Выбрать главу

Сам ён на пачатку вайны абараняў Магілёў, трапіў у акружэнне, удалося ўцячы з лагера, пайшоў у партызаны. Клятнянскія лясы, што на Браншчыне, камандзір партызанскага ўзвода, а затым камісар атрада Сяргей Акапян запамятаў на ўсё жыццё. Напрыканцы сорак чацвёртага ён паявіўся ў Лабанаўцы, дзе па рэкамендацыі абкама пленум абраў яго першым сакратаром райкама. Зноў-такі паспрыялі кадравыя перастаноўкі. Васіля Лугаўцова, мясцовага вопытнага партыйца, таксама партызана, накіравалі на Брэстчыну, другога мясцовага кадра Антона Пракапенку вырашылі пакінуць у крэсле старшыні райвыканкама, а маладога, гарачага каўказца вылучылі ў партыйныя лідэры. У тыя часы большую ўладу  мелі старшыні райвыканкамаў, а партыйныя кіраўнікі былі нібы тыя партызанскія камісары: камандзір атрада вырашаў, як ваяваць, браў усю адказнасць на свае плечы, а камісар адказваў за баявы дух і лінію партыі. Тады пад усімі пастановамі раённай улады спачатку стаяў подпіс старшыні выканкама, а збоку сакратара райкама. Слова першы нават не ўжывалася.

Паступова партыйная бюракратыя ўсё мацней цягнула коўдру на сябе. І спрыяла гэтаму дактрына крамлёўскіх ідэолагаў аб “возрастающей” ролі партыі. Пасля смерці Сталіна партыя забрала ў свае рукі ўсю ўладу, але справы ад гэтага не палепшыліся, камунізм, быццам небакрай, усё аддаляўся, як да яго ні спяшаліся. Але ў пасляваенны час партыйнаму лідэру Сяргею Акапяну ўлады хапала. Першую зіму ён пражыў у Лабанаўцы без сям’і, бо і кватэры людскай не меў. Жонку і малога Юрыка перавёз летам сорак пятага. А ўвосень малы Акапян пайшоў у школу. Настаўнікі дзівіліся, пазіраючы на белагаловага, нібы сланечнік, хлапчука з армянскім прозвішчам. Не ведалі яны, што ў жылах малога цячэ руская кроў бабулі і беларуская ад маці. Затое ад бацькі ён меў цёмна-карыя вочы і армянскае прозвішча.

Жора Акапян вучыўся ў пятым класе, калі ягоны гарачы, няўрымслівы бацька пагарэў на сваёй пасадзе... Праз шмат гадоў, калі сына прызначылі дырэктарам недабудаванага цэментнага завода ў Лабанаўцы, бацька расказаў сыну тую даўнюю гісторыю.

Неяк на чыгуначную станцыю прыбылі трактарныя плугі, якія тады былі вялікім дэфіцытам. Начальнік станцыі чакаў указанняў зверху, каб размеркаваць іх на тры  раёны. Гарачы, неўтаймоўны Акапян чакаць не мог. Зямля прагрэлася, падсохла, самы час араць. Загадаў забраць усе плугі для калгасаў свайго раёна. Так і зрабілі. Ён прыкінуў: пакуль у вобласці будуць чухацца, яны адсеюцца, а пераможцаў не судзяць. Але яму патэлефанаваў сакратар абкама Васіль Лугаўцоў, той самы, што вызваліў крэсла партыйнага лідэра ў Лабанаўцы, загадаў аддаць плугі суседзям, бо ў іх трактары стаяць.

— Васіль Пятровіч, душа любезны, плугі ўсе ў рабоце. Мы ж не для сябе стараемся. План хлебанарыхтовак трэба выконваць?

— І суседнім раёнам план трэба выконваць. А ім няма чым араць. Неадкладна вярніце плугі на станцыю.

— Лёгка сказаць: вярніце. А як іх забраць у трактарыста, які працуе ў полі ў разгар сяўбы.

На другі дзень зноў пазваніў Лугаўцоў, адказ яму быў той самы. Тады праз колькі хвілін патэлефанаваў раз’юшаны першы сакратар, былы партызанскі камбрыг, адмацюкаў Акапяна, і загадаў праз дзень быць на бюро абкама. Зразумеў Акапян, што справы яго кепскія — трапіў, як муха ў павуцінне, і пахне тут не толькі вымовай, якія ўжо меў. Пачаў ліхаманкава шукаць выйсця і зрабіў адчайны ход канём: адбіў тэлеграму ў Маскву. Малянкову: стварылі невыносныя ўмовы для работы, прашу дазволу прыехаць для  даклада. У адказ  прыйшло паведамленне: прыязджайце..

І пакаціў Акапян у Маскву, у ЦК. Георгій Максіміліянавіч Малянкоў  быў тады праваю рукою Сталіна па партрыйных справах.Прыняў ён  Акапяна, выслухаў. Госць прызнаўся, што сочыць за кіпучай дзейнасцю партыйца Малянкова, любіць слухаць і чытаць яго выступленні, што і сын ягоны завецца Георгіем. “Хочаце ў Арменію?” Акапян памуляўся: маці ў яго руская, жонка беларуска, родную мову слаба ведае. Тады яму прапанавалі пасаду сакратара гаркама па ідэалогіі ў горадзе Дэрбент. “Гэта Дагестан. Усё ж бліжэй да радзімы. Варта згаджацца”, — параіў Малянкоў. Адступаць не было куды. Акапян пагадзіўся. “Ну, жадаю поспехаў! — мурлаты Малянкоў шырока ўсміхнуўся, паціснуў госцю руку, паляпаў па плячы. — Сыну, майму цёзку, прывітанне”.

Неўзабаве школьнік Георгій Акапян знаёміўся з новымі сябрамі. Быў ён там белаю варонаю з армянскім прозвішчам. Праўда, вучыіся ў класе некалькі рускамоўных хлапчукоў і дзяўчынак, з імі і пасябраваў Георгій. Але школу ў Дэрбенце скончыць не ўдалося. Гады праз тры бацька ў часе адпачынку завітаў з жонкай у Мінск, сустрэў знаёмых партызанаў, якія мелі высокія пасады, яны перацягнулі яго ў Магілёў. Тут Георгій скончыў школу. Бацька марыў, каб сын стаў інжынерам-будаўніком, бо ў глыбіні душы лічыў партыйную работу балбатнёй, якая выматвае душу і сэрца. Георгій паслухаўся бацькі, паступіў у машынабудаўнічы інстытут. Пасля яго працаваў на цэментным заводзе ў Крычаве, потым у Ваўкавыску на Гродзеншчыне. А потым у міністэрстве вырашылі, што Георгій Акапян — менавіта той чалавек, які завершыць будаўніцтва гіганта ў Лабанаўцы. Вось тады бацька і распавёў сыну пра сваё пасляваеннае жыццё, пра паездку ў Маскву да Малянкова.