— О! — адгукнуўся настаўнік-жартаўнік на гэта. — Знак зверху.
Усе засмяяліся і, палічыўшы, што «лекцыя» гісторыка скончана, падняліся, каб рызысціся.
— Ну як? — ужо ўслед ім спытаўся гісторык. Але ніхто не адважыўся на каментарыі. І толькі калі ўсе выйшлі, настаўніца біялогіі, якая не ўмешвалася ў гутарку філолагаў, а нешта пісала за сваім сталом, сказала:
— Дзе вы, Мікалай Лявонавіч, узялі гэтае крэмзанне? Сыны Андрэя Камара прынеслі?
— Крэмзанне? — перапытаў гісторык і гнеўна задыхаў.
— Там спамінаюцца бабры і андатры, так? — жанчына зняла акуляры і запакавала іх у футарал.
— Так, — хрыпла прамовіў гісторык.
— Дык вось, бабры на Беларусі жылі спаконвечна…
— Ага, — голас гісторыка паправіўся.
— А вось андатры, — настаўніца дастала акуляры з футарала і зноў начапіла іх, нібы гэта дадавала яе словам большай вагі. — А вось андатры, мой вы даражэнькі, з’явіліся на Беларусі ў дваццатым стагоддзі. Да гэтага часу яны спакойна грызлі траву ў канадскіх балотах. Вы, дарагі мой калега, дапускаеце, што тагачасны аўтар мог ведаць фауну Паўночнай Амерыкі?
Мікалай Лявонавіч скамянеў.
— Марыя Мікалаеўна, вы шмат ведаеце ў біялогіі, — нарэшце прамовіў настаўнік, — але нічога не разумееце ў пергаментах.
Вось так бясслаўна закончылася расчытка манускрыпта, прынесенага самымі «таленавітымі вучнямі». Пергамент аказаўся звычайнай падробкай. Але каму і навошта спатрэбілася насмяяцца з яго, настаўніка, Мікалай Лявонавіч мог толькі здагадвацца. Не Камаровы хлопцы, Павел і Пятро, былі завадатары. Быў, быў у Мікалая Лявонавіча Савіцкага даўні сябар па студэнцтве, які мог падлажыць яму такую вось свінню. І падлажыў. Звалі даўняга знаёмага Іван Іванавіч Закрэўскі. Ён якраз выкладаў ва універсітэце, дзе вучыўся Павел.
Дахаты Паўла Камара не адпусцілі — на верасень мусіў ехаць на практыку, якую студэнты, што не былі ў будатрадзе, праходзілі летам. З практыкі напісаў Пятру ліст, што, маўляў, хопіць, гульня зацягнулася, раскрывай карты, і так немаведама што нарабілі.
Адказ брата ўразіў Паўла. Той пісаў, што паколькі ён, Павел, заварыў гэтую кашу, яму яе і есці. Паведаміў таксама невясёлую навіну: яго, Пятра, пакінула Лена. Цяпер яна «ходзіць» з Міхасём. Апошні дзьмецца, не падае рукі. І была яшчэ адна вестка — пергамент прапаў. Мікалай Лявонавіч страшэнна заклапочаны. Ці робіць такі выгляд. З ягоных слоў, ён забыўся зачыніць акно, а пергамент ляжаў на стале, адкуль ён і знік. Пятро пісаў, што хутчэй за ўсё яго выкралі Лена з Міхасём.
Павел пацёр лоб. Што яны будуць рабіць з пергаментам? Хоць ён не вялікая каштоўнасць, але яго трэба вярнуць загадчыку кафедры Івану Іванавічу Закрэўскаму. І што цяпер рабіць?
Пасля практыкі пачаліся напружаныя заняткі. Павел абмінаў Івана Іванавіча, стараўся не сустракацца з ім. Ён ездзіў дахаты, але ўсяго толькі на адзін дзень і ні з кім не сустракаўся — было сорамна.
Неяк Павел пасля цэлага дня ў бібліятэцы прыйшоў у інтэрнат і зваліўся на ложак — кроў ад стомленасці аж пульсавала ў галаве. Пераседзеў. Трэба расслабіцца… Стаў думаць пра родныя мясціны. Уяўленне любімых лажкоў, знаёмых з дзяцінства сцежак прыносіла задавальненне, уводзіла ў глыбокае расслабленне, поўны, што называецца, рэлакс. Найлепш уявіць сябе ў вадзе рэчкі, пасля абеду, калі вада цёплая. Нібыта ляжыш у гэткай вадзе, цёплай і цёмнай, як гарбата, і плывеш па цячэнні. Цела разнявольваецца, ты ведаеш у рэчцы кожную яміну, кожны паварот, кожны корч, табе нічога не пагражае. Ты гаспадар гэтых пляжыкаў з самым гарачым пяском і наймякчэйшых муражкоў па берагах. Цела ўпіваецца шчасцем, раскашуе…
Раптам нешта стукнула Паўла, так штурханула, што яго ажно падкінула на інтэрнатаўскім ложку. Нікога! Што такое? Хто штурхануў? І адчуў, што яго ахапіла непрыемнае адчуванне, цела зрабілася нібыта не сваім. Што гэта з ім робіцца? Ператамленне?
Паводле вечнай сваёй звычкі ўсяму даваць тлумачэнне, Павел стаў думаць пра незразумелыя адчуванні. Прыйшла на памяць візія дзіцячага чорціка-анёла. Няўжо нядобрая сіла перашкаджае яму адпачываць метадам рэлаксацыі, поўнага расслаблення?
А ці не ён сам і ёсць — гэтая нядобрая сіла? Ужо не той маленькі чорцік, не чарцяня, але вялікі, дарослы чорт! Той, хто пужае!
Вось яно што! Гэта вобраз, іміджызацыя душы з іншага часу. І які гэты вобраз, комплекс пачуццяў непрыгожы, крывы, непрыемны на адчуванне. Няўжо ён, Павел Камар, некалі стане такім? Не ён сам, але ягоная душа?
Як гэты чарцяка з’явіўся тут, сярод ягоных уяўленняў роднай рэчкі? Так, як і той маленькі анёл-чорцік. Ты сам, разважаў Павел, у будучым яшчэ не адзін раз будзеш рэлаксаваць, уяўляць сябе ў цёплай рэчцы — гэта ж твой любімы спосаб. Там, у прасторы ўяўлення, час свой. Фактычна там няма часу, там вечнасць. Гэтую вечнасць цяжка ўявіць, час там не лінейны, нават не спіральны, а нейкі іншы. Мо які шаравы, гэта значыць той, які займае прастору. Вось і бывае, што ўяўленні рознага лінейнага часу накладваюцца адно на адно. І тады вось так непрыемна.