І ля вогнішча таксама гаварылі пра ГКЧП. Спрачаліся, асабліва гарачыўся малады патыйны лідэр Анатоль Раковіч:
— Гарбачову каленкаю пад зад трэба было даць даўно. Займаецца балбатнёю. Развёў дэрмакратыю. Галоснасці яму, бачыце, мала. Трэба наводзіць парадак, а не языком мянташыць. Дзе якая заварушка — там надзвычайнае становішча ўводзіць. А то планы не выконваюцца, усё трашчыць па швах. Вунь наш Георгій Сяргеевіч пасівеў дачасна. Бо зрываюцца ўсе пастаўкі. І ні ў кога галава не баліць.
— Чаму ні ў кога? У мяне проста раскалваецца ад клопатаў Хочацца воўкам выць ад бездапаможнасці, — уздыхнуў Акапян.
Размову рашуча перапыніў Даніла Баханькоў:
— Браточкі, юшка стыне. Пайшлі ў нашу хату. Як гаворыцца, чым багаты, тым і рады. Прашу!
У сціплай, непрыкметнай з выгляду хаціне быў масіўны стол з таўшчэзных, бялюткіх бярозавых дошак. На ім звабліва паблісквалі дзве серабрыстагаловыя бутэлькі шампанскага, да іх, высокіх, ганарыстых, сарамліва хінуліся дзве паўлітэркі гарэлкі.
За сталом, пасля чаркі-другой размова пайшла весялейшая. Нават анекдоты ўспомнілі — гэта акурат як гарнір у застоллі. І першым пачаў Даніла:
— Слухайце народны жарт: Міхась, куды гэта ты сабраўся так позна? Ды з ліхтаром, — пытаецца сусед. — Да нявесты. — Не думаў я, што ты гэткі баязлівец. Я да сваёй нявесты цёмнай ноччу хадзіў і без ліхтара. — Я так і падумаў, калі ўбачыў тваю жонку…
Усе зарагаталі, але даволі стрымана неяк нерашуча.
— Жарт у працяг тэмы, — выцер сурвэткай вусны Раковіч, перачакаў, пакуль усе сцішыліся: — Звяртраецца мужык у міліцыю: прапала жонка. — Дайце яе пісьмовае апісанне. — З адной умовай: калі яна знойдзецца, вы гэтае апісанне ёй не пакажаце.
На гэты раз смяяліся дружней і гучней, але раскаванасць і шчырасць яшчэ не завалодалі каманіяй стомленых за працоўны дзень мужчын, заклапочаных і ўстрывожаных нечаканымі і незразумелымі падзеямі ў сталіцы.
— Сябры, давайце вып’ем за поспех нашай справы! — падняўся Мікола Шандабыла. — Не ведаю, як там што вырашыцца з гэтым ГКЧП. Вважна. каб у нас быў парадак. А на стале чарка і скварка. Не падайце духам. Усё перамелецца, ператрэцца і зноў добра будзе. Жадаю вам моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах і ладу ў вашых сем’ях. За вас, мае дарагія землякі!
Усе дружна выпілі, затым гэтак жа дружна сёрбалі духмяную, трохі прыстылую юшку. Сёй-той смакаваў мяса качкі. Малады ляснічы даводзіў: калі нават і ёсць трохі нуклідаў, то пасля чаркі яны распадаюцца.
— Мікола Арцёмавіч, скажы папраўдзе, як у нас з радыяцыяй? — павярнуўся да госця з вобласці Даніла.
— Хапае праклятых нуклідаў. Але трохі ўзровень знізіўся. Распадаецца, размываецца радыяцыя. І ніхто дакладна не ведае, як прырода будзе з ёю змагацца. Таму што нідзе ў свеце нічога падобнага не было. Гэта за пяць гадоў так змянілася. А што будзе далей? Невядома. Я веру ў сілу прыроды. У яе здольнасць ачышчацца. Усё пералапачваць. Адзін дзед у Саковічах... Вёска адселеная. Там трыццаць два кюры. Ну, дзе болей, а дзе і меней. Там жывуць з дзесятак сем’яў. Дык вось, дзядок і кажа: “Мне восемдзесят два. Нікуды не адсяляўся. А мае аднагодкі, якія пераехалі, усе ўжо адсыпаліся. А я жыву. Хоць бы хны. Самагонку папіваю”.
— Старое дрэва не перасаджваюць, — гучна, аўтарытэтна прамовіў ляснічы Акуліч.
— Правільна. Людзей адарвалі ад усяго роднага, быццам карані адсеклі, — горача падхапіў Даніла. — Хай сабе і на тэрыторыі раёна перасяленне. Але не там, дзе жыццё пражыта. Дзе ўсё роднае з малых гадоў... З адсяленнем наламалі дроў. Маўчалі, маўчалі, а тады давай крычаць: “Ратуйцеся!” І ўсіх адсяляць. Каго трэба, каго не трэба. І Хатынічы можна было не чапаць.
— Ну, як не чапаць? З малымі дзецьмі трэба адсяляць? Трэба! Раз нельга зямлю выкарыстоўваць, значыць, механізатараў, спецыялістаў — таксама трэба, — не пагадзіўся Анатоль Раковіч. — Пакінуць адных нямоглых пенсіянераў? Хто іх будзе даглядаць? Раз школа зачынена, крама зачынена, клубы, бібліятэкі... Якое жыццё без гэтага? Можа, дзе і пагарачыліся, — апраўдваў лінію партыі першы сакратар.
Яму і ў страшным сне не магло прысніцца, што сядзіць ён у партыйным крэсле апошнія дні.
— Мужыкі, давайце яшчэ па адной антабцы, — падаў голас малады ляснічы. Ён асвойтаўся паміж начальнікаў, пасмялеў, дый лічыў сябе адным з гаспадароў: ён і ягоны егер накрылі стол, згатавалі качак, зварылі юшку.
— А што такое антабка? — адважыўся паказаць сваю недасведчанасць абласны госць Шандабыла.
— От вып’ем, тады скажу, — заінтрыгаваў ляснічы. — У наш час не п’ець толькі сава: удзень не бачыць, а ўначы крама зачынена.