Выбрать главу
НЕ КАНАВАНА
Была каханая табою Свяціўся шчасцем кожны рух, Святочнай сцежкаю абое Крылялі за будзённы круг.
Была табою мілавана Быў небадарным кожны міг І далеч промнямі праткана Для абаіх, для абаіх.
Праменне сьцмела за імглою. П’ю будняў выгарклы напой. Была каханая табою. Не канавана быць з табой.
* * *
Божа, Ты й дзеля мяне расхінуў белы свет, Дзякуй! Вось, расхінаюся й я прад Табою, растапляюся да самастраты, да страты ўласнае самсці зямной, каб святоўнай святлотай растапілася горкая пладавіна абмежаванасці і спаняволі.
ДАРОСЛЫЯ ДЗЕЦІ
Шукаем у спадарожніку нават не водбліск, не водцень, не водгалас, а ўсё нашае ўласнае "я" унайлепшым, у найдасканальшым яго варыянце, - без ніякіх гарантый, але з верай, што - знойдзем! А потым - а так неўзабаве - слёзы, і крыўды, і роспач з укарэньваннем у зацятасць, а потым- атрутная калючына цярновая, увагнаная ў сэрца сёння там, дзе ўчора гойна тулілася да нясцерпу жаданае абяцанне апошняга пялёстка рамонкавага, яго залатая зазнака любасці і пяшчоты. Стаімо на рагу захаду і ўзыходу ўласных ілюзій, сплаканныя, знерваваныя, з дакорамі да спадарожных. Бездапаможныя. Дарослыя дзіеці.
* * *

I. Ул. Баярчуку

Недзе ўзважваецца наш унёсак У Жыццё ў зямной гэтай юдолі. Ці адхмарацца калі нябёсы? Ці нап'ецца сэрца шчасця ўволю?
Будзем помніць: ледавік сыходзіць, Будзем помніць: і патоп мінае. Хоць, здаецца, сілы на зыходзе, Крык душы ў пустыні прападае...
Але сіл даецца роўна столькі, Колькі трэба, каб стрываць пакуту. Ветрам хіліцца да голькі голька, Кожны лісцік хоча быць пачутым...
* * *
Бачыць Бог, ты напраўду рады, калі я сама да цябе азавуся, ты напраўву рады і гэтаму, бачыць Бог, рады няма. Адхварэлі? Закаяліся? Трапятліва малюся Да Роўнаапостальнай Ніны: Памажы ніш, Святая, ўтрымаць і на цяперашняй сцюжы наш трыкір, нашыя тры свягліны: Свечкі, Птушкі і Ружы!..
* * *
Воблака душы з улады тлуму Вынесці пад воблака бярозаў, Хай пагоіцца зялёным шумам, Крыльцамі стракозак.
Бо пайшло яно ўжо проці ветру, Бо грымотамі ўжо набракае, Бліскавіцамі ў сцяжэлых нетрах Ластавак лякае.
Пастаяць у верасня ў прысенках. Неба ў крыжыках стрыжоў рахманых. З воблака бярозаў спель насення Сыплецца, ж манна...
***
Яшчэ ўсё навіваецца вопрадзень утульнасці, супакоенасці, святла, - толькі б хто не чапіў груба, жорстка выкручанага крыла, толькі б хто - назнарок, а ці неабачна - зноў не вымкнуў ранейшага болю!..
Хай хоць трохі яшчэ патрымае ў сваім прыполе абярэжлівая спагада нябёсаў на доле...
ТРОХІ ДЗІЎНА
Трохі дзіўна: не счулася, паяснеў калі Мой дрымучы лес над вадою цёмнай, Дзе лябёдачка з лебедзем - У іншасвеце - Плылі.
Трохі дзіўна: больш не ведаю стомы Рухаў пустых, Неўмалотных думак атрута Страціла сілу.
...Дзесь плывуць сабе тыя лебедзь з лябёдачкай... Дзякуй, сэрца, што іх У невараць Адпусціла.
Ззянне крылаў тых птахаў шчаслівых Яшчэ Стукам тваім гарачым Мяне дагоніць, Іначай Так несмутліва Не світала б сягоння.