Выбрать главу

— Ну, я атаву пайду касіць. Калі надвор’е пастаіць, дык за тры дні высушым. Хоць бы пару вазоў назбіраць яшчэ. Яно і пазней можна ўкасіць. Сянні толькі дзевятнаццатага.

— Ета ж сянні Спас! — спахапілася Марына. — А я хацела жаць бульбоўнік, ён ужо сохне. Ці можна еткім святам?

— Працаўнікам Бог даруе. Гультаёў, латругаў   не любіць. А бульбоўнік паложана жаць  за два тыдні да ўборкі, — упэўнена сказаў Бравусаў.

Апошнія гады ён шмат чытаў розных вучоных кніжак і мог паспрачацца з аграномам калі што сеяць, калі ўбіраць.

Яны ўвайшлі ў хату. На кухні гаварыла радыё, якое ніколі не выключалі, адно прыцішалі на ноч. Бравусаў прыбавіў гуку і выразна пачуў:

— Соотечественники!.. Граждане!..

У яго аж сэрца ёкнула. Няўжо зноў вайна? Ён прынік да матавага, з мушынымі кропкамі, рэпрадуктара, уключыў на ўсю моц. Рэпрадуктар пачаў трашчаць, шумець, але Бравусаў разабраў усё. У Маскве створаны “Государственный комитет по чрезвычайному положению — ГКЧП”. Уваходзяць у яго восем чалавек: міністры, члены Палітбюро. Бравусаў пачуў знаёмыя прозвішчы: галоўнага кадэбэшніка Кручкова, міліцэйскага міністра Пуга, маршала Язава, а таксама віцэ-прэзідэнта Янаева, сакратара ЦК Бакланава.

“Ну, дык у іх і так уся ўлада. Якога ражна ім трэба? Кіруйце! А можа, Гарбачоў супраць? Не дазваляў... Хто іх разбярэ”, — думаў Бравусаў.

Падышла і Марына, яна завіхалася ля печы, але таксама лавіла вухам тое, што дзеецца ў Маскве.

— Дык што яны задумалі? Навошта ім ета палажэнне надзвычайнае?

— Я мяркую, што яны, хвакцічаскі, хочуць спіхнуць Гарбачова. А тады прышчаміць хвост етым розным дэмакратам. У Прыбалтыцы, ў Малдавіі, у Грузіі..

— Ой, мусіць, прыбалтам ета не спадабаецца. Яны ж сваю ўладу ўстанавілі. Хоць бы вайна не ўсчалася, — устрывожылася Марына. — Хіба мала Чарнобыля на нашу галаву? Дык яшчэ і етае ГКЧП. З жыру бесяцца яны там у Маскве, — Марына крутнулася з вядром за парог.

Бравусаў зноў прынік да рэпрадэктара. Радыё перадавала весткі з Арменіі, Літвы, Малдавіі, Эстоніі. Усюды ўсё спакойна. “Дзякуй Богу, пакуль без крыві”, — падумаў Бравусаў і пачаў збірацца на сенажаць. Ён вывеў кабылу Зорку, Марына выгнала хлабазінаю Красулю. Ярка-ружовае сонца, падобнае на апельсін, нізка вісела над лесам. Яно толькі ўзышло і цяпер памалу ўскочвалася на бялёса-блакітны купал неба. Над Бесяддзю клубіўся рэдкі, белы, нібы касмылі ваты, туманок.

Разгараўся яшчэ адзін жнівеньскі дзень над Прыбяседдзем, засыпаным смертаноснымі радыенуклідамі. Усёабдымная цішыня панавала навокал. Адно зрэдку падавалі голас пеўні. Не чутно было і чалавечых галасоў, быццам усе хатыньчане прыліплі да рэпрадуктараў і лавілі весткі з далёкай Масквы, дзе ўтварылася нейкае незразумелае, страхатлівае ГКЧП.

Думаў пра падзеі ў Маскве і Бравусаў, рытмічна, звыкла, махаючы касою. Расяная атава рэзалася лёгка, услед за ім цягнуліся дзве рудавата-зялёныя дарожкі-сляды і бухматыя валкі-пракосы. Праз гадзіну-другую касец добра ўгрэўся, хапянуў жменю зрэзанай травы, выцер касу, старанна памянташыў. І падалося, што звон ад касы пакаціўся над шырокім парыжэлым лугам і растаў, патануў у Бесядзі. Бравусаў уторкнуў касу, нібы вітку, касільнам у зямлю, каб здалёку была відаць, і нетаропка пайшоў да ракі.

Сонца паднялося вышэй, пачало прыпякаць, але ўжо не так шчыра, як у Пятроўку, быццам зберагала сваю гарачыню да наступнага лета.

Ранішняе сонца ў Спасаўку — нібы позняе каханне, грэе, але не пячэ, падумаў Бравусаў і здзівіўся: ці ён сам зрабіў гэткае адкрыццё, ці дзесьці вычытаў. Але мне пашанцавала зведаць і гарачае каханне на сконе жыцця, разважаў ён далей. І гэта была менавіта яго, уласная думка, гэта было самім перажытае, зведанае, дзесяткі разоў абдуманае, пачуццё. І нават сёння ён з такою  асалодаю абдымаў сваю любую...

Ля вады Бравусаў азірнуўся і сцішана ўзрадаваўся — тое самае месца, дзе ён сустрэўся Марынаю, дзе ўпершыню пачуў ейнае прызнанне: “І ты, Валодзечка, наравіўся мне”. Марына ў той дзень пасвіла з бацькам кароў — адбывала радоўку, а ён на добрым падпітку вяртаўся з імянінаў Крупадзёрава. І было гэта летам 1981 года. А ў тую восень Бравусаў сваімі рукамі прыдушыў імянінніка — узяў грэх на душу. Зірнуў на свае далоні, аж сцепануўся. Колькі жахлівых начэй правёў Бравусаў пасля таго здарэння, але і зараз, амаль праз дзесяць гадоў, ён выразна памятае ўсё, што тады адбылося. “Няўжо ён так і будзе мучыць мяне да канца дзён? Сам кінуўся біцца, хацеў схапіць нож...” Закарцела, як найхутчэй памыць рукі...