Выбрать главу

Новенькі стаіць, пазірае на нас, гойдаецца ў цяжкіх чаравіках і ўсё сьмяецца ды сьмяецца. Ён пакінуў адзінцы ў кішэнях, а астатнія пальцы пераплёў на жываце. Бачу, якія велічэзныя і спрацаваныя ў яго рукі. Усім у палаце — пацыентам, мэдпэрсаналу, усім — мову заняло ад яго і ад яго­нага сьмеху. Ніхто не спрабуе яго спыніць, не спрабуе нічога сказаць. Ён сьмяецца дасхочу, а потым заходзіць у дзённы пакой. Нават калі ён не сьмяецца, вакол яго лунае водгульле сьмеху, як вакол вялікага звона, які толькі што суцішыўся — водгульле ў яго вачах, у тым, як ён усьміхаецца і ўпэўнена крочыць, у тым, як ён размаўляе.

— Мяне завуць Макмэрфі, братва, Эр-Пэ Макмэрфі, і я заў­сёды рады згуляць на інтэрас. — Ён падміргвае, напяваючы радок зь песьні: — …і дзе б я ня ўбачыў картаў стос, я стаўлю… грошы… там, — і зноў сьмяецца.

Ён падыходзіць да століка, дзе гуляюць у карты, чапляе раздачу аднаго з пацыентаў сваім тоўстым загрубелым пальцам і касавурыцца на яе, ківаючы.

— Ага, я дзеля таго і прыехаў у ваш балаган, каб наладзіць вам, кураняткі, рушняк і весялуху за гульнёвым сталом. У Пэндлтане, на «хіміі», ужо нікога не засталося, каб мне жыцьцё расквеціць, во я й перавёўся, цяміце? Сьвежая кроў спатрэбілася. А-ёй, толькі паглядзіце, як гэнае птушанятка карты трымае, сьвеціць на ўвесь раён, анягож! Я вас, дзетачкі, як авечачак абстрыгу.

Чэзўік зьбірае свае карты. Руды працягвае яму руку для пры­вітаньня.

— Здароў, братка, у што гуляем? У тысячу? Дык ня дзіва, што вы тут нават не спрабуеце картаў хаваць. У вас што, нармалёвага стоса няма? Ну, ладна, не праблема, я тут на ўсялякі выпадак свой прыхапіў, тутака ня проста стандартная размалёўка — паглядзіце на карціначкі, га? Усе розныя. Пяцьдзясят дзьве позы.

У Чэзўіка і так ужо вочы на лоб павылазілі, а тое, што ён бачыць на картах, яшчэ падлівае алею ў агонь.

— Глядзі, не запэцкай; спакуха, мецьмем яшчэ досыць часу, нагуляемся ўдосталь. Люблю гуляць сваім стосам, бо звычайна праходзіць прынамсі тыдзень, перш чым астатнія зьвяртаюць увагу хаця б на масьць…

На новенькім — рабочыя штаны і кашуля з папраўчай фэрмы; сонца выпаліла іх да белі разбаўленага вадой малака. Ягоны твар, шыя і рукі — колеру дубленай бычынай шкуры, ад доўгай працы ў палях. У кудзерах заблыталася чорная матацыклетная кепка, а праз руку ён перакінуў скураную куртку. Боты ў яго шэрыя, пыльныя і такія цяжкія, што высьпяткам можна пераламаць чалавека напалам. Ён адыходзіць ад Чэзўіка, здымае кепку і выбівае зь яе аб сьцягно сапраўдную буру пылу. Адзін з чорных усё кружляе вакол яго з градусьнікам, але ён для іх занадта хуткі; ён ужо ў кампаніі вострых пацыентаў, ён пачынае абыходзіць усіх, паціскае ім рукі, таму чорны не пасьпявае пацэліць. Тое, як новенькі размаўляе, яго падміргваньне, гучны голас, фарсістая хада — усе гэта нагадвае мне гандляра машынамі ці быдлам альбо прадаўца на нейкім перасоўным кірмашы — такі дзядзька ў яркай паласатай кашулі з жоўтымі гузікамі стаіць перад каляровымі сьцяжкамі, што трапечуць ад ветру, і прыцягвае погляды, нібы магнітам.

— Тут бачыце, якая штука: я на «хіміі» ўлез у парачку разборак, калі ўжо казаць вам чыстую праўду, і мяне суд прызнаў псыхапатам. Ну ня буду ж я спрачацца з судом? Без праблемаў апошні цэнт можаце ставіць, што не. Калі можна ўцячы з гэных клятых гарохавых палёў, дык я буду кім толькі іх душачкі пажадаюць: псыхапатам, шалёным сабакам ці ваўкалакам — бо мяне ня дужа пакрыўдзіць, калі я больш да сьмерці матыкі ня ўбачу. Мне сказалі, што калі зашмат б’есься і баб дзярэш, дык ты псыха­пат, але ж гэта ня дужа да праўды падобна, як мяркуеце? Хто калі чуў, каб мужыку было зашмат дзюркі?

— Здароў, братка, як цябе клічуць? Мяне Макмэрфі, і я гато­вы зараз жа паставіць два баксы, што ты мне ня скажаш, колькі маеш ачкоў на руках, эээ, не падглядай. Два баксы, ну што? Халера, Сэм, ты можаш хоць паўхвілінкі пачакаць і ня тыцкаць у мяне гэным сваім градусьнікам?

Новенькі стаіць і недзе хвіліну аглядае дзённы пакой. На адным баку — маладзейшыя пацыенты, якіх называюць вострымі, бо дактары лічаць, што іхныя хваробы яшчэ мае сэнс лекаваць. Яны дужаюцца на руках і развучваюць картачныя фокусы, дзе трэба складаць, адымаць і падлічваць нейкую колькасьць картаў, каб знайсьці патрэбную. Білі Бібіт спрабуе навучыцца рабіць самакруткі, а Марціні ходзіць па пакоі, зазіраючы пад сталы і крэслы. Вострыя шмат ходзяць. Яны расказваюць адзін аднаму анэкдоты і пасьміхаюцца ў кулак (ніхто ніколі не насьмельваецца расслабіцца і засьмяяцца, увесь мэдпэрсанал адразу б зьбегся з нататнікамі і купай пытаньняў), а таксама пішуць лісты жоўтымі кароткімі абгрызенымі алоўкамі.