Шэсьць сорак пяць, бзыкаюць машынкі ў галільні, і вострыя ў люстэрках шыхтуюцца ў шэраг паводле альфабэту, А, Б, В, Г... Хронікі-хадакі кшталту мяне заходзяць, калі з вострымі скончана, потым закочваюць вазочнікаў. Астатніх трох старых, з покрывам жоўтай цьвілі на адвіслай скуры пад падбародзьдзямі, голяць у іхных крэслах у дзённым пакоі, прышпіліўшы за ілбы скуранымі пасамі, каб яны ня вырубіліся ад электрабрытвы.
Часам раніцамі — асабліва ў панядзелкі — я хаваюся і спрабую вырвацца з раскладу. Іншымі раніцамі я мяркую, што хітрэй будзе проста рухацца паміж А і В у альфабэтным шэрагу, як і ўсе астатнія, не падымаючы ног, — магутныя магніты ў падлозе цягнуць усіх праз аддзяленьне, нібы машынкі на атракцыёне.
Сёмая гадзіна, адчыняецца сталоўка, і парадак чаргі мяняецца на супрацьлеглы: спачатку вазочнікі, потым хадакі, а потым вострыя бяруць падносы, кукурузныя шматочкі, яечню з бэконам, тосты — а гэтым ранкам яшчэ й кансэрваваны пэрсік на лісьціку зялёнай парванай салаты. Некаторыя вострыя прыносяць падносы вазочнікам. Большасьць вазочнікаў — гэта проста хронікі з хворымі нагамі, але сярод іх ёсьць трое, у якіх целы ад шыі долу зусім не працуюць, дый вышэй ня вельмі. Іх завуць кабачкамі. Чорныя прыкочваюць іх, калі ўсе астатнія ўжо ўселіся, ставяць іхныя вазкі ля сьцяны і прыносяць ім аднолькавыя падносы з прымацаванымі дыетычнымі карткамі і гразкай цёртай ежай. «МЭХАНІЧНА АПРАЦАВАНАЕ МЯККАЕ» — напісана на картках для гэтых траіх: яйкі, шынка, хлеб, бэкон, усё перажаванае трыццаць два разы сталёвай машынай на кухні. Я бачу, як яна надзімае закратаваныя вусны, нібы шлянг пыласоса, і выплёўвае камяк пражаванай шынкі на талерку з такім гукам, як у хляве.
Чорныя загружаюць ежу ў ружовыя сьлінявыя раты кабачкоў крыху захутка, каб глытаць, і «мэханічна апрацаванае мяккае» вылазіць і спаўзае па малюткіх падбародках на зялёную ўніформу. Чорныя лаюцца на кабачкоў і разьдзіраюць ім раты, круцячы лыжкамі, нібы вышкрабаюць гніль зь яблыка.
— Гэты стары пярдун Блэстык, ён проста ў мяне на вачах на шматкі рвецца. Ужо й ня ведаю, жарэ ён пюрэ са скваркамі ці кавалкі свайго сранага языка...
Сем трыццаць, зноў у дзённым пакоі. Вялікая Сястра пазірае праз сваё адмысловае шкло, заўсёды адпаліраванае да празрыстасьці, і ківае ў згодзе з тым, што бачыць, потым працягвае руку і адрывае аркушык са свайго календара — на дзень бліжэй да мэты. Яна націскае на кнопку, каб усё пачалося. Я чую вібрацыю нейкай нябачнай вялікай бляхі. Усім увага. Вострыя: сядайце на сваім баку пакою і чакайце, пакуль прынясуць карты і «манаполькі». Хронікі: сядайце на сваім баку і чакайце скрынку-падарунак ад Чырвонага Крыжа з карцінкамі-складанкамі. Эліс: ідзі на сваё месца ля сьцяны, падымі рукі для цьвікоў і сікай сабе ў калашыну. Піт: круці галавой, як лялька. Скэнлан: рухай вузлаватымі рукамі на стале перад сабой, рабі ўяўную бомбу, каб падарваць уяўны сьвет. Гардынг: пачынай гаварыць, махаючы рукамі-галубамі ў паветры, потым злаві іх у пастку пад пахамі, бо дарослыя мужчыны ня мусяць так махаць сваімі прыгожымі рукамі. Сэфэлт: пачынай скардзіцца, што ў цябе баляць зубы і выпадаюць валасы. Усе разам: удыхнулі... выдыхнулі... У дасканалым парадку; усе сэрцы б’юцца з частатой, загаданай КРД. Гук адладжаных цыліндраў рухавіка.
Як у мультфільмах, дзе плоскія чорныя контуры фігурак прадзіраюцца скрозь нейкую дурнаватую гісторыю, якая магла б быць сапраўды сьмешнай, калі б гэтыя мульцяшныя фігуркі не былі сапраўднымі людзьмі...
Сем сорак пяць, чорныя ідуць уздоўж шэрагу хронікаў, прыладжваюць катэтэры тым, хто сядзіць для гэтага дастаткова спакойна. Катэтэры — скарыстаныя прэзэрватывы, абрэзаныя з двух бакоў і прыматаныя ізаляцыйнай стужкай да трубак, якія спускаюцца па назе ў плястыкавыя пакеты з надпісам: «АДНАРАЗОВЫ. НЕ ВЫКАРЫСТОЎВАЦЬ ДВОЙЧЫ». У канцы кожнага дня я мушу іх мыць. Чорныя прымацоўваюць прэзэрватывы да валасоў на целе, таму старыя катэтэрныя хронікі безвалосыя, як немаўляты, — валасы застаюцца на адарваных стужках.