— Чакай, дзядзька. Я іду ў лес. Там выкіну ў ямку. Хочу елачку высячы. Цётка, Прося, можа, і вам заадно? Хоць маленькую.
— Навошта нам елка? Ну, мо пару галінак для паху. Усунем у слоік.
— Дык, можа, і ядлоўцу наламацЬ? Ён асабліва духмяны.
— Навошта? Хіба старога адхвастаць?
— Не, цётачка. Наадварот! Выпаліць дзядзька лазню перад Калядамі. Возьмеце яшчэ шампанскага. У лазні папарыцеся. Я дам мядку. Натрэ дзядзька сваю жоначку мёдам, адхвошча распараным ядлоўцам. Тады, дзядзька, не ты будзеш прасіць у жонкі, а яна сама папросіць. І будзе ў вас калядгы баль!
— Грышка, не рві маё сэрца! — крычала Прося, але ў голасе ейным пачуліся весялейшыя ноткі.
Грышка схаваў бутэльку пад крысо кухвайкі і выкуліўся з хаты.
На дварэ пасвятлела. З-за попельна-шызай хмары вылузнулася нізкае снежаньскае сонца. “Эх, доля наша мужчынская. Не ведаш уранні, дзе нап'ешся ўвечары. Эх, калядачкі, бліны-ладачкі!”— весела замурлыкаў Грышка.
СУСЕДАВА ПАДКАЗКА
Блізка паўвека пражылі разам Аўхім і Прося. І сварыліся, і спрачаліся даволі рэдка. Ну,было, калі мышы выпілі шампанскае. Але ж пасля лазні дзед з бабаю мілаваліся, нібы галубкі. А на гэты раз яны пасварыліся моцна. І віноўнікам разладу стаў тэлевізар. Калі дакладна — серыялы. Неяк Аўхім і Прося дрынкалі ў дрывотні пілою “Дружба -2” Раптам Прося схамянулася:
— А колькі ета часу?
— Ды ўжо без чвэрці пяць, — адказаў Аўхім.
— А божачкі, серыял пачаўся! Усё, Аўхімка, я ў кіно, — і памкнулася ў хату.
— Пакліч мяне, калі танец жывата будзе, — хмыкнуў наўздагон Аўхім і ўзяўся за сякеру. Бразільска- мараканскі серыял ішоў ужо другі год. Узімку некаторыя серыі глядзеў і Аўхім. Рагатаў, назіраючы, як зацята сварацца між сабою жонкі багацея Алі. А той уздымаў рукі ўгору, крычаў на маладую жонку, аматарку скандалаў: “Хай скароціць Алах твае дні!” Аўхіму вельмі падабалаіся бразільскія скокі, асабліва танец жывата. Прося сарамаціла: “ Што ты глядзіш. бы кот на сала. Яны ж усе маладзенькія. А ты ж стары хрыч ужо…”
Аднойчы завітаў сусед Грышка. Цыгарэты пазычыць. Аўхім без адрыву ад канапы назіраў за скокамі. “Эх, Іванавіч, Іванавіч”, — паўшчуваў дзеда. “Етыя скокі мой жыццёвы тонус уздымаюць”.— апраўдваўся Аўхім.
— Я б табе параіў глядзець “Падарожжа дылетанта”. Вось што бадзёрыць. Весяліць. І тонус падымае.
— А што ета за падарожжа такое?
— Паглядзі. Дык будзеш ведаць.
З таго часу, як толькі пачынаўся серыял. Аўхім ішоў да Грышкі. Просю зацікавіла, чаго б гэта. Неяк падчас рэкламнай паўзы, Прося пакіравала да суседа. Адчыніла дзверы — мужчыны, расчырванелыя, падвяселеныя, сядзелі за сталом. На стале недапітая паўлітэрка.
— Аўхімка, ты што? Здурнеў? Гаспадарка недагледжаная. А ты тут гарэлку жлукціш? Якое свята, каб хто спытаў?
— У нас сваё свята, Грышка ўзняў чарку. — За нашага сябра Юрася Жыгімонта! Дзякуй яму за добрую перадачу.
— От я вам зараз дам! І вашаму сябру ўвалю дык увалю! Дзе ён схаваўся? Дай сюды пляшку!— Памкнулася Прося.
— Не, цётачка, не ты яе сюды паставіла, не ты і забярэш.А сябар наш далёка. У тэлевізары. Ведаеш такую перадачу “Падарожжа дылентанта”? У нас — абмеркаванне перадачы. Сянні глядзелі пра Нясвіж. Пра яго гаспадароў Радзівілаў. От весела жылі! Улетку пасыпалі дарогу соллю. Мядзведзя ў сані — каталіся, — рагатаў Грышка.
— Ты мне зубы не загаворвай. І лапшу на вушы не вешай. Аўхімка, пайшлі двору!
— Ну, ты ж чула. Мы яшчэ не ўсё абмеркавалі.
— Даражэнькая цётка Прося. Мы выпілі за Радзівіла Сіротку. За Радзівіла Рыбаньку. А за пана Каханку — не. Так што, ці далучайся да нас, ці…— рвшуча сказаў Грышка.
Баба Прося кульнулася за парог. Яе чакаў серыял.
Потым яна вывучала праграму тэлебачання, пераканалася, што “Падарожжа дылетанта” бывае ў суботу раніцай. Назаўтра Прося паднялася раней, выпаліла ў печы, напякла бліноў. Калі паснедалі зірнула на гадзіннік.
— Аўхімка, уключай целявізар. І зрабі мацней, каб і я ўсё чула.
Неўзабаве з гасцёўні пачулася: “Дзень добры, панове!” Прося начапіла акуляры і ўставілася на экран. Вядучы распавядаў пра нейкае старадаўняе мястэчка. Прося нават не чула пра яго ніколі, а паселішча мае надзвычай цікавую гісторыю. Тут некалі быў магутны і прыгожы замак.
— І адкульён усё ведае? І гаворыць так складна. Не саб'ецца, не заікнецца, — дзівілася Прося.
— Дык ён жа вучаны. І артыст адмысловы, — важна зазначыў Аўхім, узрадаваны, што Просю зацікавіла перадача.