Усе зарагаталі, дружна выпілі, захрумсталі свежымі гуркамі — мясам і рыбаю ўжо здаволіліся. Ляснічы расказаў сучасны жарт. Сабраліся жанчыны на сімпозіум — вырашалі праблему: колькі трэба займацца любоўю? Англічанка кажа: адзін раз у тыдзень. Немка: два разы ў тыдзень. Руская : тры разы "в неделю". А наша Ганулька. беларусачка: тры разы ў нядзелю — гэта добры. А ў будныя дні колькі? Магутны мужчынскі рогат узляцеў над вогнішчам і пакаціўся над прыціхлай Бесяддзю, рэхам адгукнуўся у прыбярэжным лесе.
— Ну, малайчына, Дзмітрый, — раскаціста смяяўся Шандабыла. — Дык, кажаш, наша Ганулька не падвяла? Моладзь цяпер зубастая. Палец у рот не кладзі. Смелая, раскаваная. Мы былі сарамлівыя.
— Век сэксуальнай рэвалюцыі, Кастрычніцкая скончылася. Навукова-тэхнічная таксама. Сэксуальная толькі пачыеацца,— задаволены вясёлым настроем сябрыны разважаў Раковіч.
— Гэта ў нас. А на захадзе ўжо ідзе даўно,— падаў голас маўклівы Акапян. — А ў СССР сэксу няма. На Каўказе мужчыны таму і жывуць доўга, што п'юць вінаграднае віно. Не лянуюца займаца любоўю. І не толькі ў нядзелю. А і ў будныя дні. Любяць танцаваць. Спяваць.
— Туман ярам, ярам даліною,
За туманам нічога не відна...— зацягнуў моцным густым барытонам ляснічы.
— Толькі відна дуба зелянога...— з імпэтам падхапіў Мікола Шандабыла. Коліші хатыніцкі гарманіст нібы чакаў імгнення, каб усёй душой аддацца спевам.
— Пад тым дубам крыніца стаяла,— дружна зацягнула ўсё застолле.
Спяваў і Георгій Акапян. Менавіта гэтую песню любіла ягоная жонка. А ён свядома, настойліва развучваў беларускія песні, каб у кампаніі сваіх тутэйшых памагатых, дый начальнікаў таксама, не выглядаць белаю варонай. Апошнім часам актыўна чытаў беларускамоўную прэсу, прачытаў амаль усяго Караткевіча. Акапян мог свабодна гаварыць па-беларуску, нават больш чыста, бліжэй да літаратурнай мовы, чымся да трасянкі, якою карысталася амаль уся раённая эліта. І як толькі скончылася песня, ён першы запляскаў у ладкі:
— Ну, малайцы! Я некалі думаў, што хораша спяваюць толькі каўказскія мужчыны. Асабліва грузіны. Іхнія спевы вельмі зладжаныя, галасы гартанныя. Ну, нейки дзіўны меладызм. Заслухацца! Дык аказваецца, і мы магём!
— Чаму ж не? Магём! Даўно не спяваў з такой радасцю. Гары яно гарам тое ГКЧП! — махнуў рукою Мікола Шандабыла.
“Ліха з ім, з недабудаваным заводам, падумаў Акапян, калі так хораша спяваецца пасля добрай чаркі і смачнай юшкі”.
— Я й не ведаў, што ты етак здорава спяваеш, — Даніла па-сяброўску абняў маладога ляснічага, з якім разам гатавалі юшку.
— Бабуліна школа. О, яна багата беларускіх песень ведае. Ну, і я амаль усе вывучыў, — і як бы ў доказ сваіх слоў, зацягнуў спачатку ціха, нерашуча, быццам узгадваў мелодыю:
Ехалі казакі
Са службы дадому,
Падманулі Галю, павязлі з сабою...
Мікалай Шандабыла ўстрапянуўся, зноў адчайна махнуў рукою, нібы дырыжор, але раптам неяк сцішыўся, заплюшчыў вочы, быццам нешта ўзгадваў з перажытага, падхапіў, але нягучна, задуменна:
— Ой, ты Галя, Галя маладая!
Падманулі Галю, павязлі з сабою...
Сонца схавалася за лесам. Неба на захадзе ўспыхвала дрыготка-ружоваю чырванню. Яна абяцала назаўтра ветраны дзень. Але пакуль што вакол панавала цішыня. І сцішылася прырода не дзеля таго, каб лепей учуць спевы сваіх падвяселеных сыноў. Усё ў прыродзе чакала дажджу, бо з усходу напаўзала вялізная цёмна-шызая хмара. І дождж неўзабаве лінуў, як з вядра, неба акурат прарвала. Вясёлае застолле гэта пачула, калі грымнуў гром.
— На небе сваё ГКЧП. І там грукочуць танкі, — хмыкнуў Даніла.
Гэтыя словы, быццам халодны душ, ацверазілі застолле. Што там робіцца ў Маскве? Чым скончыцца гэтая заваруха? Пра гэта падумаў кожны з іх. І амаль усе яны жадалі перамогі гэкачэпістам. Адно малады ляснічы думаў іначай: хай пераможа Ельцын, а значыць, верх возьме дэмакратыя. Усе рэспублікі стануць самастойнымі, і Беларусь — таксама. І родная мова стане дзяржаўнай папраўдзе, і родная песня развіне шырока крылы. Вядома, пра свае думкі Дзмітрый Акуліч не сказаў, уголас ён прамовіў:
— Ну што, яшчэ па адной антабцы? — ні то спытаўся, ні то прапанаваў, абвёў вясёлымі вачыма застолле, пачухаў кончык тонкага носа.
— Якія будуць прапановы?
— Дык, слухай, што ўсё-ткі азначае антабка? Урэшце, час ужо і адкрыцца. Мне трэба ехаць, — уздыхнуў Шандабыла.
— Ат, Арцёмавіч, не спяшайся. Да раніцы яшчэ далёка. Перастане дождж — лепей будзе ехаць. Вадзіцель накормлены, адпачывае, — супакоіў земляка Даніла.
Акапяну было дзіўна, што дырэктар саўгаса называе на “ты” высокага абласнога начальніка, да таго ж старэйшага па гадах. Шандабыла нібы здагадаўся пра Акапянавы думкі, павярнуўся да яго, сказаў: