7 жніўня. Касцюковічы Магілёўская вобласць. Жыхары горада вельмі здзівіліся, калі аднойчы раніцай над райвыканкамам заместа чырвона-зялёнага Дзяржаўнага сцяга БССР убачылі бел-чырвона-белы сцяг. “Іншага спосабу прапагандаваць нацыянальнае адраджэнне Беларусі ў мяне проста не было”, — заявіў следчаму жыхар горада Яўген Дрозд.
13 жніўня. Алма-Ата. Сустрэцца кіраўнікам 15 рэспублік у Алма-Аце без удзелу Цэнтра — такую ідэю выказаў Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў.
20 жніўня. Масква. Газеты надрукавалі Указ віцэ-прэзідэнта СССР Г. І. Янаева: У сувязі з немагчымасцю па стане здароўя выканання Гарбачовым Міхаілам Сяргеевічам сваіх абавязкаў Прэзідэнта СССР на падставе артыкула 127 Канстытуцыі СССР уступіў у выкананне абавязкаў Прэзідэнта СССР з 19 жніўня 1991 года.
21 жніўня. Вашынгтон. Сітуацыя ў Савецкім Саюзе знаходзіцца пад кантролем. Пра гэта, паводле слоў прэзідэнта ЗША Дж. Буша, яму паведаміў у тэлефоннай размове Прэзідэнт СССР М. С. Гарбачоў.
ІІ
Вестка аб стварэнні ў Маскве ГКЧП вельмі ўзрушыла Георгія Акапяна, усхвалявала і абнадзеіла. Можа, скончыцца разгул дэмакратыі, мітынговай балбатні, і раённае начальства, і вышэйшае ўспомніць пра велізарны цэментны завод, які ўжо амаль што збудаваны. Трэба давесці ўсё да ладу, і напрыканцы года завод дасць першы цэмент. І Савецкі Саюз будзе жыць, разважаў Акапян, бо гэтыя людзі вырашылі адпіхнуць Гарбачова ад руля, узяць усю ўладу ў свае рукі і навесці парадак. Але дырэктара завода насцярожыла, што ніхто ў свеце, нават суседнія краіны, не кідаюцца прызнаваць новы дзяржаўны орган. Учора да поўначы ён плаваў па хвалях свайго транзістарнага “Океана”, лавіў забугорныя галасы, і амаль усе замежныя радыёстанцыі бэсцілі “гэкачэпістаў”, якія хочуць павярнуць савецкі карабель “вспять”.
Гэтыя ж радыёстанцыі ахвотна перадавалі заявы Ельцына: трэба ратаваць дэмакратыю, касцьмі ляжам, але дэмакратыю адстаім. Насцярожыла Георгія Акапяна, што тысячы масквічоў выйшлі на абарону Вярхоўнага Савета Расійскай Федэрацыі, дзе атайбаваўся Ельцын.
“Ну чаму не могуць справіцца з гэтым гарлапанам? — дзівіўся Акапян. — У іхніх руках уся сіла. Армія, КДБ, міліцыя. Няўжо не маглі арыштаваць яго?”
Учора Акапян глядзеў прэс-канферэнцыю ГКЧП, уразілі яго дрыжачыя рукі віцэ-прэзідэнта Янаева. Гэткая палахлівасць галоўнага змоўшчыка не спадабалася. А дырэктару завода хацелася, каб “гэкачэпісты” ўзялі ўладу і пачалі наводзіць парадак. Тады б і пастаўкі адусюль ішлі, як і раней, і людзі працавалі б, як і раней. А то ён апошнім часам б’ецца, як рыба аб лёд, а вышэйшым кіраўнікам нібыта ўсё да фені: яны пачалі ўпотайкі займацца камерцыяй, будаваць катэджы — усе рыхтуюцца да рынку. Быццам яму аднаму патрэбны новы цэментны завод, які будзе буйнейшы ў Еўропе — такім яго спраектавалі ленінградскія інжынеры.
Георгій Акапян прыехаў у Лабанаўку гадоў шэсць таму. Можна сказаць: вярнуўся, бо тут у пасляваенны час бегаў у школу, а ягоны бацька Сяргей Хачатуравіч Акапян быў першым сакратаром райкама партыі. Вясёлы, кучаравы, з гарачымі каўказскімі вачыма ён умеў да кожнага падысці, пагаварыць, кожнаму з падначаленых, наведнікам казаў “душа любезны”. Гэтыя ягоныя слоўцы ведаў увесь раён. Сын армяніна Хачатура і рускай жанчыны Пелагеі трапіў служыць у Бабруйск, вызваляў заходнюю Беларусь. А як скончыўся гэты паход, вярнуўся ў Бабруйск, прыжаніўся, падвучыўся ў Магілёве на курсах партыйна-савецкага актыву. Пасля вызвалення заходніх раёнаў туды накіравалі шмат вопытных правераных кадраў з усходу рэспублікі, на вакантныя месцы набіралі новых, маладых. Так і трапіў Сяргей Акапян у крэсла інструктара райкама партыі. Крэсла гэтае было не дужа мяккае, не цёплае і не ўтульнае. Як вавёрка ў коле, гойсаў Акапян па раёне, мабілізуючы партыйцаў, а таксама беспартыйныя масы на ўздым гаспадаркі, на датэрміновае выкананне сталінскіх пяцігодак. На гэтай пасадзе і захапіла яго вайна. Малому Жорыку — маці любіла яго клікаць Юрыкам, — тады споўнілася тры гады. Акапян прымяніў увесь спрыт маладога партыйнага функцыянера, каб разам з сем’ямі іншых начальнікаў адправіць на ўсход і сваю. Але паспелі яны заехаць толькі за Гомель — далей былі немцы. Давялося жонцы з Юрыкам вяртацца да маці, якая жыла ў глухой палескай вёсцы пад Мазыром, дзе і перачакалі доўгія гады ваеннага ліхалецця. Знайшоў сваю сям’ю Акапян пасля вызвалення Гомельшчыны.