На гэты раз Просі хацелася сустрэць Новы год з дзецьмі, усёй сямейкай, бо хто ведае, колькі таго жыцця засталося. І таму яна ламала галаву: якіх прысмакаў нагатаваць да стала. Можна зарэзаць гусака, утушыць з яблыкамі. Зварыць халадцу — з бульбаю добрая закусь. А што піць? Вядома, дзеці прыедуць не з пустымі рукамі, але ж і сваё пітво трэба мець.
Кожны аўторак у невялікую лясную вёсачку Дзятлаўку прыходзіць аўтакрама — машына-будан. Абаранак руля якой весела круціць шафёр Вася, танклявы, увішны хлопец. Як звычайна, да аўтакрамы збіраецца ўся вёска. Тут льга перакінуцца словам з блізкім і далёкім суседам. Пачуць усе навіны. Калі будзе з чаго. Той парагатаць. Майстрам пасмяшыць публіку быў Грышка, саракагадовы плечавень, які любіў і чарку, і скварку, умеў даглядаць пчол і быў механізатарам шырокага профілю.
Аўтакрама пазнілася. Народ хваляваўся. З неба сыпаліся белыя крупінкі снегу і секлі ў твар, нібы шрот. Таму радасць засвяцілася на кожным расчырванелым твары. калі з-за цёмнай сцяны лесу выкаціўся куртаты будан. Кажучы казённаю моваю, асартымент тавараў быў звычайны, але мелася і навінка: з высокай скрыні звабна выторкваліся срэбрана-блішчастыя галовы шампанскана. Іх адразу прыкмеціла Прося.
— Давай возьмем шампанскага, — таўханула пад бок Аўхіма.
— Ат, што ета за пітво? — скрывіўся, нібы ад воцату, дзед. — Лепей пляшку той вадзіцы. Якую гусі не п'юць.
— Дзядзька Аўхім, ты дарэмна ўпіраешся. Вось ты любіш казаць: піць, як і красці, трэба асцярожна. Дык вучаныя людзі раяць пачынаць трапезу спакваля, з шампанскага, — аўтарытэтна прамовіў Грышка. — Ну. Каб, ета самае, градусы ўзрасталі. Спярша вінца, а потым гарэліцы.
— А тады першачка? — хмыкнула бабка Адарка.
— О. правільна мысліш! — узрадаваўся Грышка. — У корвнь глядзіш.
— Дос табе выскаляцца, — узбурылася на яго Прося. — Сонца няма, а ты выскаляешся. Зубы грэеш.
— А мне сонца свеціць кожан дзень. Асабліва каля крамы.
Усе вакол пас міхаліся. Здаецца, і неба пасвятлела, крупы перасталі сыпацца. Павесялеў і дзед Аўхім, бо ў торбе побач з шампанскім пазвоньвала пляшка гарэлкі. Вядома, узялі хлеба, батонаў, яшчэ таго-сяго. Дома ўзнікла праблема: куды дзець шампанскае.
— Можа. у склеп паставім? Там холадана. Я зараз аднясу.
Аўхім здзівіўся, бо звычайна жонка прасіла яго прынесці бульбы, буракоў ці слоік агуркоў, а то выправілася сама. Праўда, у наступныя дні хадзіў у склеп ён, пазіраў у кут, дзе цьмяна бялелася бутэлька шампанскага.
Да Новага года заставалася тры дні. Аўхім браў слоік капусты, зірнуў у кут і здзівіўся: бутэлька моцна нахілілася, вакол ейнага дна паблісквалі нейкія іскрынкі — ці то шэрань, ці то снег. Ён дастаў бутэльку і аслупянеў: у цэнтры корка зеўрала круглая дзірка, а віна засталося меней за палову. “Ёпэрэсэтэ! — выляўся Аўхім. — Во, мышары праклятыя. Выпілі шампанскае. Думаў, усіх пералавіў, а тут — на табе”.
Баба Прося ледзьве не загаласіла на ўсю вёску: першы раз купіла пад Новы год шампанскага і то выпіць не ўдалося. На Аўхіма пасыпаліся дакоры: лайдак, латруга, не мог пастку паставіць, развёў мышэй…
У самы разгар сямейнага дыспуту ў хату ўваліўся Грышка. Зірнуў на стол. Ухмыльнуўся:
— А якое сянні свята? Няўжо вы каталіцкія Каляды адзначаеце? І правільна робіце. Малайцы! Разгавеліся. А я во шукаю, дзе б душу прывязаць. А то, ета самае, трапечацца пасля ўчарашняга.
— Ага, разгавеліся, — уздыхнуў Аўхім. — Мышы ў склепе разгавеліся.
Грышка ўзяш бутэльку, агледзеў яе, усё зразумеў і гучна зарагатаў:
— От свет настаў! Цяперака і мышы разумныя. Ах, які быў баль у склепе! Во ўжо скокі былі! Хвост направа, хвост налева!
— Не рві маё сэрца, балабон! А то вілачнік зараз вазьму, — праз слёзы крычала Прося.
— Цётка Прося, не бярыце да галавы. Такое бяды. У людзей вунь не такія беды. Як сказаў паэт Караткевіч: “павінна ж быць і ў зайца радасць перад халоднаю зімой”. А мышкі… Яны ж таксама жывыя.
— Ета во стары ёлупень дапусціўся, што ў склепе мышы гаспадараць. Чаму я з пенсіі павінна іх паіць шампанскім?
— Ну, яны ж і вам пакінулі. Падзяліліся, — блазнаваў Грышка.
Адчуўшы падтрымку, павесялеў і Аўхім:
— Ета ж да рэвалюцыі была гісторыя. У майго дзеда згарэла гумно. Жытнёвыя снапы там стаялі. Пайшоў дзед па дварах пазычвць збожжа І ўсюды казаў: “Ой, бяда якая! І гумно згарэла, і жыта. Але ж і мышэй, братачка, колькі ляснула!” І ніхто дзеду не адмовіў. Выручылі…
— Ты мне зубы не загаворвай. Выкінь ету бутэльку. Каб мае вочы яе не бачылі. — Сярдзітая Прося пасунулася на кухню.