Выбрать главу

— Ну, дык  ладнага ўжо ўкасіў. Пайшлі снедаць. Можа, я разаб’ю пакосы. Хай падсыхаюць.

— Разбіваць яшчэ ранавата. Хай вецер абвее. Але можна паспрабаваць.

Ён кассём, а Марына граблямі ўдваіх хутка разварушылі скошаную траву і пайшлі дадому.

— Што перадаюць? Якія навіны? — спытаў Бравусаў.

— Паўтараюць тое самае. Канцэрт усё перадаюць. “Вижу чудное приволье…”

— Эх, каб не Чарнобыль! Лепшага прыволля, чымся ў нас, не знойдзеш на свеце.

Бравусаў абняў Марыну за плечы, і так, абняўшыся, яны ішлі да вёскі.

Пасля снядання гаспадар зноў касіў. Марына варушыла атаву, даіла карову, даглядала гаспадарку. Бравусаў махаў касою, а думкі былі далёка ад Хатынічаў: што там робіцца ў Маскве? А як адгукнецца Мінск на гэтае ГКЧП? Думаў пра апошнія падзеі спакойна, без асаблівай трывогі: у зоне адсялення нічога не пераменіцца.

Па абедзе ён уключыў тэлевізар: можа, там што скажуць пра падзеі ў Маскве, але па адной праграме паказвалі балет “Лебядзінае возера”, а па другіх — нічога. Па радыё абвясцілі: у 19.30 будзе прэс-канферэнцыя ГКЧП. Гэта трэба паглядзець, вырашылі яны з Марынай. Бравусаў пакіраваў на сена, бо адчуваў утому ва ўсім целе. Ён звычайна адпачываў трохі пасля абеду, бо пад канец для часта балелі ногі: ці радыяцыя, ці старасць таму былі прычынаю, а хутчэй за ўсё і радыяцыя, і старасць аб’ядналіся супраць яго. Бравусаў рэдка скардзіўся Марыне на сваю немач, балазе сілы на абдымкі хапала.

Надвячоркам хораша касілася атава, бо раса ў жніўні выпадае рана. Потым ён напаіў у Бесядзі Зорку, зноў  спутаў і пусціў на луг — хай пасвіцца да цёмнага. Калі прыйшоў дадому, прэс-канферэнцыя ўжо скончылася. Не паглядзела яе і Марына. Па тэліку зноў гучалі песні народаў СССР.

— Трэба “Время” паглядзець. Там усё пакажуць, — разважыў Бравусаў.

У Спасаўку цямнее раней. Да дзевяці вечара ўсе работы былі скончаны, накормлены два парсюкі, дагледжаныя Зорка і Красуля стаялі ў пуні. Бравусаў угаварыў Марыну за вячэраю кульнуць па кілішку самагонкі — усё-ткі свята, яблычны Спас. Марына пабедавала, што яблыкі не асвяціла ў царкве, што няма паблізу храма.

— Можна і так есці. Спас — усяму час. Ета калі ў жанчыны дзеці паміралі, дык ёй нельга да Спаса есці яблыкі...

Марына нічога не адказала, бо напамін пра дзяцей заўсёды балюча вярэдзіў душу. Бравусаў гэта зразумеў, начапіў акуляры і прыціх. Уся ўвага — на экран. І вось яны з’явіліся. Стары тэлевізар паказваў не дужа выразна, але Бравусаў угледзеў, што ў Янаева, галоўнага закапёршчыка, трэсліся рукі, калі ён пачаў пераказваць іхнюю праграму: трэба навесці ў краіне парадак, што “в отдельных местностях” будзе аб’яўлена надзвычайнае становішча, што прэзідэнт Гарбачоў хварэе, але неўзабаве паздаравее і яны будуць працаваць разам.

Ён слухаў, разважаў і нічога незвычайнага ў гэтых паведамленнях не знаходзіў. Прэм’ер — на месцы, сілавыя міністры — таксама. Значыць, парадак будзе забяспечаны. Хто ж у іх, хвакцічаскі. галоўны закапёршчык? Былы ўчастковы прафесійным,  учэпістым вокам прыдзірліва ўглядаўся ў твары змоўшчыкаў. Можа, прэм'ер Паўлаў? Не, на ягоным добра ўкормленым твары, у глухаватым голасе не было рашучасці. Маршал Язаў? І ягоная шырокая мурлатая фізія была занадта спакойная і нават абыякавая. Усім сваім выглядам ваяка  нібы казаў: вы тут петушыцеся, а ці даваць танкісатм загад, я   падумаю. Бравусаў асабліва ўважліва прыглядаўся да міліцэйскага міністра  Пуга.  Генерал быў хмурны. Задужа змрочны. Быццам у яго балелі зубы. "Нешта Пуга, як не ў сваёй талерцы,  — разважаў участковы. — Разумее, што яму давядзецца землякоў-латышоў, усіх прыбалтаў, заганяць назад. У савецкую канюшню. А яны ўжо свежага паветра дыхнулі, не захочуць назад. Клопату ў яго  можа быць. хвакцічаскі, па макаўку".  Найбольш актыўна  і ўпэўнена паводзіў сябе шэф  КДБ Кручкоў. Мусіць, ён у іх атаман, вырашыў Бравусаў. Без кадэбэшнікаў  такія справы не робяць. А Янаеў — марыянетка. Але баіцца болей за ўсіх. Паперы падпісаў і спалохаўся. Вунь як рукі дрыжаць. Мандраж Янаева асабліва ўразіў былога ўчастковага. “Эге, браток, калі ты етак баішся, дык наўрад, каб у цябе нешта атрымалася. Дрыжачымі рукамі ўласць не ўтрымаеш. Усе ж людзі ўбачылі, які ты храбры заяц...” — падумаў Бравусаў. Сказаў  пра гэта Марыне.

— А што нам да іх? Як сабе хочуць. А рукі дрыжаць, можа, з пахмелля. Не тлумі галаву. І не думай пра іх. Дзе будзеш спаць? Пойдзеш на сена?

— Пайшлі разам.

— Хіба ты не нарабіўся за дзень? Уранні былі разам...

— На пацалункі ў мяне заўсёды ёсць жаданне.