ВЯЧОРНАЯ МАЛІТВА
Даруй мне, Госпадзе, мой цяжкі грэх:
Сягоння я з сабой не саўладала,
Не ўтаймавала каламуты шалу,
Нянавісці да чалавека
З мазгамі хворымі.
Даруй мне, Божа:
Упершыню ў жыцці аж так варожа
Смяротны выдыхнуўся мной праклён...
Я помню запавет: "Не асудзі".
Я ведаю: Табой судзіма буду, —
Няхай жа воля здзеецца Твая! -
Але даруй, што поскудзь гэту, Юду,
Адродка гэтага любіць не здольна я!
Калі ён з роднай мацеры, маньяк,
Па-сатанінску здзекуецца, дужы,
Ірве язык ёй, адцінае вушы,
Вымае вочы, гвалціць памяць,—
Як,
О Госпадзе, як розуму не страціць,
Гэта ўоё бачачы,
Бяссілы
Суняць, ацяміць, здаць дактарам яго?!
Хоць лек ніякі ўжо тут не паможа...
Даруй мне, Божа.
* * *
Калі б замовіла свой страх,
Калі б яго я пазбылася,
Душа не чэзла б у мурах,
Душа купалася б у ясі.
Надарваецца ж гэткі цуд:
Бы збоч самой сябе стаю я,
А ўсё, што мне балела тут,
Як падаліст, ля ног шумуе.
Не вусцішна ні за сябе,
Ні за радню, ні за сябрыну,
Ні за бяссілую Айчыну:
Хіжак ёй печань не дзяўбе.
Бо годны вызначаны шлях,
І ланцугі сарваны з духу,
І рух разгортвае абсяг
Бязмежжа
за вяршыняй скрухі...
Надарваецца ж гэткі міг!..
МІЖ КВЕЦІВАМ СНЕГУ
Й ПЯШЧОТНАЙ СНЯЖНІЦАЮ ВІШНІ
Максіму Багдановічу
- Ён быў тваім Братам, - сказала сястрыца Данута, -
Абыйдзены шчасцем, шчэ больш безнадзейны ў пакутах,
Скажы пра Яго!»
Памаліся,
і будзеш пачута.
.................................................................................................
Амне -зацяло..,
Хоць сябе й пачуваю сястрою
Самотай Паэтавай сэрца самотнае крою.
Між квецівам снегу й пяшчотнай сняжніцаю вішні
Адшчодрыў палёту Яму над юдоллю Ўсявышні.
Крылаты заўжды асмяецца бяскрылымі ўсімі,
Зняважыцца імі, адпрэчыцца імі, Максіме.
Мінецца зямное - і немач, і пыха, і зверства,
І стома змагання, і ў лепшую долю няверства.
Адно не міне, не замосціцца - прорва самоты
Духоўнай істоты ў шуканні Красы між марноты,
Ці ж толькі ад жалю да нашае нэндзы краёвай
Бог вусны Твае растуліў беларускаю мовай?!
Не на прамінанне блукае вярэдліва рэха
Між цёплай сняжніцаю вішні і квецівам снегу.
ХРЫСТОС УВАСКРОС!
Бог праўды ўваскрос
і ў мястэчку маім
Велікоднаю ночай:
на фасадах дамоў,
на платах і на крамах
святочна зазорыла Слова:
НАШ ДОМ-БЕЛАРУСЬ!
Як ні злыднічай,
апантаны хаўрус
ліхадухаў ды патарочаў,
а Бог праўды жывы,
уваскрос:
бел-чырвона-бялюткім палотаішчам
на дроце высокавальтовым
дабравесціць прароча!
О саўковыя фарысеі ды садукеі,
віхлявыя айчынапрадаўцыды стукачы,
вашы поцемныя квачы
могуць сцены працерці наскрозь, —
не запэцаць вам,
не сцерці на друз
духаўздымнае:
НАШ ДОМ-БЕЛАРУСЬ!,
бо - жыве Беларусь!
НАКІДАЮЦЬ...
Вецер водарыць упарта
Першацветаваю цнотай.
...Накідаюць мне пагарду.
Свет не варты пашаноты.
На стаптаны поплаў выйду -
У сіле шарону ранне.
...Накідаюць мне агіду.
Свет не варт замілавання.
Што мінецца хмараў навісь -
Суцяшэннейка слабое.
...Накідаюць мне нянавісць.
Сэрца плача па любові.
МАЛІТВА ЗА ЎСІХ
О, каб далося і мне
Стацца для вас травою,
Той травой,
Што на горка-зняможлівай,
Сцюдзенай вярсце
Рызыкоўна праточваецца
Праз кару буралісту,
Цвіце
Ацаляльнаю барваю
Зеляною.