Яшчэ з большай прыдзірлівасцю аглядалі адна адну жанчыны. Асабліва прыглядалася да госці гаспадыня, бо Ева была маладзейшая ажно на шэсць гадоў. Хоць ты, галубка, і маладзейшая, падумала Ада, але пастарэла ты мацней за мяне і патаўсцела болей. Прыбавіў вагі і Пятро, але свой “мазоль”, як ён выразіўся, не хаваў і не саромеўся яго.
— Ты малайцом, Андрэй. Стройны, паджары. Вось, што значыць праца на свежым паветры. А я сяджу, нібы крот, над рукапісамі. Свету белага не бачу. Бруха расце, хоць і зарадку раблю. І ў басейн хаджу. Уранні па выхадных днях бегаю.
— Прыедзь да мяне на месяц. Уладкую егерам. Увачавідкі твой мазоль спадзе.
Госці распраналіся, сцішана гаманілі, бо Андрэй без залішняй дыпламатыі папярэдзіў: малы Толік заснуў. Потым селі за стол. Пілі за стары год.
— Хоць Каза і наламала дроў, але, можа, усё наладзіцца. Утрасецца, уляжацца, — Пятро агледзеў застолле, зірнуў на Андрэя, быццам прасіў дазволу сказаць тост. — Развал Саюза закрануў мільёны людзей. Правільней, зламаў лёсы мільёнаў. А закрануў усіх, як раней пісалі і гаварылі, усіх савецкіх людзей. Мы выраслі пры гэтай уладзе. Мы — ейныя дзеці, — Пятро памаўчаў, уздыхнуў. — Дарагі мой дружа, Андрэй, табе, мусіць, давялося перажыць болей за ўсіх.
— Чаму болей за ўсіх? Я так не думаю, — запярэчыў Андрэй. — Давайце вып’ем за стары год.
— Не, прабач, дай мне закончыць. Я перайшоў з адной пасады на другую. Па сваёй ахвоце. Прычым цяпер маю большы аклад. А ты з высокай пасады грымнуўся на зямлю. З гэткай вышкі ды ў радыяцыйную зону. Я дакараю сябе, што не заўсёды падтрымліваў... І тут Ада Браніславаўна — малайчына. Яна забяспечыла тыл.
Ніхто не заўважыў, як пачырванела Ада — яна лепей за ўсіх ведала, што думала пра мужа ў тыя дні пасля ГКЧП. І не толькі думала, а й казала. І не раз, і не два кідала ў твар крыўдныя, абразлівыя словы “партыйнаму балбатуну”, які нічога не выслужыў у дзяржавы і партыі, мусіў ехаць у радыяцыйную зону шараговым ляснічым.
— Ну, і я іншы раз памылялася. Я была супраць, каб Андрэй ехаў у зону. Здароўе — даражэй за ўсё. Ну, але, дзякуй Богу, усё наладжваецца. У райцэнтры радыяцыі меней. І пасада салідная. Галоўны ляснічы — адзін на ўвесь раён, — з гонарам сказала Ада. — З гэтай пасады можна і ў Мінск скокнуць. І я б хацела, каб гэта адбылося як мага хутчэй.
— Не ўсё так проста, мая даражэнькая. Але будзем спадзявацца на лепшае. Ну што, як людзі кажуць: нешта ў горле драпачыць?
— Давайце вып’ем, каб надыходзячы год Малпы быў дабрэйшы, здаравейшы, шчаслівейшы, — Пятро ўзняў чарку.
— Каб усе нашы надзеі спраўдзіліся, — дадала Ева.
Андрэй прыкмеціў, як уважліва слухала Ева, калі гаварыў Пятро, як яны пераглядваліся між сабою, якая прыязнасць свяцілася ў іхніх вачах. У душы пазайздросціў сябру: той знайшоў сваю палавінку, у іх ёсць каханне і ўзаемаразуменне. “Ева, мусіць, так бы не грызла мужа, каб той апынуўся на маім месцы”, — міжволі падумаў Андрэй. Заўважыў пільны позірк Ады: няўжо яна здагадваецца пра мае думкі? Не, такога быць не можа. Калі вельмі моцна кахаць чалавека, мабыць, можна сэрцам улаўліваць, адгадваць ягоныя думкі, дый то не заўсёды”. А яны з Адай жылі апошнім часам па інерцыі быцця, і першае выпрабаванне амаль што раскалола іхні сямейны човен.
Новы год набліжаўся. І вось ужо на экране з’явіўся коннік.
— А вось і старадаўняя літоўская Пагоня! — усхвалявана выдыхнуў Пятро. — Я да гэтага часу не магу даць веры... Ну, што гэтак лёгка даўся нам суверэнітэт. Тысячы лепшых людзей аддалі некалі свае жыцці за вольную Беларусь. А тут гэтая воля сама быццам з неба звалілася. Галоўнае цяпер, не ўпусціць яе.
— Пятро, пачакай, давай паслухаем, — ціха сказала Ева.
Калі Станіслаў Шушкевіч скончыў віншаванне, выгукнуў “Жыве Беларусь!”, Пятро паўтарыў услед за ім “Жыве!” Гаспадары Сахуты,
іхнія госці чокнуліся шампанскім, выпілі, пацалаваліся па-сяброўску. І тут жа зазвінеў тэлефон: першым павіншаваў бацькоў сын Дзяніс.
— Бацька, я рады, што ты дома. Думаю, усё будзе добра.
— Дзякуй, сынок за віншаванне. Абдымаю цябе. Прыязджайце.
Потым патэлефанавала Надзя, за ёй гаварыла Ірынка, сказала, што праз гадзіну яны могуць прыехаць. Ада чакала такога паведамлення, рыхтавалася і ўсё ж устрывожылася: ці хопіць нагатаваных страў? Але мелася ў яе іншая трывога: чаму не тэлефануе Андрэеў сябар з Камітэта па экалогіі? Ён званіў месяц таму, шкадаваў, што Андрэя няма, бо ў іх намячаецца вакансія.