Не маглі яго спыніць, бо менавіта мы самі змушалі яго рабіць усё гэта. Не мэдсястра, а нашая патрэба прымушала яго павольна адціснуцца ад крэсла, налягаючы вялікімі рукамі на скураныя парэнчы, выштурхоўвала яго, падымала і ставіла на ногі, як нейкага кіназомбі, які падпарадкоўваецца загадам, што выпраменьваюць сорак гаспадароў. Гэта мы прымушалі яго не спыняцца тыднямі, заставацца на нагах, калі тыя ўжо адмаўляліся рухацца, тыднямі прымушалі яго падміргваць, ухмыляцца, сьмяяцца і працягваць граць сваю ролю, хоць ягоная весялосьць даўно ўжо была выпаленая паміж двума электродамі.
Мы змушалі яго стаяць і падцягваць чорныя майткі, быццам папраўляючы сядло, і ссоўваць пальцам кепку назад, нібыта гэта агромністы каўбойскі капялюш — павольныя, мэханічныя жэсты — і калі ён крочыў, можна было пачуць, як жалеза зьвініць на ягоных босых пятках, выбіваючы іскры з кафлі.
Толькі ў апошні момант — калі ён ужо праламіўся праз шкляныя дзьверы і яе твар гойдаўся ў жаху, што назаўжды зруйнаваў любы яе іншы будучы выраз, а яна верашчала, калі ён схапіў яе і цалкам разарваў сьпераду ўніформу, і зноў верашчала, калі два шары са смочкамі вываліліся і сталі ўсё болей надзімацца, большыя, чым хто калі ўяўляў, цёплыя і ружовыя на сьвятле — толькі ў апошні момант, калі кіраўніцтва зразумела, што трое чорных нічога не зьбіраюцца рабіць, акрамя як стаяць і глядзець, і што давядзецца яго зьбіваць зь яе бязь іхнай дапамогі, і дактары, начальства й мэдсёстры сталі выцягваць гэтыя цяжкія счырванелыя пальцы зь белай плоці яе горла, нібыта гэта былі костачкі ейнай шыі, торгалі яго, сьцягвалі зь яе, гучна і цяжка дыхаючы, толькі тады ён паказаў, што ён ня проста здаровы, разважлівы, упарты чалавек, які выконвае цяжкі абавязак, працу, якую ўрэшце трэба было зрабіць, хочаш ты таго альбо не.
Ён закрычаў. У апошні момант, упаўшы назад, паказаўшыся нам на імгненьне дагары нагамі, перш чым яго накрыла на падлозе гурба белых уніформаў, ён дазволіў сабе крык.
Гук страху загнанага ў кут зьвера, гук нянавісьці, і капітуляцыі, і супраціву, быццам бы ўпалявалі пуму ці рысь, і такі вось гук робіць загнаная на дрэва, падстрэленая жывёліна, якая падае перад зграяй сабакаў і якую нарэшце не хвалюе нічога, акрамя сябе і сваёй сьмерці.
Я пабыў у шпіталі яшчэ пару тыдняў, каб паглядзець, што будзе далей. Усё мянялася. Сэфэлт і Фрэдрыксан выпісаліся разам «насуперак мэдычным паказаньням»; праз два дні выпісаліся яшчэ трое вострых, а шасьцёра перавяліся ў іншае аддзяленьне. Было сур’ёзнае расьсьледаваньне акалічнасьцяў вечарынкі ў аддзяленьні і сьмерці Білі, і доктару паведамілі, што прымуць ад яго заяву на ўласнае жаданьне, а ён у адказ заявіў, што ім давядзецца прайсьці праз усе працэдуры і звальняць яго, калі яны ня хочуць, каб ён тут працаваў. Вялікая Сястра тыдзень ляжала на лячэньні, так што нейкі час тут кіравала маленькая мэдсястра-японачка з агрэсіўнага, і гэта дазволіла нашым шмат што памяняць у правілах аддзяленьня. Да таго часу, як Вялікая Сястра вярнулася, Гардынг нават дамогся, каб зноў адчынілі купальню, і сам наладзіў там гульню ў ачко, спрабуючы надаць свайму тонкаму піскляваму голасу басавітасьць, як у Макмэрфі. Ён якраз раздаваў, калі ключ торкнуўся ў замок.
Мы ўсе выйшлі ў калідор, каб сустрэць яе, спытацца наконт Макмэрфі. Яна адскочыла на два крокі, калі мы падышлі, і на імгненьне я падумаў, што яна зараз уцячэ. Ейны твар з аднаго боку быў пасінелы і азызлы, так што вока было зусім не відаць, а шыя была цалкам у гіпсе. На Сястры быў новы белы халат. Некаторыя з нашых ухмыляліся, пазіраючы на ейны перад, бо хоць халат быў меншы, цясьнейшы і больш накрухмалены за ранейшыя, ён болей ня мог схаваць таго факту, што яна жанчына.
Пасьміхаючыся, Гардынг падышоў да яе ўшчыльную і спытаўся, што здарылася з Макам.
Яна дастала маленькі блякнот і аловак з кішэні халата, напісала там: «Ён вернецца», — і перадала нам. Папера дрыжала ў ейнай руцэ. «Вы ўпэўненая?» — захацеў даведацца Гардынг, пасьля таго, як гэта прачытаў. Мы чулі рознае: што ён нібыта вырубіў дваіх санітараў у агрэсіўным, забраў іхныя ключы і ўцёк, што яго нібыта паслалі назад на папраўчую фэрму, нават што мэдсястра, якая цяпер кіруе, пакуль яны знойдуць новага доктара, ладзіць для яго адмысловую тэрапію.
— Вы абсалютна ўпэўненая? — паўтарыў Гардынг.
Мэдсястра зноў дастала свой нататнік. Ейная рука была зьбялелая, як ніколі, яна зь цяжкасьцю рухала суставамі, шкрабала на паперы, як робяць цыганкі на кірмашы, якія за пару цэнтаў крэмзаюць прадказаньні будучыні. «Так, містэр Гардынг, — напісала яна. — Я б не казала, калі б не была ўпэўнена. Ён вернецца».