Настаўнік зрабіў паўзу, перавёў дыханне, агледзеў вучняў і з неадменнай хітрынкай у вачах спытаўся:
— І што, вы думаеце, было далей?
— Не ведаем! — хорам адказалі вучні, быццам загіпнатызаваныя расповедам настаўніка.
— А далей было вось што: нечакана ў той дуб са страшэнным грукатам ударыла маланка. Такая моцная, што раскалола магутнае дрэва ад вершаліны да нізу, да самага камля…
Рэзка і пранізліва празвінеў званок, вучні ўздрыгнулі ад нечаканасці, але не кінуліся з класа, наадварот, уражаныя расказаным, чакалі, што будзе далей.
— Можа, ідзіце? — з усмешкай прапанаваў настаўнік, упэўнены, што ніхто і з месца не кранецца.
— Не, што, што далей было?! — закрычалі ад нецярпення вучні.
— А тое і было, што гэты велізарны абломак дуба, лічы, увесь дуб разам з дуплом і разам з манахам, які сядзеў у тым дупле, абрынуліся з абрыва ў раку. І зніклі пад каламутнай вадой.
Настаўнік на момант замоўк.
— І што, утапіўся манах? — спыталася беленькая дзяўчына, якая і гмыкала, і перабівала настаўніка пытаннем пра хрысціянства манаха. Яна спакавала рэчы ў партфель і сабралася ісці — урок жа скончыўся.
— Не, дзеці, не ўтапіўся. Здарылася так, што манаха ўдарыла маланка, і ён, атрымаўшы ўдар электрычным токам, імгненна заснуў. Упаў у летаргію, не памёр, але мозг ягоны, ды і ўвесь арганізм адключыўся. І праляжаў наш манах у тым дупле цэлую доўгую мо тысячу гадоў…
Дзяўчына, якая хацела ўжо ісці, яе звалі Лена, яна была выдатніца, мела практычны розум, а таму выдумкам настаўніка не надта верыла, падміргнула суседу па парце, Пецю Камару. «Во залівае!» — азначала гэтае падміргванне. Пятрук падміргнуў дзяўчыне ў адказ, шкадуючы, што сэнс пераміргвання іншы, чым бывае. Пятрук быў закаханы і шмат што даў бы, каб Лена падміргвала яму не дзеля развянчання выдумляльшчыцкага таленту настаўніка.
— …Прайшлі стагоддзі, дрэва на дне ракі як бы скамянела, дуб зрабіўся мораным. Яго то паднімала паводкамі, то прыбівала да берага. За сотні гадоў дуб занесла глінай, глеем, і ён апынуўся як бы ўтрамбаваным у дно ракі пры беразе. А манах там, у дупле, скурчаны, ляжаў у своеасаблівым летаргічным сне. Ён не жыў, бо не дыхаў, але быў нібыта закансерваваны. І вось прайшлі сотні гадоў, амаль тысячу, а можа і болей, чым тысячу, і, як вы цяпер ведаеце, меліяратары перасушылі наша Палессе, узровень вады ў рэках панізіўся, і вада вымыла гэты мораны дуб з жывым, але ў летаргічным сне манахам. І ў адзін цудоўны дзень, калі сонейка прыгрэла дуб, камякі глею адваліліся ад дупла, паветра пайшло ў сярэдзіну і…
— І манах ажыў, — працягнула Лена думку настаўніка. — Ажыў, вылез з дупла і пайшоў гуляць сабе па нашай вуліцы.
— Правільна! — завяршыў Леніну думку крыху збянтэжаны настаўнік. — Я, між іншым, нікога не трымаю, хто не хоча даслухаць гісторыю да канца, можа ісці.
З усяго класа выйшлі толькі Лена і ейны ўхажор — Пеця Камар. Настаўнік дачакаўся, калі яны шчыльна прыкрыюць за сабой дзверы, набраў паветра ў грудзі, секунду разважаў, каб расказваць далей, але здарыўся цуд. У момант замінкі, калі настаўнік думаў, адзін з вучняў глянуў у акно. Тое, што ён там убачыў, настолькі здзівіла яго, што ён не ўстрымаўся і ўсклікнуў:
— Гляньце!
Ці трэба гаварыць, што ў такі час, калі настаўнік расказваў пра такія незвычайнай важнасці падзеі, у класе панавала напружанасць, а таму пры воклічу шмат хто ўздрыгнуў і ўсе, літаральна ўсе паглядзелі ў школьнае шырокае акно.
Манаха яны там канечне ўбачыць не ўбачылі, бо па школьным гародчыку бегла ўсяго толькі чародка перапёлак. Не курапатак, але перапёлак — маленькіх, шчупленькіх. Ад замілавання ўсе затрымалі дыханне. Перапёлкі прашыліся праз плот, выбеглі на дарогу, перабеглі яе і зніклі за адхонам.
— Цуд, вось гэта цуд! — першым не вытрымаў цішыні настаўнік. — Гэта, я вам скажу, знак, — з самым сур’ёзным выглядам сказаў ён. — Гэта лепшае пацверджанне майму расповеду. А гэтыя недавяркі, што выйшлі, яшчэ пашкадуюць. Ну, а цяпер я дакажу канец маёй цікавай гісторыі. Слухайце!
Тым часам хлопец і дзяўчына выйшлі на школьны двор. Звінела запозненая вясна, ззяла сонца, дзічкі, як гіганцкія танцоркі ў белапеннай позняй квецені высіліся ўздоўж меліярацыйных каналаў.
— Ну хоць бы пра што іншае сачыняў, — незадаволена сказала Лена, маючы на ўвазе настаўніка. — Мы перайшлі ўжо ў дзевяты клас! Хай бы пяцікласнікам такія рэчы расказваў…
— А ім абы слухаць, — махнуў рукой Пятрук.
— Як я заўважыла, што манах быў хрысціянінам і не мог баяцца паганскага бога Перуна, Савіцкі бачыш як задумаўся.
— Ім што анекдоты слухаць, што астраномію, абы ў іх не пыталіся…