Ксяндзы пасьля кожнага маленьня казаньнямі ўбівалі ў галовы беларускай шляхце і рамесьнікам, што „намі кіруе расійскі цар. Ён зьдзекуецца над намі — палякамі. Мы павінны весьці барацьбу з імі пад апекаю маткі-боскай і пана Езуса“...
Пасьля такой агітацыі агенты „белых“ запісваюць жадаючых у свае атрады. Але тут проста дзеля карысьці яны „уваходзілі ў народ", нібы збліжаліся з ім, а гэта народ надбадзёрвала і ён ішоў з ахвотаю.
Каліноўскі — чырвоныя — ужо разьбіўшыся на атрады, пачалі выступаць.
Але як з аднымі, так і з другімі змагаўся Мураўёў.
„Мураўёўскі гальштук" ніколі ня быў бяз працы.
Мураўёў быў пераконаны, што паўстаньне ўсьціхамірана.
Шмат перавешана, частка запужана, бо заўсёды ніводная сялянская справа ня бачыла іншае рэзолюцыі, як толькі павесіць.
Але ўсё-ткі іначай думалі хлопцы.
Каліноўскага цяпер яны бачылі ў лесе, сярод маладых, заровых, загартованых барацьбой з самаўладзтвам і паншчынай хлапцоў.
Яны бачылі, лепш сказаць, даведаліся па сялянскіх настроях, што рэформа Аляксандра II сялянства ня ўцешыла, дык гэтым карыстаўся Каліноўскі для агітацыі.
Хлопцы былі пераконаны, што сялянства і ў гарачую хвіліну пойдзе на дапамогу Каліноўскаму для сваёй-жа свабоды.
Апускаюцца зацікаўленыя хлопцы ніжэй даведацца, штo-ж будзе далей...
Праляцеўшы дні тры-чатыры бліжэй да нас, раптам Данила спыніў ход матору. Пагасла зорка, „Паўлюяздан" стаў...
Вільня.
— Што за ігрышча? Язэп, а, ну, дай адбітак!...
МУРАЎЁСКІ БАЛЬ
Не прайшло і пяць хвілін, як Язэп паказаў картку.
— Бачыш, во Мураўёў! — кінуў таварышом Язэп.
— Глянь, якая бліскучая, крывавая натура.
— Што гэта ён кульгавіць, што з палкай ходзіць... вось каб яму ды выкруціць іх...
І праўда, Мураўёў увесь дрыжэў ад залатога бляску пагонаў, „заслужаных" крыжоў і гэнэральскай iстужкі.
Бачачы бліскучыя вынікі сваёй працы, упэўніўшы сябе, што і думка аб паўстаныіі павінна замерці, паставіў ён сабе баявой задачай злавіць Каліноўскага і... працёршы рукі, працэдзіў — па-ве-е-сіць...
— Вешай яго, але раней злаві! — сьмяяліся хлопцы... "Пойдзеш у беларускі лес, ногі аб карчы паламаеш... сам павесішся..."
Але раптам, даведаўшыся, хлапцоў зноў затрывожыла. Мураўёў па вёсках організаваў атрады „сельскай стражы“, якая складалася выключна з сялян, прымусіўшы іх пад страхам кары сачыць і лавіць паўстанцаў.
А белыя! Якое бруднае стварэньне — здаліся і пачынаюць нават дапамагаць расійскаму ўраду ў барацьбе з чырвонымі, з Каліноўскім.
І Мураўёў у знак нібы пабеды ладзіць у адным з віленскіх будынкаў баль.
Рассылае запрашаючыя білеты, а знача „шкодных" ня будзе.
Блізкая Мураўёву паненка была закахана ў рускага капітана (Каліноўскага).
Каліноўскі, часта пераадзяваючыся ў форму рускага капітана, быў на балях арыстократыі.
Дзякуючы ёй у Каліноўскага быў білет на баль. Ён прышоў, як заўсёды, у форме рускага капітана.
Заля дрыжэла электрычным бляскам. Тры оркестры разьвесялялі старых і маладых — адну сам'ю арыстократыі.
Адны ў куткох сядзяць, абліваючы сябе павевамі каханьня... Іншыя, больш старыя офіцэры, у тым ліку і „рускі капітан“, за бокаламі віна разьбіраюць пытаньні політыкі.
— Паўлюк, гэта-ж Каліноўскі, — толькі цяпер разгледзіўшы картку Язэпавага апарату, сказаў Даніла.
— Ясная справа, ён! Бачыш, мы памчаліся і ня ўгледзілі, як і Каліноўскі ў Вільні.
— Але будзем глядзець, што з гэтага выйдзе.
— Паглядзім баль паноў!
Мураўёў з паненкаю гуляе ў залі. Конфеці, бой сэрпанцін уздымаюць у прысутных проста дзіцячую забаву і радасьць.
Вячэра.
Доўгі стол завалены рознымі закускамі і розных выглядаў віна...
Мураўёў падымае бокал віна і трымае першы тост. І, заўсёды, дзе бы там ні было,ён сваю прамову канчаў:
— Нам цяпер неабходнай задачай засталася толькі адна - злавіць, ізьвініце за выражэніе, гэту сволач Каліноўскага...
Оркестр грае туш, заглушаючы чоканьне бокалаў.
Шмат, шмат хто гаварыў, але дайшла чарга і да «рускага капітана».
— Гаспада! Мы, рускае офіцэрства, должны не пошчадзіць своей жызьнею во імя цара і ацечэства, а паймаць этаго разбойніка, этаго бунтаўшчыка, развратніка народных послушаній, этаго Ка-лі-ноў-скага!
Мураўёў здаволена крыкнуў:
— Во славу рускага афіцэрства п‘ём!
— П‘ё-м-м!..
Туш...
***
Пасьля вячэры танцы.
Каліноўскі танцуе з паненкай Мураўёва, што і заўважыў сам гэнэрал.
Як толькі скончылі танцаваць, Мураўёў падыйшоў да "парачкі“ і тут знаёміцца з „капітанам".
Каліноўскі выстраіўся і прадставіўся.