Выбрать главу

Яны доўга цалаваліся, стоячы каля парога, быццам на раздарожжы.

Бравусаў у душы дзякаваў Богу, усяму беламу свету, што нарэшце ён разам з гэтай жанчынай, быць з якой яму хацелася з маладосці  і  праз усё жыццё.

На дварэ уладарыў ядраны, расяны звонкі жнівеньскі вечар. Бравусаў зірнуў на неба і ажно застыў ад здзіўлення: цёмны купал неба быў усыпаны буйнымі мігатлівымі зоркамі. Нездарма пішуць, што жнівеньскія зоркі самыя яркія, а росы самыя густыя. Пасля выхаду ў адстаўку ён шмат чытаў. Кнігі, газеты, календары — усё, што трапляла на вочы.

Спаць не хацелася. У галаве, як ні адганяў, засела, нібы цвік, вярэдлівая думка пра ГКЧП. Нешта тут не так, разважаў ён, хай сабе прэзідэнт прыхварэў. Але ж паперы ён мог падпісаць сам. Аўтаручка — гэта ж не пудовая гіра. Выходзіць, ён супраць. А ягоныя хаўруснікі скарысталі адсутнасць. Стварылі ГКЧП. Некалі ж Хрушчоў паехаў у Піцунду пуза грэць, а  ў Маскве без яго сабралі пленум ЦК: прыязджай, Мікіта Сяргеевіч, мы тута  ўсе чакаем цябе. Прыехаў. І турнулі з усіх пасад. Не далі і слова сказаць у апраўданне. Сядзі і не вякай. Так і з Гарбачовым можа быц.ь.

Мільганула думка:  варта было б схадзіць да настаўніка Мамуты, можа, ён “галасы” якія слухаў. Але  позна ўжо,  дый намарыўся за дзень Заўтра схаджу абавязкова, вырашыў Бравусаў, пазяхнуў, але адчуваў, што не засне, сеў на калодку каля варотаў. Зноў угледзеўся ў неба. Увесь паўночны яго бок быў добра відзён, таму лёгка адшукаў Вялікую Мядзведзіцу, а потым — Малую Мядзведзіцу. Гэтыя сузор’і нават ведаў ягоны бацька, хоць і меў усяго тры класы за плячыма. І называў ён іх — Вялікі Воз і Малы Воз. Палярную зорку Бравусаў навучыўся знаходзіць, калі служыў у войску. Па ёй вызначаў свой шлях, калі з акружэння дабіраўся дамоў. А потым ужо ягоны сын-дзесяцікласнік паказаў сузор’е Высяжар — па-навуковаму Плеяды. Адшукаў іх зараз: быццам жменя зыркіх вугольчыкаў сузор’е даволі нізка вісела на ўсходзе. Непадалёк ад Плеядаў Бравусаў угледзеў светлы шарык, які нібы каціўся між зорак. “Няўжо спадарожнік?” — устрапянуўся ён, але неўзабаве ўбачыў пульсуючы чырвоны агеньчык — значыць, самалёт. Курс трымае на захад. Можа, на Мінск, а можа, на Варшаву ці Берлін.

Вось ляцяць у тым самалёце людзі, хто дрэмле, хто гамоніць між сабою. Толькі што селі ў адным горадзе, а праз гадзіну-другую ўжо за тысячу кіламетраў. Да чаго навука сягнула высока! А на Зямлі, як не было парадку, так і няма. У небе ўсё рухаецца па спрадвечнай завядзёнцы, а на Зямлі чорт ведама што робіцца, то войны, то перавароты. Мусіць, і першабытныя людзі бачылі неба такім жа, як і цяпер, дзівіліся, давалі назвы сузор’ям, планетам.

Бравусаў згадаў, як некалі настаўнік Мамута распавядаў, што да вайны на высокім беразе Бесядзі, дзе ўпадае Канчанскі ручай, мінскія вучоныя праводзілі раскопкі, знайшлі багата каменных прыладаў першабытнага чалавека і даказалі, што людзі жылі тут прыкладна сто тысяч гадоў таму.

А цяпер Чарнобыль сваім смертаносным крылом вымятае ўсіх адсюль. Каго ўжо вымеў, а хто яшчэ ўпіраецца, як ён з Марынаю. Ці той жа Пятрок Мамута, былы дырэктар школы, заўзяты пчаляр, паважаны ў наваколлі чалавек. Бравусаў злавіў  сябе на думцы, што ў іхніх лёсах нешта агульнае: памерлі жонкі, мусілі шукаць іншых. Мамутава Тацяна доўга хварэла на сэрца, а калі пайшла на той свет, у Хатынічы прыкаціла жанчына з Мінска. Здаровая, прыгожая. Аказваецца, пасля вайны Мамута паехаў у сталіцу вучыцца, жыў на кватэры і ўтрэскаўся ў Юзю, дачку гаспадыні. А дачка ўжо была маладою ўдавою-салдаткаю, дзіця мела. І ад Пятра Мамуты нарадзіла сына. Вучобу ён кінуў, вярнуўся да сям’і. Юзя клікала яго ў Мінск, маўляў, уцякай ад Чарнобыля, а ён у адказ: там няма дзе пчол трымаць, не магу іх пакінуць. І тады  Юзя  пакінула сталіцу, прыехала да яго. Вось, якія дзівосы на свеце.

У пуні сцішана замычэла карова. Няўжо яна чуе мяне, падумаў Бравусаў, ціха адчыніў вароты, намацаў у сене каля вугла пляскаты ліхтарык, асвяціў сваё ложа. Потым светануў угору, быццам шукаў кажаноў, якіх чуў ноччу, але ўгары нічога не ўбачыў, лёг, пачуў водар чабору і рамонкаў. А яшчэ падалося яму, што вільготна-халодная падушка пахне Марынінымі валасамі. Ён шчасліва ўсміхнуўся, прашаптаў:

— Дзякуй табе, Божа, калі ты ёсць, за яшчэ адзін пражыты дзянёк. І падары мне заўтра  еткі ж шчаслівы.

Глыбокая цішыня стаяла над Хатынічамі, засыпанымі смертаноснымі радыенуклідамі. Зямля свяцілася імі, акурат мільёнамі светлякоў. Блішчастае зорнае неба паварочвалася, быццам кола на восі, вакол непарушнай Палярнай зоркі.

Вялікая і такая малая планета Зямля імчала ў касмічнай прасторы насустрач новаму дню.