Выбрать главу

У чаргу на таксі Андрэй не пайшоў, лепей даехаць на метро да Нямігі, а там прайсці пешкі. Каб прыехаў раней, то, мабыць, прайшоў бы пехатою да свайго дома: хацелася паглядзець на святочны горад, карцела даць ацэнку сучаснай уладзе. Міжволі прыгадаў, як у лістападзе 1961 года прыехаў з Лабанаўкі ў сталіцу — выклікалі ў ЦК камсамола на зацвярджэнне, бо яго тады абралі камсамольскім важаком раёна. Галасавала за яго на пленуме і вясковы камсорг Паліна. Ішоў тады Андрэй ад вакзала да ЦК пехатою. Была золкая, туманная раніца. У тую ноч знеслі помнік Сталіну, які  велічна ўзвышаўся на Цэнтральнай плошчы.

У той год Андрэй ажаніўся, стаў бацькам. На тое лета выпаў іхні з Адай мядовы месяц. Як мудра прыдумалі людзі! Мядовы месяц у іх быў сапраўдны. Урэзаліся ў памяць гарачыя ночы на пахкім сене на ўсё жыццё. Потым гэткай першароднай радасці ўжо не было: турботы, клопаты, нараджэнне дзяцей, бясконцыя нарады і паседжанні, лекцыі і даклады не адпускалі ў думках нават  падчас адпачынку.

Гэтыя згадкі прамільгнулі, калі Андрэй стаяў на ярка асветленай станцыі метро ў чаканні поезда. Метро ён ацаніў, як пазбавіўся персанальнай “Волгі”. Забарона “маналітнай і  магутнай” КПСС, а потым распад Саюза — гэтыя падзеі былы абкамаўскі ідэолаг яшчэ дасюль не мог  усвядоміць і асэнсаваць... Чарнобыль перайначыў жыццё трэцяй часткі Беларусі, асабліва насельнікаў зоны, адселеных вёсак. Распад КПСС і Савецкага Саюза перайначыў, а то і зламаў лёсы мільёнаў людзей.

У радыяцыйнай зоне жыццё рухалася спрадвечным чынам, але нябачная радыяцыя, быццам непераадольная запруда, павярнула жыццёвую плынь у іншае рэчышча. І лёс Андрэя Сахуты мусіў зрабіць круты віраж, падчас якога ледзьве не выпаў “у асадак”, як гаворыць сын Дзяніс. Але не зламаўся, выстаяў, мае працу, адказную пасаду, мае перспектыву зноў вярнуцца ў сталіцу.

Дабраўся дадому даволі хутка. Перад сваім пад’ездам прыпыніўся, зірнуў на вокны кватэры: ярка свяцілася вузкае акно кухні, мякка, утульна — лоджыя, на якую выходзілі дзверы спальні. “Мусіць, Надзя на кухні, а жонка чытае ці глядзіць  тэлевізар”, — падумаў ён. Адчыніў дзверы сваім ключом, ціха ўвайшоў, паставіў чамадан. З кухні выйшла Ада ў пярэстым халаце. Гэты халацік ён падарыў некалі ёй у дзень нараджэння. Ада ўцяпліла халат ваўнянай хусткай і ўзімку любіла апранаць яго. А сёння, можа, апранула знарок. Абняліся, пацалаваліся. Андрэй адчуў знаёмы водар жончыных валасоў і жаданне блізкасці адразу авалодала ім.

— Ну, як даехаў? Я ўжо зачакалася, — Ада зноў прыхінулася да яго, зноў пацалаваліся.

— Так, сапраўды ехаў доўга. Цягнік поўз, як сонны. І толькі ў прыгараднай зоне прыбавіў ходу. А то спыняўся ля кожнага слупа. Надзя, Толік спяць? Як у іх? Усё добра? Паправіўся малы?

— Трохі кашляе. Тэмпература нармальная. А я вару халоднае. Баюся, ці застыне. Ну, мый рукі. Будзем вячэраць. А мо душ прымеш?

— Так, лепей душ. Але я хутка.

У ванным пакоі прыемна пахла мядовым шампунем, лунаў тонкі фодар парфумы. Эх. каб зараз паляжаць з паўгадзіны ў цёплай вадзе, успененай шампунем, пацешыць грэшнае цела! Але разумеў, што опзна ўжо, Ада чакала, і яму хацелася любові. Таму нырнуў пад цёплы душ. Міжволі падумаў: і ў лясніцтве, і цяпер у райцэнтры не мае ні цёплага душа, ні цёплага клазета, не кажучы пра ванную ці метро. Не дзіва, што моладзь тышчыцца ў горад. Дый не толькі моладзь. Калі б меў чалавек ладны  кавалак, свій дом з усімі выгодамі, дык наввошта яму клетка-кватэра ў гарадской камяніцы? Але такое, мусіць, будзе ў нас вельмі няхутка. Хоць ён чуў, што апошнім часам вакол Мінска закіпела будаўніцтва катэджаў, банкі выдаюць ільготныя крэдыты, толькі будуйся. Гэта эканамічны падрыў ідэалогіі сацыялізму: чалавек, які мае трохпавячрховы  катэдж, у камунізм не паверыць і чакаць яго прыходу не  пажадае, і ўсё будзе рабіць, каб роўнасць і брацтва не пусціць на парог.

Андрэй і Ада выпілі па кілішку за прыезд. Ён пазіраў жонцы ў вочы, разглядаў ейны твар, гэткі знаёмы , родны, прыкмеціў ля вушэй пасмачкі сівых валасоў. “Пастарэла мая бабулька”, Андрэй злавіў сябе на думцы, што параўноўзвае яе з Палінай. Там было новае, вострае пачуццё, а тут усё знаёмае, блізкае , звыклае, жанчына, з якой пражыта гэтулькі гадоў,  выгадавалі дзяцей, ужо растуць унукі. Так, яна, можа, занадта дакарала, што доўга хадзіў без работы пасля абкама, пярэчыла, каб ехаў працаваць у зону — вядома, клапацілася пра яго здароўе, хацела быць рзам, а не жыць паасобку. Каханне не даруе дабраахваотнага расстання. Але ж ён мусіў туды ехаць, жыццё загнала яго ў радыяцыйную зону. І невядома, як бы паставілася да яго намеру іншая жанчына, тая ж паліна. Не, паліну на месцы жонкі ўявіць не мог, дужа мала яны ведаюць адно аднаго. “І ўвогуле, ты дома. Гані прэч усялякія думкі. Згаладалая жонка цябе чакае”, — настойліва параіў унутраны голас Андрэя.