— А божачкі, Тэркл, ты што тут робіш? — Макмэрфі адначасова спрабаваў гаварыць суровым голасам і стрымліваць сьмех. — Выйдзі паглядзі, чаго яна хоча. Што яна падумае, калі цябе ня знойдзе?
— Нам гамон, — вымавіў Гардынг і прысеў. — Зьлітуйся над намі, Алах.
Тэркл адчыніў дзьверы, высьлізнуў вонкі і сустрэў яе ў калідоры. Яна прыйшла паглядзець, што значыць усё гэтае сьвятло. Для чаго спатрэбілася ўлучаць усё асьвятленьне ў аддзяленьні? Тэркл адказаў, што ня ўсё асьвятленьне ўключанае, бо выключанае сьвятло ў палаце, і ў прыбіральні таксама. Яна сказала, што гэта не апраўданьне для астатняга асьвятленьня, зь якой такой прычыны тут усё гэтае сьвятло? Тэркл разгублена маўчаў, і ў гэтым доўгім маўчаньні я пачуў, як побач са мной у цемры перадаюць бутэльку. Там, у калідоры, яна паўтарыла пытаньне, і Тэркл адказаў, што, маўляў, ён проста прыбіраў і правяраў памяшканьні. Яна тады захацела даведацца, чаму цёмна ў прыбіральні — адзіным памяшканьні, чыстка якога ўваходзіць у ягоныя службовыя абавязкі? Пляшка зноў пайшла па коле, мы ўсе чакалі, што ён адкажа. Чарга дайшла да мяне, і я зрабіў глыток. Я адчуваў, што мне гэта трэба. Ажно адсюль я чуў, як у калідоры Тэркл глытае сьліну і гугнявіць, спрабуючы нешта патлумачыць.
— Яму капцы, — прасычэў Макмэрфі. — Трэба, каб хтосьці выйшаў і дапамог.
Я пачуў, як побач нехта змыў ваду ва ўнітазе, дзьверы адчыніліся, і ў сьвятле калідору зьявіўся Гардынг, які выходзіў з прыбіральні, папраўляючы піжаму. Начальніца войкнула, пабачыўшы яго, а ён папрасіў прабачэньня, сказаў, што не заўважыў яе, бо так цёмна.
— Тут ня цёмна.
— Я маю на ўвазе ў прыбіральні. Я заўсёды выключаю сьвятло, каб дасягнуць аптымальнай работы кішачніка. Гэтыя люстэркі, разумееце... калі сьвятло ўключанае... люстэркі назіраюць за мной асуджальна і выносяць прысуд, калі нешта выходзіць ня так.
— Але санітар Тэркл сказаў, што ён там прыбіраў...
— І трэба сказаць, цудоўна спраўляўся са сваёй працай, калі ўлічыць абмежаваньні, накладзеныя на яго цемрай. Ня хочаце паглядзець?
Гардынг трошачкі прачыніў дзьверы, і скрылік сьвятла прарэзаўся па кафлі на падлозе прыбіральні. Я заўважыў, як начальніца падалася назад, сказала, што ёй давядзецца адмовіцца ад такой прапановы, бо яшчэ трэба абход рабіць. Потым я пачуў, як яна зноў адамкнула дзьверы ў калідоры і сышла з аддзяленьня. Гардынг крыкнуў ёй хутчэй вяртацца для новай праверкі, а ўсе выбеглі, і сталі трэсьці яму руку ды пляскаць па плячы за тое, як ён усе правярнуў.
Мы стаялі ў калідоры, і віно зноў пайшло па коле. Сэфэлт сказаў, што ён бы зь вялікай ахвотай цяпнуў гарэлкі, каб было з чым яе зьмяшаць. Ён спытаўся ў Тэркла, ці ёсьць у аддзяленьні які запівон, і той адказаў, што хіба вада. Фрэдрыксан спытаўся, а як наконт сыропу ад кашлю?
— Мне часам даюць з двухлітровага слоіка ў працэдурным. На смак някепская штука. Ты ж маеш ключ ад таго пакою, Тэркл?
Тэркл адказаў, што ўначы ключ ад працэдурнага ёсьць толькі ў начальніцы зьмены, але Макмэрфі ўгаварыў яго дазволіць нам паспрабаваць адмычкай. Тэркл ухмыльнуўся і ляніва кіўнуў. Пакуль яны з Макмэрфі працавалі над замком з канцылярскімі сашчэпкамі, мы зь дзяўчатамі бавіліся ў Сястроўні, адчынялі тэчкі і чыталі асабістыя справы.
— Ты паглядзі, — вымавіў Скэнлан, патрасаючы адной з тэчак. — Во што значыць поўнае дасье. У іх нават мой дзёньнік са школы ё. А-а-а, жахлівыя адзнакі, проста жахлівыя.
Тым часам Білі разам са сваёй дзяўчынай праглядалі ягоную асабістую справу. Яна зрабіла крок назад і акінула яго позіркам:
— Усе гэтыя штукі, Білі? Фрэнія тое, патыя сёе? Ты зусім не падобны да чалавека з такімі штукамі.
Другая дзяўчына адчыніла шафу і агучвала падазрэньні, навошта мэдсёстрам патрэбныя ўсе гэтыя бутэлечкі, іх тут мільён, а Гардынг сядзеў на стале Вялікай Сястры і пазіраў на ўсё гэта, хітаючы галавой.
Макмэрфі і Тэркл здолелі адамкнуць дзьверы ў працэдурны і вынесьлі адтуль зь лядоўні бутэльку густой вадкасьці вішнёвага колеру. Макмэрфі нахіліў бутэльку пад сьвятло і прачытаў з налепкі ўголас.
— Штучны араматызатар, фарбавальнік, лімонная кіслата. Семдзесят адсоткаў інэртнага рэчыва — гэта, пэўна, вада — дваццаць адсоткаў алькаголю, цудоўна, і дзесяць адсоткаў кадэіну. УВАГА, НАРКОТЫК, МОЖА ВЫКЛІКАЦЬ ЗАЛЕЖНАСЬЦЬ.
Ён адкруціў каўпачок і пакаштаваў сыроп, заплюшчыўшы вочы. Правёў языком па зубах, зрабіў яшчэ глыток і перачытаў цэтлік.
— Ну, — нарэшце прамовіў ён і шчоўкнуў зубамі, быццам іх толькі што натачылі, — калі крыху разбавіць гарэлкай, здаецца, будзе нішто сабе. Як у нас зь лёдам, братка Тэркл?