— А-а-а... Але... Я маю на ўвазе, у псыхіятрычным шпіталі? Якія ў яго могуць быць мэты?
— Шмат якія, — яна ўсьміхаецца, спакойная і цалкам паглыбленая ў працу са шпрыцамі. — Напрыклад, камфорт і прывольнае жыцьцё; магчыма, адчуваньне ўлады і павагі з боку іншых; магчыма, усё гэта разам. Часам мэта маніпулятара — проста дэстабілізацыя аддзяленьня сама па сабе. У нашым грамадзтве ёсьць такія людзі. Маніпулятар можа ўплываць на іншых пацыентаў і дэстабілізаваць іх настолькі, што спатрэбяцца месяцы, каб усё зноў працавала гладка. З сучаснай вольніцай у псыхіятрычных установах ім лёгка пазьбегчы адказнасьці. Колькі гадоў таму ўсё было ня так. Я памятаю, калісьці ў нас у аддзяленьні быў пацыент, містэр Тэйбэр, і ён быў невыносны маніпулятар. Да пары да часу.
Яна падымае вочы, трымаючы насупраць твару напоўнены напалову шпрыц, як маленькі пруток. Ейныя вочы робяцца далёкімі і задаволенымі з успамінаў.
— Міс-тэр Тэй-бэр, — павольна вымаўляе яна.
— Але ж, божачкі, — кажа сястрычка, — што ўвогуле можа прымусіць чалавека хацець нечага такога... дэстабілізацыі аддзяленьня, міс Брыдар? Які матыў?..
Яна перарывае сястрычку, зноў уваткнуўшы голку ў гумавы каўпачок флякончыка, напаўняе шпрыц, рэзкім рухам дастае яго і кладзе на паднос. Я назіраю, як ейная рука цягнецца да пустога шпрыца, падлятае, завісае над ім, апускаецца.
— Здаецца, вы забыліся, міс Флін, што ў нас установа для звар’яцелых.
Вялікая Сястра звычайна вельмі турбуецца, калі нешта замінае ейнаму аддзяленьню працаваць як дасканалая, дакладная, ідэальна зробленая машына. Любы дробны непарадак, няспраўнасьць ці перашкода закручвае яе ў белы ўсьмешлівы вузельчык шалу. Яна ходзіць навокал зь нязьменнай лялечнай ухмылкай, заціснутай між падбародзьдзем і носам, і зь нязьменным спакойным гудзеньнем з вачэй, але ўнутры яна напружаная, як сталь. Я ведаю, магу гэта адчуць. І яна не расслабляецца ні на валасок, пакуль не разьбярэцца з такой назолай — яна гэта называе «прыстасаваць да навакольля».
Пад яе кіраўніцтвам аддзяленьне амаль цалкам прыстасаванае да навакольля. Але праблема ў тым, што яна ня можа быць увесь час у аддзяленьні. Ёй даводзіцца бавіць нейкі час звонку. Таму яна пільна працуе, каб усё прыстасаваць і там. Працуе разам зь іншымі такімі ж — я іх называю «Камбінат», бо гэта вялікая арганізацыя, якая імкнецца прыстасаваць вонкавы сьвет гэтаксама, як яна робіць у шпіталі. Яна ў гэтай справе сапраўдны вэтэран — ужо была мэдсястрой у старой установе, калі я трапіў туды вельмі даўно, і яна прыстасоўвае ўсё ўжо Бог ведае колькі гадоў.
Я назіраў, як яна з гадамі рабілася ўсё спрытнейшай. Досьвед зрабіў яе непахіснай і моцнай, і цяпер яна валодае неаспрэчнай уладай, якая пашыраецца па ўсіх кірунках праз танюткія правады, якіх ня здольны бачыць ніхто, акрамя мяне. Бачу, як яна сядзіць у цэнтры гэтага павуціньня, нібы пільны робат, пляце сваю сетку з мэханічным умельствам казюркі, ні на сэкунду не выпускаючы з памяці, які провад куды вядзе і які разрад току празь яго даслаць, каб атрымаць жаданы вынік. Я быў памочнікам электрыка ў вайсковым падрыхтоўчым лягеры, перш чым мяне выправілі ў Нямеччыну, і крыху вывучаў электроніку, калі год хадзіў у коледж — там я й даведаўся, як можна ладзіць такія штукі.
Седзячы ў цэнтры гэтых правадоў, яна марыць пра сьвет дасканалай эфэктыўнасьці і парадку, як кішэнны гадзіньнік са шкляным корпусам, — месца, дзе расклад непарушны, і ўсе пацыенты звонку, якія ня рухаюцца паводле ейнага сыгналу, — гэта хронікі-вазочнікі з катэтэрамі, што цягнуцца наўпрост з нагавіцаў у каналізацыю пад падлогай. Год за годам яна назапашвае свой ідэальны пэрсанал: дактары ўсіх узростаў і тыпаў зьяўляюцца перад ёй з уласнымі думкамі пра тое, як трэба арганізаваць працу аддзяленьня, некаторыя маюць дастаткова характару, каб абараняць свае ідэі, а яна дзень за днём утаропліваецца ў іх сухімі ледзянымі вачыма, пакуль яны не адступаюць, адчуваючы дзіўныя дрыжыкі.
— Кажу вам, я ня ведаю, што гэта такое, — гавораць яны начальніку аддзелу кадраў. — Як я пачаў працаваць у гэтым аддзяленьні з гэтай цёткай, адчуваю, нібы ў мяне ў жылах — аміяк. Увесь час дрыжу, мае дзеці адмаўляюцца сядаць мне на калені, а жонка ня хоча са мной спаць. Я настойваю на пераводзе — у нэўралёгію, у пэдыятрыю, у выцьвярэзьнік, мне ўсё роўна!
Яна робіць так шмат гадоў. Дактары вытрымліваюць хто тры тыдні, хто тры месяцы. Пакуль нарэшце яе не задавальняе маленькі дзядзечка зь вялікім шырокім лобам, шырокімі адвіслымі шчокамі і тварам, завужаным па лініі малюткіх вачэй, быццам ён некалі насіў замалыя акуляры, насіў іх так доўга, што яны сьціснулі яму твар пасярэдзіне. Цяпер ягоныя акуляры прывязаныя шнурком да гузіка на каўняры; яны гойдаюцца на фіялетавым маленькім пераносьсі і ўвесь час сасьлізгваюць то ў адзін, то ў другі бок, таму ён нахіляе галаву, калі размаўляе, каб утрымаць акуляры ў раўнавазе. Гэта ейны доктар.