнуў цераз сіл, укінуў у рот скрылёк агурка — і з палёгкаю ўздыхнуў. “Ну во, здаецца, душу прывязаў. Адразу палягчэла. А як забыцца на тое, што адбылося? Божа, Божа, да чаго дажыліся! Да чаго дакаціліся!”