Выбрать главу

— Можа, павіншуй Міхаіла? Чаго ты саромеешся? — шапнула мужу.

— Я званіў яму на працу. Перадаў сакратарцы. Ён ведае, што я дома. Пазвоніць.

— А я не чакала б, — з падтэкстам сказала Ада, маўляў, зноў упарцішся, цану сабе набіваеш, — карона не зваліцца, калі павіншуеш патрэбнага чалавека.

Раздражненне ўспыхнула ў душы Андрэя, але ён стрымаўся, нічога не сказаў жонцы, павярнуўся да Пятра, завёў гутарку пра “Пагоню”, пра тое, што народ мала ведае пра нашы гістарычныя сімвалы.

— А хто пра іх гаварыў народу? Твае сябры ідэолагі? Ці мае калегі з тэлерадыё? Толькі цяпер адчулі смеласць. А то ж наш спрадвечны нацыянальны сцяг называлі паліцэйскім штандарам. Здзек з нашай гістрыі, з нашай мовы. Цяпер трэба нацыянальная ідэя, якая б з’яднала народ. З’яднала б нацыю.

— Пятро, ну ты, як на мітынгу, — пасміхнулася Ева і дадала: — Хаця, калі паразважаць, можа, і праўда, патрэбна такая ідэя.

Хітрая кабета, падумаў Андрэй, нібыта ўпікнула, а потым пахваліла, падтрымала. У маёй Ады — толькі белае і чорнае. І ніякіх нюансаў: ёсць рубель, дык ёсць, а няма, дык няма. Развагі прафесійнай фінансісткі.

— Ну і што сталічная інтэлігенцыя прапануе народу? Якую ідэю?

Ева ўлавіла іроніію ў гэтых словах, зірнула на Андрэя, нібы хацела сказаць: ну чаго ты задзіраешся?

— Не ведаю, што думае інтэлігенцыя. Я прапанаваў бы вось што. Першае — гэта самастойнасць. Якая дзяржава без суверэнітэту? Без самастойнасці? Другое — самабытнасць. Гэта наша культура, традыцыі, мова, нашы песні. Адным словам — нашы карані, — Пятро перадыхнуў, ці, можа, збіраўся з думкамі, ці даў магчымасць засвоіць пачутае. — Трэцяе — дабрабыт. Каб і паесці было што, і апрануць. І чым поле араць, і на чым па дарогах ездзіць. Ну, тут уся эканоміка. Базіс.

— Мне здаецца, правільная ідэя, — першай падтрымала госця гаспадыня. Яна якраз вярнулася з кухні, калі Пятро пачаў гаворку пра нацыянальную ідэю. — Асабліва — наконт дабрабыту. Каб быў хлеб і да хлеба. Тады і песні будуць.

— Ну і што атрымліваецца? Два “с” і “д”. У Гітлера было СД, — пачаў Андрэй, але Пятро перапыніў яго.

— Ну,  ты ж не блытай гарох з капустай. Гэта з іншай оперы.

— Мне здаецца, для раўнавагі трэба дадаць — духоўнасць. Перад дабрабытам. Пачакай, пачакай, — Андрэй перапыніў разгарачанага сябра. — Ты хочаш сказаць, што самабытнасць гэта ўсё ўбірае. Але гэта не зусім так. Духоўнасць спрадвеку была ўласціва нашаму народу. Іншым разам ён болей клапаціўся пра душу, чымся пра жывот. Болей думаў пра песню, чымся пра кавалак хлеба. Я таксама сёе-тое чытаў. У Максіма Гарэцкага пра гэта хораша сказана. Не памятаю дакладна: народ наш — лірнік, народ — пясняр і гэтак далей. Дык вось, тады будзе: самастойнасць, самабытнасць, духоўнасць, дабрабыт. Два “с”, два “д”. Гэта як некалі крытыкавалі стыль работы райкамаў. Праўда, тады пісалі  і  гаварылі — райкомаў. Насуперак беларускай граматыцы. Дык называлі чыноўніцкі стыль: дэ квадрат, шэ квадрат. Давай-давай, шуруй-шуруй.

— Я падтрымліваю духоўнасць. Ну, і раўнавагу. Чатыры словы, як чатыры бакі свету. Як чатыры поры года.  Чатыры вуглы хаты. Два “с”, два “д”. Выдатна! Усё тут сканцэнтравана, — важка зазначыла  Ева, быццам толькі ад яе залежала прыняццё нацыянальнай ідэі.

— Ад імя народа. Ад імя ўсіх фінансістаў я вітаю гэтую ідэю, — з усмешкай сказала Ада. — І прапаную за  яе  выпіць. А то мне крыўдна. Усё стаіць на стале. Бульба адубела. Халоднае растае. Налівай, Андрэй. Дзеці зараз прыедуць.

— Дык ты хочаш, каб мы былі п’яныя да іхняга прыезду? — рагатнуў Пятро. — Але за  нацыянальную  ідэю варта падняць добрую чарку.

— Не п’яныя, а вясёлыя і шчаслівыя, — пачала Ада, але тут заліўся трэллю тэлефон. Яна зняла трубку і з радасцю паклікала Андрэя, бо пазнала басавіты голас Міхаіла Іосіфавіча.

Ёй вельмі карцела паслухаць, пра што будзе гаворка, але яна адчувала няёмкасць  сітуацыі і неахвотна падалася да гасцей. Не стрымалася, каб не сказаць, хто тэлефануе, заінтрыгавала, маўляў,  шмат залежыць ад гэтай размовы.

Калі Андрэй вярнуўся. усе зірнулі на яго вельмі ўважліва. Ада спыталася:

— Ну, што ён сказаў?

— Павіншаваў з Новым годам. Пажадаў, каб наступны год я сустракаў у якасці іхняга супрацоўніка.

— Дык гэта ж выдатна! — засвяцілася ад радасці Ада, цмокнула мужа ў шчаку. — Але год — гэта зашмат. Лепей паўгода. Яшчэ лепей — адзін квартал. Бо гэтыя тры месяцы доўжыліся для мяне як тры гады.

— А што гэта за чалавек? — пацікавіўся Пятро.

Андрэй сказаў, што званіў намеснік старшыні камітэта па экалогіі, што іхні камітэт праз нейкі час будзе называцца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, будзе пашыраны...