Выбрать главу

— Якая бадзёрая атмасфэра, праўда ж?

Ён мітусіцца вакол настаўніц, якія ад страху зьбіліся ў купку, і пляскае ў далоні:

— О, калі я згадваю мінулыя дні, гэты бруд, кепскую ежу, нават жорсткае абыходжаньне, так-так, о, я ўсьведамляю, шаноўныя паненкі, які плён далі нашыя намаганьні!

Хто б ні зьявіўся ў дзьвярах, звычайна гэта расчараваньне, але заўсёды ёсьць шанец на нешта іншае, і калі ключ увахо­дзіць у замок, усе галовы падымаюцца, быццам іх разам пацягнулі за вяровачку.

Гэтым ранкам замкі бразгочуць дзіўна; ля дзьвярэй не звычай­ны наведнік. Чуваць голас ахоўніка, нэрвовы і нецярплівы:

— Хто на прыёме, расьпішыцеся за новенькага!

Чорныя ідуць туды.

Новенькі. Усе спыняюць гульню ў карты ды «манапольку» і паварочваюцца да дзьвярэй. Звычайна ў гэты час я б якраз падмятаў у калідоры і пабачыў бы, каго прывезьлі. Але сёньня, як я вам ужо тлумачыў, Вялікая Сястра загнала ў мяне сто пудоў рознай дрэні, і я нават у крэсьле варухнуцца не магу. Звычайна я першы бачу новенькага, як ён увальваецца ў дзьверы, сунецца ўздоўж сьцяны і стаіць, спалоханы, а чорныя расьпісваюцца за яго і вядуць у душ, дзе яго разьдзяваюць і пакідаюць дрыжаць ля адчыненых дзьвярэй, пакуль яны ўтрох бегаюць па калідоры, шукаюць вазэлін.

— Нам трэ вазэлін, — кажуць яны Вялікай Сястры. — Для градусьніка.

Яна акідвае іх позіркам:

— Яшчэ б ён вам непатрэбны, — і дае ім трохлітровы слоік. — Але памятайце, хлопцы, не гуртуйцеся там.

Потым я бачу, як двое ці ўсе трое ў душавым пакоі з новенькім намазваюць градусьнік вазэлінам слоем з палец, мармычуць: «От так, пацан, от так». А потым яны зачыняюць дзьверы і адкручваюць да ўпору ўсе душы, так што нічога не чуваць, акрамя шалёнага сычэньня вады на зялёнай кафлі. Звычайна я ў калідоры і бачу ўсё акурат так.

Але гэтым ранкам мне даводзіцца сядзець у крэсьле і адно чуць, як яго прымаюць. Нават ня бачачы, я ведаю, што гэта не звычайны новенькі. Ня чую, каб ён спалохана соўгаўся ўздоўж сьцяны, а калі яму кажуць пра душ, ён не дае згоды слабым ціхім «так»; ён адразу ж адказвае гучным і рэзкім голасам, што і так ужо мыты-перамыты, чысты, як халера ясная, дзякуй.

— Мяне зранку памылі ў судзе, а ўчора ўвечары ў каталажцы. Хрыстом-Богам клянуся, яны б мне і па дарозе сюды ў таксоўцы вушы вымылі, калі б там лазьня была. Я табе кажу, як мяне кудысьці перавозяць, дык шаруюць напярэдадні, пась­ля і падчас пераезду. Для мяне ўжо гук вады як сыгнал, што трэба транты зьбіраць. Ды адксьціся ты ад мяне з гэным гра­дусьнікам, Сэм, дай мне хвілінку агледзець новае жытло; я ж ніколі раней ня быў у інстытуце мазгазнаўства.

Пацыенты зьбянтэжана пераглядаюцца, потым ізноў гля­дзяць на дзьверы, адкуль па-ранейшаму чуваць голас. Ён гаво­рыць гучней, чым трэба, калі чорныя недзе побач. Такое ўражаньне, што ён наверсе, над імі, што ён плыве на вышыні мэтраў сорак і гукае тых, хто стаіць на зямлі. Гэта голас кагосьці вялікага. Чую, як ён ідзе па калідоры, і яго хада таксама належыць камусьці вялікаму — ён дакладна ня соўгаецца; на яго абцасах жалеза, і ён б’е ім аб падлогу, як падковамі. Зьяўляецца ў дзьвярах, спыняецца, засоўвае адзінцы ў кішэні; ногі шырока расстаўленыя; ён стаіць там, а ўсе глядзяць на яго.

— Здароўкі, братва.

Над яго галавой на нітцы вісіць папяровы кажан — застаўся з Гэлаўіну, — новенькі падымае руку і пстрычкай пасылае фігурку круціцца.

— Нішцяковы восеньскі дзянёчак.

Ён гаворыць крыху як Тата, гучным і магутным голасам, але выглядае па-іншаму. Тата быў чыстакроўны індзеец — сапраўдны правадыр, цьвёрды і бліскучы, як прыкла́д стрэльбы. Гэты хлопец руды, з доўгімі бакенбардамі і кудламі, якія вылазяць з-пад кепкі, так і просячыся пад нажніцы. Ён такі ж шырокі, як Тата быў высокі: шырокі ў падбародзьдзі, у плячах, у грудзях, з шырокай зубялявай гарэзьлівай усьмешкай. Ён таксама цьвёрды, але не як Тата — хутчэй, як бывае цьвёр­дым бэйсбольны мяч пад абшарпанай скурай. Па яго носе і шчацэ бяжыць шнар, зь якога яшчэ не зьнялі швоў — нехта добра яго апрацаваў у бойцы. Новенькі стаіць і чакае, а калі бачыць, што ніхто не спрабуе яму адказаць, пачынае сьмя­яцца. Ніхто ня можа дакладна сказаць чаму, бо нічога сьмешнага не адбываецца. Але ён сьмяецца ня так, як той для сувязяў з грамадзкасьцю. Свабодны і гучны сьмех выплывае з шырокага выскаленага рота, разыходзіцца ўсё далей, плёхаючыся аб сьцены палаты. Ня так, як сыты сьмех таго ёлупня. Гэты гучыць па-сапраўднаму. Раптам да мяне даходзіць, што я чую сьмех упершыню за шмат гадоў.