Яны фіскаляць адзін на аднаго. Часам нехта зь іх выпадкова кажа пра сябе нешта, што ахвотней захаваў бы ў сакрэце, і тады хтосьці зь яго прыяцеляў за сталом, дзе гэта прагучала, пазяхае, падымаецца і прасьлізгвае да вялікага журнала каля Сястроўні. Туды ён запісвае пачутае — яно мае тэрапэўтычную цікавасьць для ўсяго аддзяленьня, вось што кажа пра прызначэньне журнала Вялікая Сястра, але я ведаю, што яна папросту спрабуе назьбіраць дастаткова сьведчаньняў, каб сяго-таго з нашых перавялі ў Галоўны Корпус. Там ім зробяць рамонт мазгоў, каб пазбыцца праблемы.
Той, хто запісаў нешта ў журнал, атрымлівае зорачку насупраць свайго імя ў сьпісе і можа наступным ранкам спаць дапазна.
Насупраць вострых месьцяцца адкіды Камбінату, хронікі. У шпіталі яны не для таго, каб нешта выпраўляць, а проста каб не бадзяліся па вуліцах, падрываючы рэпутацыю прадпрыемства. Яны тут назаўжды, прызнае пэрсанал. Хронікаў дзеляць на хадакоў, кшталту мяне — тых, хто можа сам перасоўвацца, калі яго карміць, — і вазочнікаў ды кабачкоў. Хронікі — ці прынамсі большасьць з нас — гэта машыны зь непапраўнымі нутранымі хібамі, прыроджанымі альбо атрыманымі за шмат гадоў біцьця галавой аб цьвёрдае. Калі шпіталь знаходзіў такі асобнік, той часьцей за ўсё ўжо крывавіў іржой на нейкім сьметніку.
Але некаторыя з нас, хронікаў, — гэта вынік колішніх памылак пэрсаналу, бо трапілі сюды вострымі пацыентамі, а ўжо потым перайшлі ў іншую катэгорыю. Эліс — хронік, які апынуўся тут як востры, а потым яго папсавалі ўшчэнт, перагрузілі на гэтай паганай мазгабойні, якую чорныя называюць Шок-Блокам. Цяпер ён прыбіты да сьцяны ў тым самым стане, у якім яго апошні раз паднялі са стала: у той самай позе, з раскінутымі рукамі, скурчанымі пальцамі, з тым самым жахам на твары. Ён прыбіты да сьцяны, нібы паляўнічы трафэй. Цьвікі выцягваюць, калі час есьці ці везьці яго спаць або калі трэба яго адсунуць, каб я мог падцерці пад ім лужыну. У старой палаце ён так доўга стаяў на адным месцы, што яго сікі праелі пад ім падлогу, і ён увесь час правальваўся ў палату на паверх ніжэй, ствараючы блытаніну падчас пераклічкі.
Раклі — яшчэ адзін хронік, які некалькі гадоў таму трапіў сюды як востры, але яго перагрузілі іншым чынам: накасячылі, калі ставілі яму ў галаву адну са сваіх прымочак. Ён усім тут не даваў продыху: лез біцца да чорных, кусаў за ногі сястрычак-практыкантак, так што яго забралі на рамонт. Прышпілілі да стала, і, перш чым зачынілі дзьверы, ён падміргнуў і сказаў чорным: «Вы за гэта заплоціце, чэрці чарнамазыя». Потым нейкі час яго ніхто ня бачыў.
Яго вярнулі ў палату праз два тыдні, лысага, з ільсьняным барвовым сіняком замест твару і двума маленькімі штэпсэлямі памерам з гузік над вачыма. Можна пабачыць па вачах, як яго там выпалілі; яны задымленыя і шэрыя, і пустыя знутры, нібы перапаленыя засьцерагальнікі. Ён цяпер цэлымі днямі нічога ня робіць, а толькі трымае старое фота перад запечаным тварам, усё круціць і круціць яго ў халодных пальцах, і таму здымак з абодвух бакоў зацёрся на такі самы шэры колер, як ягоныя вочы, і ўжо нельга зразумець, што там раней было.
Пэрсанал лічыць Раклі адным са сваіх правалаў, але я ня ўпэўнены, што яму было б лепей, калі б яны ўсталявалі свае прымочкі дасканала. Апошнім часам яны рэдка касячаць. Тэхнікі цяпер больш спрактыкаваныя і дасьведчаныя. Болей няма дзірак над вачыма, ніякіх разрэзаў — яны цяпер працуюць праз вачніцы. Часам некага забіраюць на такую працэдуру, ён сыходзіць злосны і шалёны, кідаецца на ўвесь сьвет, а празь некалькі тыдняў вяртаецца зь сінякамі пад вачыма, быццам трапіў у бойку — і ён ужо наймілейшае, найпрыямнейшае стварэньне з найлепшымі паводзінамі, якія толькі хто бачыў. Можа нават празь месяц ці два ён вернецца дадому, у капелюшы, насунутым на твар люнатыка, які блукае ў простым, шчасьлівым сьне. Гэта называюць посьпехам, але па мне гэта яшчэ адзін робат для Камбінату, якому лепей было б зрабіцца правалам, як Раклі, што круціць фотаздымак і пускае на яго сьліну. Гэта ўсё, што ён робіць. Чорны курдупель час ад часу заводзіць яго — падыходзіць ушчыльную і пытаецца: