Гардынг прачытаў паперку, потым парваў яе і кінуў абрыўкі ў Сястру. Яна ўздрыгнула і прыкрыла рукой пасінелую палову твару.
— Мадам, мне здаецца, вы тут нам лухту верзяце, — прамовіў ён. Яна паглядзела на яго, і ейная рука на нейкую сэкунду завагалася над нататнікам, але потым яна разьвярнулася і пайшла ў Сястроўню, засунуўшы нататнік і аловак назад у кішэню халата.
— Ну-ну, — сказаў Гардынг. — Здаецца, нашая размова атрымалася крыху пункцірнай. Але ўрэшце, калі табе кажуць, што ты лухту вярзеш, які тут увогуле можна даць пісьмовы адказ?
Яна спрабавала зноў давесьці да ладу аддзяленьне, але гэта было цяжка зрабіць, бо прысутнасьць Макмэрфі па-ранейшаму тупала па калідорах, голасна рагатала на сходах і сьпявала ў прыбіральнях. Вялікая Сястра не магла ўладарыць, як раней, — гэта было немагчыма з дапамогай цыдулак. Яна губляла пацыентаў аднаго за другім. Пасьля таго, як Гардынг выпісаўся і па яго прыехала жонка, а Джорджа перавялі ў іншае аддзяленьне, нас засталося толькі трое з тых, хто езьдзіў на рыбалку: я, Марціні і Скэнлан.
Я пакуль не хацеў пакідаць аддзяленьня, бо яна здавалася надта ўпэўненай, выглядала, што яна чакае яшчэ аднаго раўнду, і я хацеў пры гэтым прысутнічаць. І аднойчы раніцай, калі Макмэрфі ўжо не было тры тыдні, яна зрабіла свой апошні ход.
Дзьверы ў аддзяленьне адчыніліся, і чорныя ўпіхнулі каталку, на якой быў прылеплены графік з тлустымі чорнымі літарамі. МАКМЭРФІ, РЭНДЛ П. ПА АПЭРАЦЫІ. А ніжэй было дапісана чарнілам: ЛЯБАТАМІЯ.
Яны закацілі гэта ў дзённы пакой і пакінулі ля сьцяны, побач з кабачкамі. Мы сталі ля ўзножжа каталкі, прачыталі надпіс на графіку, а потым паглядзелі на другі бок на галаву, уціснутую ў падушку, на рудыя кудзеры над тварам, малочна-белым, акрамя вялікіх барвовых сінякоў вакол вачэй.
Па хвілінным маўчаньні Скэнлан павярнуўся і сплюнуў на падлогу.
— Ааа, і што гэная сука старая хоча нам уцюхаць, трасца яе бяры. Ня ён гэта.
— Зусім да яго не падобна.
— Яна нас што, за поўных дурняў трымае?
— Ну, яны ўсё ж папрацавалі някепска, — сказаў Марціні, падышоўшы да галавы і паказваючы пальцам, каб пацьвердзіць свае словы. — Глядзіце. Зрабілі зламаны нос і гэты шалёны шнар, нават бакенбарды.
— Вядома ж, — гыркнуў Скэнлан, — але ж ну й халера!
Я праціснуўся паміж іншымі пацыентамі і стаў поруч з Марціні.
— Вядома ж, яны могуць рабіць і шнары, і зламаныя насы, — сказаў я. — Але яны ня могуць зрабіць яго выгляду. У гэтым твары нічога няма. Як нейкі манэкен з крамы, праўда, Скэнлан?
Скэнлан зноў сплюнуў:
— Ясная халера. Уся гэная штука... ну надта ўжо пустая. Кожнаму відаць.
— Глядзіце сюды, — прамовіў нехта з нашых, сьцягваючы прасьціну, — татуіроўкі.
— Вядома ж, — пагадзіўся я, — татуіроўкі яны могуць зрабіць. Але рукі, га? Рукі? Такіх зрабіць яны ня здолелі. Яго рукі былі вялікія!
Рэшту дня Скэнлан, Марціні і я цьвяліліся з таго, што Скэнлан назваў убогай кірмашовай падробкай на каталцы, але час ішоў, апухласьць вакол вачэй пачала спадаць, і я пабачыў, што нашыя ўсё часьцей і часьцей падыходзяць паглядзець на гэтую фігуру. Я назіраў, як яны праходзяць міма, робяць выгляд, што ідуць да паліцы з часопісамі ці да фантанчыка зь пітной вадой, каб кінуць яшчэ адзін прыхаваны позірк на гэты твар. Назіраў і спрабаваў зразумець, што б зрабіў ён сам. Я быў упэўнены толькі ў адным: ён бы не пакінуў нешта такое сядзець у дзённым пакоі са сваім імем на таблічцы дваццаць ці трыццаць гадоў, каб Вялікая Сястра магла паказваць прыклад таго, што можа здарыцца, калі пойдзеш супраць сыстэмы. У гэтым я быў перакананы.
У тую ноч я дачакаўся, каб гукі ў палаце давялі мне, што ўсе ўжо сьпяць, і каб чорныя спынілі свае абходы. Потым я павярнуў галаву на падушцы, каб пабачыць ложак побач з маім. Гадзінамі я прыслухоўваўся да дыханьня — ад таго часу, што сюды завезьлі каталку і паклалі насілкі на ложак — прыслухоўваўся, як лёгкія запіналіся і спыняліся, потым зноў запускаліся, спадзяваўся, што яны спыняцца назаўжды, але пакуль што не паварочваўся паглядзець.
У вакне віднеўся халодны месяц, заліваў сьвятло ў палату, як перагон. Я сеў у ложку, і мой цень упаў на гэтае цела, нібыта раскалоўшы яго напалам паміж сьцёгнамі і плячыма, пакінуўшы там толькі чарнату. Апухласьць ужо спала настолькі, што вочы расплюшчыліся; яны пазіралі на зыркае сьвятло месяца, шырокія і бяссонныя, зашклянелыя ад таго, што не міргалі так доўга, ажно зрабіліся падобныя да закураных правадкоў у засьцерагальніках на электрычным шчыце. Я пасунуўся, каб узяць падушку; вочы зачапіліся за гэты рух і сачылі за мной, калі я падняўся і прайшоў нейкі мэтар паміж ложкамі.