Спіна ўжо ўзмакрэла. Бравусаў сцягнуў выгаралую, некалі сінюю, міліцэйскую форменную кашулю. Азірнуўся, куды б яе павесіць, бо на мокрую траву класці не хацелася. Згледзеў метраў за дзесяць уніз па цячэнні каржакаваты куст алешніку, пакіраваў да яго. Яшчэ далей тырчалі два пні — усё, што засталося ад колішняга парому.. Як хутка мяняецца ўсё на зямлі, думаў Бравусаў, такая ўезджаная дарога паўз раку вяла да пераправы, а цяпер ад яе няма і знаку — усё зацягнула густым, як воўна, мурагом. А ён жа каціў паўз раку ў той дзень на веласіпедзе.
Паехаў па гэтай дарозе не таму, каб асвяжыцца ў Бесядзі, а каб не трапіць на вочы свату Івану Сырадоеву, бо ён тады быў старшынёю сельсавета і ў душы лічыў Бравусава за выпівоху, хоць і сам чарку ніколі не праносіў міма рота. Гэта Бравусаў ведаў дакладна, бо не раз частаваліся ў маладыя гады — былы ўчастковы і былы фінагент працавалі ў адным сельсавеце. Як усё знітавана ў жыцці! Не паехаў бы ён паўз раку, не сустрэў бы Марыну, мо пасля смерці жонкі сышоўся б з другою жанчынаю, бо каханне да Марыны з гадамі прытупілася, а крыўда на яе жыла ў глыбіні душы. І як не крыўдаваць: адзіная дзяўчына, якая пагрэбавала ім, лепшым кавалерам ва ўсім наваколлі, не паквапілася на блішчастыя афіцэрскія пагоны, не скарылі яе русявыя кудры і нахабна-прыгожыя сінія вочы. Не раз думаў Бравусаў пасля сваркі з Тамараю, што ягонае сямейнае жыццё магло быць інакшым. Адно суцяшала: выгадавалі добрых дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Як ні круці, сын — дырэктар школы, а дачка ўрач, а цяпер нават загадчыца паліклінікі ў Магілёве. Гэтым можна ганарыцца!
З Тамараю ён зведаў шмат радасці. Была яна здаровая, не брыдкая з выгляду.. Мела высокія поўныя грудзі, якія любіў цалаваць і жартам прыгаворваць: "Нуй жонка ў мяне! Поўна пазуха цыцок.. Сісі — па місе. На адну можна легчы, а другою накрыцца." І Тамары падабаліся ягоныя грубаватыя жарты. Старалася дагадзіць. Бо заўсёды памятала своё падман: сказала, што зацяжарыла, а дзіця нарадзілася амаль праз год пасля Тамарынага “прызнання”.
Праўда, ён рэдка дакараў жонку за той падман, можа, разы два ўпікнуў за ўсё жыццё, дый то пасля сваркі. Ён ніколі не думаў, што яго Тамара, здаровая, гладкая, незмардаваная цяжкою працаю кабета, так раптоўна згасне. Калі парыўся з ёю ў лазні, заўсёды любаваўся ейнымі шыкоўнымі формамі. У апошнія гады яна пачала таўсцець, прычым не знізу, не ў клубах, а ў плячах і ў грудзях. Але і ў гэтым была свая жаноцкасць і вабная прыгажосць. Ейныя грудзі аказаліся, так бы мовіць, Ахілесаваю пятою, у іх і ўбіўся кляшнясты вусач — рак, які і звёў дачасна ў магілу яшчэ не старую жанчыну — Тамары не было і шасцідзесяці. Цяпер бы спісалі на Чарнобыль, але ж Тамара памерла за тры гады да аварыі на атамнай станцыі,. Значыць заўсёды была гэта праклятая анкалогія.
Бравусаў старанна умыўся, засіліў прыгаршчы вады, лінуў на грудзіну некалькі халодных кропель трапілі ў штаны, ён патупаў гумовікамі, быццам застаялы конь Рачная вада пахла яварам, водарасцямі, рыбінаю лускою, яшчэ нечым таямніча-прыемным. І дзе тут тая радыяцыя? Дзе смяротныя нукліды, разважаў Бравусаў, усё, як і раней. Нават рыбы паболела, бо паменела рыбакоў, а некаторыя і есці баяцца рачную рыбу, таму і не ловяць.
Ён узяў кашулю на руку і пайшоў да сваіх пакосаў. Ідучы, акінуў вокам вёску. Здаля яна па-ранейшаму выдавала вялікай і прыгожай, бо хаты амаль усе стаялі на сваіх месцах, дзве ці тры новыя пяцісценкі вывезлі ў суседнюю Белую Гару, а вось слупкі дыму над комінамі курыліся рэдка. Адшукаў свой двор — цяпер хата Мацвея Сахуты стала для яго амаль што роднаю, а сваю ў Белай Гары прадаў і перасяліўся сюды, у зону. Над страхою кучаравіўся тонкі сівы слупок дыму. Уявіў Марыну, якая завіхаецца каля печы, пэўна, пячэ дранікі, бо што ні кажы, ён зарабіў іх...
Бравусаў кінуў вокам далей. Каля Шамаўскага ручая цягнулася ўгору дымная сцяжынка — там жыў аднарукі Цімох Емельянаў, яшчэ гэткая сцяжынка праставала ў неба з-за купчастых вербаў — там дажывала век Вольга. Ейны сын, Пецька, якога змайстраваў ёй Цімох у пасляваенныя гады, цяпер паважаны чалавек, працуе брыгадзірам у Белай Гары, выгадаваў траіх дзяцей і матку не забывае, часцяком траскоча ягоны матацыкл. І ўсё нешта вязе ў матчын двор. Але і ад маці без гасцінцаў ніколі не вяртаецца.
Жывуць Хатынічы, хоць і слаба, але яшчэ дыхаюць. Бравусаў ведаў, што ў вайну вёску напалову спалілі немцы. Мацвей Сахута, Марынін бацька, будаваў новы дом, у яго сям'я перабралася пасля цёмнай і сырой зямлянкі, у якой давялося зімаваць жонцы з дзецьмі.
Бравусаў зноў узяўся за касу, прайшоў некалькі пракосаў і раптам пачуў сцішанае ржанне — спутаная Зорка быццам клікала яго. “Чаго ты хочаш, ваўкарэзіна? Хіба табе травы мала? Паіць цябе яшчэ рана”, — падумаў Бравусаў, пашукаў вачыма навязаную далей, на балоцвіне каля Градзі, Красулю. І ўбачыў Марыну — здалёк пазнаў па белай хусцінцы. Дый хто яшчэ мог ісці да яго?! Толькі Марына, даўняе каханне, якая ўсё-ткі стала ягонаю хоць напрыканцы жыцця. І хваля пяшчоты, любасці да гэтай жанчыны, у якой быў першым мужчынам, абрынулася на яго. Каб не я, так бы і звекавала дзеўкаю-цноткаю, падумаў Бравусаў, так бы і не зведала мужчывнскае ласкі.