Выбрать главу

Але нейкі іншы голас, нібы другі чалавек, які сядзеў у ім дзесьці ўнутры, пачаў супакойваць: чаго ты перажываеш? Чаго на Юзю бочкі коціш? Прыехала да цябе ў зону. Кінула сталіцу. Кватэру з цёплым клазетам. А тут свіней корміць, ходзіць у завэдзганай кухвайцы. Носіць ваду, дровы, у печы паліць, есці гатуе. Смачныя дранікі пячэ табе, старому хрычу…

Ціха рыпнулі дзверы, увайшла апранутая Марына.

— Ну як вы, Еўдакімавіч?

— Трохі ачуняў. Не ўмю пахмяляцца. Але давялося. Можа, вып'еш кроплю?

— Не магу. Шампанскае дапілі. А гарэлкі не хачу. Вады пап'ю.

— Во, кампот грушавы, —   Мамута наліў ёй і сабе кампоту.

Марына прагна асушыла кубак, апранула паліто.

— Зірну, што на дварэ дзеецца.

Яе не было доўга. Мамута ўжо ўстрывожыўся, апрануўся, узяў ліхтарык, асвяціў цыферблат ходзікаў — стрэлкі паказвалі палову сёмай. Увайшла Марына. Спытала, каторая гадзіна.

— Ну, дык ужо ранне. А на дварэ так хораша! Ціха, свежа. Марозік выскачыў ладны. І снегу падкінула. Любата!

Мамута ўзрадаваўся, што  ў Марыны палепшаў настрой. Прыгадаў, што ўчора дамовіліся стары Новы год сустракаць у Бравусавых. “Там ужо буду трымаць усё пад кантролем. Каб да еткага свінства не дапусціцца” — падумаў стары настаўнік. Але нейкі іншы чалавек, нібы шаптаў на вуха: “А чаго ты, стары хрыч, упіарешся? Бога баішся? Дык Алах дазваляе сваім вернікам мець чатыры жонкі. А султаны, багацеі  ўтрыліваць  цэлыя  гарэмы. І сумленне іх не мучае”, — “Але ж я не мусульманін, — бараніўся ад граху Мамута. — Праваслаўным такое нельга”, — “Дык ты ж атэіст! Колькі дакладаў, лекцый прачытаў супраць Бога!”

Высілкам волі Мамута адагнаў прэч грэшныя думкі, ціха прамовіў:

— Ідзі адпачні, Марына. Не будзем іх будзіць.

Гэтыя словы, сказаныя ім самім, моцна ўразілі яго: ён баіцца пабудзіць сваю законную жонку, хай сабе і другую, жонку, якая спіць з іншым мужчынам. Што робіцца на свеце! Але ўнутраны голас не здаваўся: а тыя, што займаюцца свінгерствам, ці як гэта называецца, жывць не ў зоне, а ў сталічных, культурных гарадах. Не, не толькі Чарнобыль тут вінаваты.

— Кажаш, любата на дварэ? Пайду і я. А ты прыляж, паспі. Гаспадарку даглядаць яшчэ рана.

Мамута патупаў  па двары. Свежы снег мякка рыпеў пад нагамі. Ветах нібы ўвачавідкі худзеў, рабіўся танейшым, святлейшым. А зоркі, буйныя, мігатлівыя, быццам узрадаваныя, што месяц мала замінае ім, усыпалі высокі нябесны купал. Мамута пахадзіў па вуліцы. Нідзе не было ні душы, нідзе не свяціўся аніводны агеньчык.

Вялікая ціша ўладарыла над Прыбяседдзем. Але гэтая ціша не радавала, у ёй неставала гукаў жывога жыцця.

Пахадзіўшы, падыхаўшы свежым паветрм, Мамута раптам адчуў моцнае жаданне заснуць, аж  рот  раздзірала пазяханне. Марына сцішылася на канапе, а ён кульнуўся на ложак і нібы праваліўся ў цёмную бездань — заснуў, як пшаніцу прадаўшы.

Прачнуўся Мамута, калі ў вокны свяціла нізкае зыркае сонца. Падышла Юзя, апранутая, акуратна прычасаная, нават вочы падвяла злёгку, чаго раней у вёсцы не рабіла.

— Ну, як ты сябе адчуваеш?  Моцна ты спаў. Ведама, пасля чужой кабеты. Маладзейшай, — Юзіны вочы гарэзліва зірнулі на яго, але ў паглядзе была і насцярога: што скажа муж-мараліст?

— Што мне ўжо маладзейшыя? Нічога ў нас не было. Не атрымалася. Яна сарамлівая . і я такі ж. Ды яшчэ й стары.

— І ў нас тое самае. Ты не крыўдуй. Ну, пажартавалі пад Новы год. Ды і ўсё. А сваё — яно і ёсць сваё. Блізкае, роднае, звыклае.

О, як хацелася Пятру Еўдакімавічу паверыць жонцы!

ХХ

Андрэй Сахута прыехаў у Мінск а палове дванаццатай ночы. З лёгкім чамаданчыкам выйшаў на прывакзальную плошчу. Уразіла яркае асвятленне дамоў, мноства машын, доўгі хвост чаргі на таксі. Кінуўся ў вочы вялізны плакат над фасадам дома насупраць вакзала: барадаты дзед Мароз і літары: “З Новым годам, Беларусь!” Мільганула думка: абкама няма, а наглядная агітацыя ёсць, ды на роднай мове, каб любы прыезджы адчуў, што прыехаў не абы-куды, а ў сталіцу незалежнай дзяржавы Беларусь.

А яшчэ падумалася: на ягонай вуліцы ў райцэнтры няма ніводнага ліхтара, а тут гэткая святлынь! І гаспадыня ягонай кватэры Дар’я Азарава зараз ужо спіць, бо кладзецца а дзесятай. Нават калі пакутуе ад бяссоння, дык усё роўна святла не ўключае, ляжыць, утупіўшы вочы ў цёмную столь, перабірае, нібы арэхі-лузганцы, падзеі свайго даволі доўгага жыцця.