Выбрать главу

На тое, каб прыдбаць трох чорных дзённых санітараў, у яе пайшло яшчэ больш гадоў выпрабаваньня і адкідваньня тысячаў кандыдатаў. Яны прыходзяць да яе доўгім чорным шэ­ра­гам змрочных насатых масак, узьненавіджваючы яе і ей­ную крэйдавую лялечную бель зь першага ж погляду. Яна вывучае іх і іхную нянавісьць прыкладна месяц, а потым ад іх пазбаўляецца, бо яны ненавідзяць недастаткова. Калі яна нарэшце атрымоўвае тых траіх, якіх хацела, — паасобку цягам шэрагу гадоў, уплятаючы іх у свой плян і ў сваё сеціва, — яна цалкам перакананая, што тыя ненавідзяць дастаткова, каб быць спраўнымі.

Першага яна прыдбала на мой шосты год у аддзяленьні — скручанага мускулістага карузьліка колеру мокрага асфальту. Ягоную маці гвалцілі ў Джорджыі, пакуль ягоны тата стаяў, прывязаны пастронкамі ад плуга да распаленай жалезнай печкі, і кроў сьцякала яму ў боты.

Пяцігадовы хлопчык назіраў за гэтым з каморкі, вылупляючы вока, каб глядзець у шчыліну паміж дзьвярыма і вушаком, і ад таго часу ён ня вырас ані на цалю. Цяпер ягоныя павекі зьвісаюць з броваў, быццам яму на пераносьсе ўсеўся кажан. Павекі як тонкая шэрая тканіна, ён паднімае іх толькі крыху штораз, калі ў аддзяленьні зьяўляецца новы белы; ён пазірае з-пад іх, вывучае гэтага чалавека з галавы да ног і ківае толькі раз, быццам бы ён, так-так, абсалютна пераканаўся ў нечым, у чым ужо і раней быў упэўнены. Ён хацеў насіць з сабой шкарпэтку, поўную шроту, калі ўпершыню зьявіўся на працы, каб прыводзіць пацыентаў у парадак, але яна сказала яму, што так ужо ня робяць, прымусіла яго пакінуць гэтую штуку дома і навучыла свайму ўласнаму мэтаду; навучыла, як не паказваць сваёй нянавісьці, і быць спакойным, і чакаць, чакаць невялічкай перавагі, невялічкай слабіны, а тады зацягнуць вяроўку і ціснуць, не паслабляючы. Увесь час. Вось так іх прыводзяць у парадак, навучыла яна яго.

Астатнія двое чорных зьявіліся на два гады пазьней, прыйшлі на працу з розьніцай у часе прыкладна месяц. Абодва выглядаюць настолькі падобнымі, што я думаю, яна замовіла копію з таго, які зьявіўся першым. Яны высокія, кашчавыя і вострыя, а на іхных тварах вышчарблены выраз, які ніколі не мяняецца, як каменныя аканечнікі стрэлаў. Іхныя вочы завостраныя, а калі церануцца аб іхныя валасы, дык зьдзярэш скуру.

Усе яны чорныя, як тэлефоны. Чым яны чарнейшыя, зразумела яна з доўгага цёмнага шэрагу, што працаваў тут раней, тым болей яны будуць прыбіраць, шараваць і ўтрымліваць аддзяленьне ў парадку. Напрыклад, уніформы ва ўсіх траіх заўсёды чысьцюткія, як сьнег. Белыя, халодныя і шорсткія, як ейная ўласная.

Усе трое носяць накрухмаленыя беласьнежныя нагавіцы, белыя кашулі з мэталёвымі кнопкамі на адным баку і белыя чаравікі, адпаліраваныя, як лёд, з чырвонымі гумавымі падэшвамі, ціхімі, як мышы ў калідоры. Яны ніколі ня робяць ніякага шуму, калі рухаюцца. Яны матэрыялізуюцца ў розных месцах аддзяленьня штораз, калі хтосьці з пацыентаў наважваецца зрабіць нешта прыватнае ці прашаптаць іншаму нейкі сакрэт. Пацыент у куце ў самоце, калі раптам чуецца піск і ля яго шчакі марозіць; ён павяртаецца ў тым кірунку і заўважае халодную каменную маску ў паветры над ім каля сьцяны. Ён бачыць толькі чорны твар. Ніякага цела. Сьцены такія ж белыя, як уніформа, адпаліраваныя, як дзьверы лядоўні, і на гэтым фоне здаецца, што чорны твар і рукі лунаюць у паветры, як прывід.

Гады трэніровак падладжваюць усіх траіх чорных бліжэй і бліжэй да частаты Вялікай Сястры. Адзін за адным яны ўжо здольныя адключацца ад правадоў і працаваць праз радыёсыгнал. Яна ніколі не дае загадаў услых і не пакідае пісьмовых інструкцыяў, якія магла б знайсьці падчас наведваньня жонка некага з пацыентаў ці школьная настаўніца на экскурсіі. Ёй гэтага болей ня трэба. Яны ў кантакце на высакавольтавай хвалі нянавісьці, і чорныя ўжо выконваюць каманду раней, чым тая зьявіцца ў ейнай галаве.

Таму калі Сястра набрала свой пэрсанал, аддзяленьне запрацавала спраўна, як гадзіньнік вартаўніка. Усё, што прысутныя думаюць, кажуць і робяць, сплянаванае за некалькі месяцаў загадзя на падставе кароткіх запісаў, якія Сястра робіць удзень. Усё гэта друкуецца і заганяецца ў машыну, якая гудзе за сталёвымі дзьвярыма ў куце Сястроўні. З машыны вылазяць карткі распарадку дня, на кожнай зь іх — узор з маленькіх круглых дзірачак. На пачатку кожнага дня адпаведна датаваную КРД засоўваюць у шчыліну ў сталёвых дзьвярах, і сьцены пачынаюць гудзець: сьвятло ў палаце запальвацца а шостай трыццаць, вострыя хутка выскокваюць з ложкаў, бо чорныя могуць іх балюча падагнаць на працу — шараваць падлогі, чысьціць попельніцы, паліраваць драпіны на сьцяне, там, дзе напярэдадні закараціла аднаго старога, і той засмаліўся, спавіты дымам і смуродам гарэлай гумы. Вазочнікі перакідваюць зьмярцьвелыя зьдзервянелыя ногі на падлогу і чакаюць, седзячы, як статуі, пакуль нехта падкоціць ім крэслы. Кабачкі мочацца ў ложкі, спрацоўвае электрашок і званок, і яны скоч­ваюцца на кафляную падлогу, дзе чорныя могуць паліваць іх са шлянгаў і апранаць у чыстую зялёную ўніформу...