Душа не ведала спачыну.
Дай, Бог, ёй долі ў дальшым руху.
Ты нам не толькі жаль пакінуў:
Свяціцьме веліч Твайго духу.
ПРА ПЕРАМОГУ
"У вачах стынуў боль шчаслівы"...
Боль гэта - боль. І покуль ім акуты,
Як ні бадзёрся, зазнаеш пакуты.
І толькі калі час яго мінае,
Тады пакутаў іста высвітае.
Але не кожны, ой не кожны бачыць
Боль як нябёсны знак сябе іначыць.
Шырэюць ды глыбеюць скаргі, жалі,
Збіваюць з ног брыды ўсялякай хвалі.
Мы падаем і стогнем у знямозе, -
Але мы ёсць. І мы яшчэ ў дарозе.
Дасужы цемры князь, дасужы й дужы, -
Але палаюць ранаў нашых ружы,
Усё шчыльней сціскаецца аблога,
І паратунак- толькі перамога!
УГНЯЗДУЙ МЯНЕ Ў СЭРЦЫ
Паку Чжэ Ву, С.Я.Йоффэ
Пілігрыму ад поўдня да поўдня
Цераз плыўныя нетры часу
Зоўна выбліснуў промень з Усходу:
— Я апірка твая: не будзеш
Выпускаць мяне з рук у дарозе -
Не зняможашся па куп'іску,
Па каменні не падаб'ешся.
Я - апірка твая. І кладаа:
Не сцураешся, не разбурыш -
Правяду цябе лёгка, лётка
Цераз твань і цераз правалле.
Кладка я твая.
І апірка.
І цяпельца на гострых проймах:
І сагрэю я, і разважу,
І ў жарынку сэрца зыначу,
Калі ў сэрца мяне ўбярэш ты
Як святло, як святло Любові
Калі ў сэрца мяне ўбярэш ты,
Калі мне аднаму слугавацьмеш -
Успануеш сам над сабою,
Над памрокам і над бядою,
Над ступою між зор, пілігрыме.
Угняздуй мяне ў сэрцы.
ЧУЙНАР
"Ты на зямлі, каб несці крыж з пакорай,
Наканаванне дзейснячы сваё.
І ты чыймусьці трудаванню ўторыш,
І хтось мацуе спраўджванне тваё.
Інач усё, што можаш перайначыць,
Вітай усё, над чым не ўладны ты.
Што ж да аддачы... Не чакай аддачы.
Не тут яна. За рысай нематы.
ТАМ
адтайнуецца ўся патаёма
Заломаў лёсу і цярпення дар".
...Пазыбваўся ў начным дзвярным праёме
Бялёсы цень. Дарог маіх чуйнар.
* * *
Пры сцежцы
гарыць куст ружавы.
Мінаюцца з ім людзі
і зрываюць
дзівосныя бутоны.
Рукі ж ма -
пустыя.
Бо сцежка не мая?
КУПАЛКА
"Сягоння Купалка, а заутра Ян,
Хадзем на луг, дзевачкі, кветачкі рваць".
У далонях папараў, лужкоў, палян
Полымцам бледным купалкі гараць.
Хадзема, дзяўчаткі, вяночкі з іх віць,
Каб потым даверыць вяночкі вадзе:
Купальская ночка не стане таіць,
Варожачы нам, шчасцю быць, ці бядзе.
Пра долю пашэпчамся з плынню ракі,
Ачысцімся скокамі цераз агонь,
Дзе бледна-ліловыя каснічкі
У травы ўпляла ўжо ўся абалонь...
* * *
І гэтай ноччу-
даўні сон:
усе ніяк не дапускае нешта
здаць
экзамен па замежнай мове.
...Усё ніяк, відаць, не выспеліцца
нейкі мусовы плод
на голлі маёй дніны.
* * *
Звычайны,
безнадзейны
дзень
Нічога не чакалася,
і ўжо нічому сёння не адбыцца.
Лілейкай гойдаецца сэрца
ў затоцы
пяшчоты невытлумачальнай...
СКРЫПАЧ
Уцёк у мушлю музыкі,
а так глыбока,
так глыбока,
што да яго балкона на другім паверсе
не дапясці
ужо ніякім воклікам
вячэрняга Парыжа.
Стаіць сабе скрыпач і грае
на ўласным беразе -
нямога для бадзяжнікаў аглухлых -
іншасвету:
у мушлі музыкі.