Макмэрфі ўсё яшчэ глядзіць на мяне.
— Але ж ён і вымахае, як школу скончыць, праўда? Цікава, колькі ў ім росту.
— Здаецца, нехта яго аднойчы замераў: ён быў за д-два м-мэтры; але ён б-б-баіцца ўласнага ценю, хоць і здаравенны. П-проста зда-даравенны глухі індзеец.
— Калі я пабачыў, як ён тут сядзіць, дык адразу падумаў, што выглядае крыху, як індзеец. Але ж Бромдэн — імя не індзейскае. Зь якога ён племені?
— Ня ведаю, — кажа Білі. — Ён ужо быў тут, к-калі я сюды па-патрапіў.
— Я маю інфармацыю ад доктара, — улазіць Гардынг, — што ён толькі напалову індзеец. Здаецца, гэта вымерлае племя зь цясьніны Каламбіі. Доктар казаў, што ягоны бацька быў лідэрам племені, адпаведна ён і мае тытул «Правадыр». Што датычыць прозьвішча «Бромдэн», тут, на жаль, мае веды індзейскай культуры бясьсільныя.
Макмэрфі нахіліў галаву да маёй так, што мне давялося глядзець на яго.
— Дык гэта праўда? Ты глухі, Правадыр?
— Ён г-г-глуханямы.
Макмэрфі наморшчыўся і доўга разглядаў мой твар. Потым ён зноў выпрастаўся і працягнуў мне руку.
— Ну, якая б там трасца ні была, руку ён можа паціснуць, праўда? Глухі ці які. Богам клянуся, Правадыр: хоць ты й вялікі, але руку мне пацісьнеш, інакш я гэта зьнявагай палічу. Ня дужа добрая ідэя — зьневажаць новага бацьку-атамана больніцы.
Сказаўшы гэта, ён зноў паглядзеў на Гардынга і на Білі і зрабіў сьмешны твар, але руку пакінуў перада мной, з далоньню вялікай, як міска.
Я вельмі ясна памятаю, як яна выглядала: пад пазногцямі — чарната ад працы ў гаражы, над костачкамі кулака — наколаты якар, на сярэдняй костачцы — брудны плястыр, які адклеіўся з краю. Усе астатнія суставы пальцаў былі ў шнарах і парэзах, старых і сьвежых. Я памятаю, што далонь была гладкая і цьвёрдая, як костка, — далонь, якая цягала за драўляныя дзержакі нямала сякераў і матыкаў. Пра такую адразу не падумаеш, як пра руку картыжніка. Далонь была мазолістая, і мазалі патрэсканыя, а ў трэшчыны падчас працы ўбілася зямля. Мапа яго падарожжаў па Захадзе. Гэтая далонь шоргнула аб маю. Я памятаю, што пальцы былі вялікія і моцныя, калі абхапілі мае, і ў маёй далоні зьявілася дзіўнае адчуваньне, што яна набракае на маёй тонкай руцэ, быццам ён уліваў туды сваю ўласную кроў. Мая далонь зазьвінела крывёй і сілай. Яна надзьмулася амаль да памеру ягонай, я памятаю...
— Містэр Макмарфа.
Гэта Вялікая Сястра.
— Містэр Макмарфа, ці не маглі б вы падысьці?
Гэта Вялікая Сястра. Чорны з градусьнікам пайшоў і прывёў яе. Яна стаіць там, бразгае градусьнікам аб наручны гадзіньнік, ейныя вочы гудуць, пакуль яна спрабуе ацаніць гэтага новенькага. Ейныя вусны складзеныя ў трохкутнік, як вусны лялькі, гатовыя смактаць пустышку.
— Асыстэнт Ўільямз сказаў мне, містэр Макмарфа, што з вамі даволі цяжка арганізаваць душавыя працэдуры. Гэта праўда? Калі ласка, зразумейце, я рада, што вы праявілі ініцыятыву наладзіць кантакт зь іншымі пацыентамі ў палаце, але ўсё добра ў свой час, містэр Макмарфа. Мне шкада перапыняць вас і містэра Бромдэна, але ж вы разумееце: усе... мусяць выконваць правілы.
Ён адхіляе галаву і падміргвае, каб паказаць, што яна надурыла яго ня болей, чым я, што ён яе раскусіў. Пазірае на яе адным вокам нейкую хвіліну.
— Ведаеце, мадам, — кажа ён, — ведаеце, гэта аку-рат тое, што мне ўсе заўсёды кажуць аб правілах...
Ён шырока ўсьміхаецца. Яны нейкі час пасьміхаюцца твар у твар, вывучаюць адно аднаго.
— ...якраз тады, калі мяркуюць, што я зьбіраюся парушыць іх к чортавай мацеры.
Потым ён адпускае маю руку.
У сваім шкляным пакоі Вялікая Сястра адчыніла пасылку з замежнага адрасу і цяпер засмоктвае з флякончыкаў у шпрыцы вадкасьць салатавага колеру. Адна зь сястрычак — дзяўчына з вокам, якое ўвесь час блукае і ўстрывожана зазірае за плячо, у той час як другое жыве сабе спакойна, — падымае невялічкі паднос з поўнымі шпрыцамі, але пакуль што не сыходзіць зь Сястроўні.
— А што, міс Брыдар, вы думаеце пра гэтага новага пацыента? Я пра тое, што, ну, ён сымпатычны і дружалюбны і ўсё такое, але, як на маю сьціплую думку, ён тут пачынае весьці рэй.
Вялікая Сястра правярае голку шпрыца пазногцем:
— Я баюся, — яна ўтыкае голку ў гумавы каўпачок флякончыка і цягне за поршань шпрыца, — што новы пацыент плянуе менавіта гэта: весьці тут рэй. Мы такіх людзей называем «маніпулятары», міс Флін, такі чалавек скарыстае каго заўгодна і што заўгодна для сваіх уласных мэтаў.