Я ўсьміхаюся ім у адказ, зразумеўшы, як мусіў пачувацца Макмэрфі некалькі апошніх месяцаў, калі ўсе гэтыя твары крыкам гукалі яго.
Усе нашыя падышлі да мяне і пачалі пытацца пра ўсё, што адбылося; як ён там сябе паводзіць? Чым займаецца? Ці гэта праўда, як ходзяць чуткі ў спартзале, што яго кожны дзень лупяць ЭШТ, а ён проста страсае зь сябе электрычнасьць, як ваду, б’ецца аб заклад з тэхнікамі, як доўга зможа пратрымаць вочы расплюшчанымі, калі прыкладуць правады.
Я расказаў ім усё, што мог, і ніхто, здаецца, нават на сэкунду не зьдзівіўся, што я раптам размаўляю зь людзьмі — чалавек, якога заўжды лічылі глуханямым, цяпер гаворыць і слухае. Сказаў ім, што ўсе чуткі, якія да іх дайшлі, гэта праўда, і дадаў пару ўласных баек. Яны так гучна рагаталі з таго, як ён размаўляў зь Сястрой, што два кабачкі пад вільготнымі прасьцінамі сталі ўхмыляцца і фыркаць у такт сьмеху, быццам яны разумелі.
Калі сама Сястра агучыла праблему пацыента Макмэрфі на наступны дзень, сказала, што зь нейкай дзіўнай прычыны ён, здаецца, зусім не рэагуе на ЭШТ, і што, магчыма, спатрэбяцца больш радыкальныя захады, каб наладзіць зь ім кантакт, Гардынг адказаў:
— Ну, гэта магчыма, міс Брыдар, так — але з таго, што я чуў, як там у вас ідзе з Макмэрфі, ён без праблемаў наладзіў кантакт з вамі.
Вялікая Сястра так разгубілася і зьбянтэжылася, калі ўсе ў пакоі пачалі зь яе сьмяяцца, што больш не кранала гэтай тэмы.
Яна зразумела, што пакуль Макмэрфі ў тым аддзяленьні і нашыя ня бачаць, як яна яго гне, ён робіцца ў іх вачах большым, чым раней, вырастае амаль у легенду. На чалавека, якога ня бачыш, нельга глядзець, як на слабака, вырашыла яна, і пачала плянаваць, як вярнуць яго назад. Нашыя самі здолеюць пабачыць, што ён можа быць такім жа слабым, як іншыя, разьлічыла яна. Ён ня зможа захаваць ролі героя, калі будзе сядзець у дзённым пакоі ў шокавым ступары.
Нашыя такога чакалі і разумелі, што як толькі яго вернуць у аддзяленьне, каб усім паказаць, яна будзе пасылаць яго на электрашок штораз, калі ён ачомаецца. Таму Гардынг, Скэнлан, Фрэдрыксан і я дамовіліся пераканаць яго, што для ўсіх будзе лепей, калі ён уцячэ са шпіталю. І ў суботу, калі яго прывялі ў аддзяленьне — ён крочыў у дзённы пакой, як баксэр выходзіць на рынг, пляскаючы ў далоні над галавой, і абвясьціў, што чэмпіён вярнуўся, — у нас ужо быў падрыхтаваны плян. Мы дачакаемся цемры, падпалім матрац, а калі прыедуць пажарнікі, мы штурмам возьмем уваход і выпусьцім яго. Нам здавалася, што гэта такі добры плян, што ён ня зможа адмовіцца.
Але мы не падумалі, што быў якраз той дзень, на які ён дамовіўся зь дзяўчынай, Кэндзі, што тая прабярэцца ў аддзяленьне на спатканьне зь Білі.
Яго прывялі ў аддзяленьне каля дзясятай раніцы.
— Я як бочка зь сікунамі і воцатам, братва; мне праверылі запальныя сьвечкі, зачысьцілі кантакты, і цяпер я сьвячуся, як індуктар у старым фордзе. Калі-небудзь падлучалі такую штуку на сьвяты? Жых! Сапраўдная весялуха.
Ён сноўдаўся па аддзяленьні, большы, чым калі раней, кульнуў пад дзьверы Сястроўні вядро з вадой мыць падлогу, паклаў кавалак масла на мысок белага замшавага чаравіка найменшаму з чорных, так што той не заўважыў, і душыўся сьмехам увесь абед, пакуль масла раставала і рабіла жоўтую пляму, якая, паводле Гардынга, «наводзіла на разнастайныя думкі». Ён быў вялікі, як ніколі, і штораз, як ён праходзіў упрытык да мэдсястры-практыканткі, тая пішчала, закочвала вочы і ўцякала па калідоры, паціраючы бок.
Мы патлумачылі яму плян уцёкаў, а ён адказаў, што няма куды сьпяшацца, і нагадаў нам пра спатканьне Білі.
— Мы ж ня можам расчараваць нашага Білі, праўда, братва? Тым больш калі ён з цнатлівасьцю зьбіраецца разьвітацца. Дый вечарынка сёньня мае быць нішто сабе, калі ўсё атрымаецца: скажам так, можа, гэта мая разьвітальная вечарынка.
На тых выходных якраз працавала Вялікая Сястра — яна не хацела прапусьціць ягонага вяртаньня — і яна пастанавіла правесьці сход, каб зь нечым разабрацца. На сходзе яна зноў паспрабавала агучыць сваю прапанову наконт больш радыкальных захадаў. Яна настойвала, каб доктар разгледзеў такую магчымасьць, «пакуль яшчэ ня позна дапамагчы пацыенту». Але Макмэрфі быў як круцёлка падміргваньняў, пазяханьняў і адрыжак, пакуль яна прамаўляла, а калі яна нарэшце змоўкла, ён адразу ж зьдзівіў доктара і ўсіх пацыентаў, пагадзіўшыся зь ёй.
— Ведаеце, док, мо яна й праўду кажа. Няма толку ад некалькіх чэзлых вольт. А калі падвоіць напругу, дык мо я здолею лавіць восьмы канал з навуковай фантастыкай, як Марціні. А то мне ўжо абрыдлі гэныя аднастайныя галюны ў ложку, калі бачыш толькі чацьверты канал з навінамі і надвор’ем.