А музыка гучала, спявалі птушкі, шумеў лагодна лес. Прыемны, духмяны водар лунаў у паветры. Але сон Аўхіма не змарыў. Пасля сеанса яго ўпікнула гаспадыня ароматэрапіі: “Вы мяне падвялі. Вам не прызначана гэта працэдура. Калі хочаце да нас хадзіць, хай доктар прызначыць”.
— Добра. Схаджу да доктара.
І ён пайшоў да доктара. Але папрасіў выпісаць падводны масаж. Гэтую працэдуру вельмі хваліў сусед у пакоі.
— А ці можна адмяніць дзірсанваль? — спытаў у доктара.
— Дэрсанваль? Адменім. І ручны масаж — таксама. І трэнажоры вам непатрэбныя. Вы чалавек вясковы. Руху хапае. А падводны масаж прызначаю. Завітайце зараз туды. Скажуць, у які час прыходзіць.
Сталага веку сімпатычная кабета ветліва сустрэла Аўхіма, пагартала ягоную кніжку. Буйнымі лічбамі напісала: 8.30.
— Вам пашанцавала. Перад сняданкам — да нас.
Аўхім павесялеў. У душы варухнулася надзея, што падводны масаж як рукою здыме ягоны ціск, супакоіць радыкуліт.
Ноччу прынілася мора. Аўхім даў нырца ў пеністую хвалю. Пад вадою да яго падплыла русалка. Аблытала даўжэзнымі валасамі, пачала пяшчотна казытаць. Аўхіму гэтак закарцела зарагатаць, але рот не мог раскрыць. Русалка казытала і абдымала ўсё мацней, і тут Аўхім прачнуўся. Сэрца тахкала. Але галава не балела, чуўся лепей, чым учора.
У ранку ён стаяў ля дзвярэй патрэбнага кабінета. Тая самая жанчына паклікала яго. Аўхім хуценька распрануўся. “Вешайце ручнік над ваннаю і залязайце”. Жанчына ўзяла гумовы шланг з тонкім металічным наканечнікам, з якога выбіваўся пругкі струмень, нібы бураўчык. Разгладжваў кожны мускул. Аўхім ажно прыжмурыўся ад гэтага казытання.
— А што, прыемна? — усміхнулася гаспадыня працэдуры. — А цяпер паварочвайцеся. Рукі вось сюды…
Струмень зноў крануўся ягоных ног, быццам упіўся ў пяткі, слізгануў вышэй, разгладзіў паясніцу, пагойсаў па спіне. Па плячах. Аўхім выйшаў з ванны нібы памаладзелы. Шчыра падзякаваў гаспадыні.
— Вы проста чараўніца. Як вас завуць?
— Я не чараўніца. Я яшчэ вучуся. Завуць мяне Ганнай Рыгораўнай. Вы на свае гады добра выглядаеце. Мабыць, за чаркай не ганяецеся. Працаваць не лянуецеся. Некаторыя мужыкі расплываюцца, як мядузы. А вы, Аўхім Іванавіч, яшчэ мужык што трэба.
— Дзе там? Стары ўжо хрыч. Тройчы дзед.
— А я двойчы бабуля. Жыву з сям'ёю сына. Муж памёр. Дужа ўлягаў у гарэлку. Здароўе не шанаваў.
З кожным днём Аўхім пачуваўся лепей. Прачынаўся рана. Хадзіў па лесе, дзе весела, па-вясноваму звонка цінькалі сініцы. А потым бадзёрым ,лёгкім крокам шыбаваў на любімую працэдуру.
Ганна Рыгораўна прыкмеціла яго настрой, падсміхнула:
— Ну, Аўхім Іванавіч, мусіць. штовечар на танцы ходзіце?
— Ат, якія тут танцы? Наб'ецца людзей… Таўкуцца бы камары пасля дажджу. От з вамі б пайшоў… Полечку збацалі б.
— Не, Іванавіч, мне няма калі. І няма дзе… Прыязджайце ўлетку. Ці пад восень. Можа б, сустрэліся ў грыбох. Там, дзе зялёны мох, — гарэзліва бліснула вачыма.
Лічаныя дні,пазначаныя ў пуцёўцы, бы жоўтыя лісты з дрэў, мільгалі хутка. Прыехаў Аўхім дамоў. Прося ўзрадавалася: “Ну во, аж памаладзеў. Трэба і мне ў санаторый з'ездзіць”. Пад вечар завітаў сусед Грышка. Рося паставіла пляшку. Кульнулі па кілішку. Аўхім расказаў. Як напачатку замардавалі працэдуры, расхваліў падводны масаж, які вельмі старанна рабіў малады барадаты фельчар.
—Ён і жанчынам робіць масаж? — зацікавілася Прося.
— Не, толькі мужыкам, — запярэчыў Аўхім.
— Ну прызнайся, дзядзька Аўхім, зарэла пуцёўка ці не?
— Згарэла! Мне ж далі “гарашчую”.
— Мусіць, нерашучы быў. Сарамлівы, — сказаў Грышка.— Ета ж як у той гісторыі: прыехала кабета ў санаторый, і тут жа да яе кавалер. У першы вечар пальчык пацалаваў. У другі — ручку. На трэці локцік пагладзіў. Не вытрымала кабета: “Ты што ж думаеш? Я сюды на два гады прыехала?” — зарагатаў Грышка.
Засмяяўся і дзед Аўхім. І Прося заўсміхалася, ласкава зірнула на дзеда. Узяла вядро і пайшла на двор.