Павел падняўся, дастаў Петрыкаў ліст, яшчэ раз прачытаў яго. Вось табе і маеш! Нарабіў. Лена кінула брата, «ходзіць» з Міхасём. Часам дзяўчаты так робяць ад помсты. Ну, цяпер да яе не падступішся.
Павел зноў прылёг. Усё ж, як адчысціцца, як адмыцца? Папрасіць прабачэння. Прыдумалі манаха ў дупле, а той манах жыве сваім жыццём. Некалькі інсцэніровак ажывілі яго.
Позна, распранайся і спі. Не візіяніруй. А то пачнеш думаць, што калі выйсці на вуліцу, за вуглом дома сустрэнеш Скарыну. Не, Скарына ці быў у Мінску? Ну, тады ў нелінейным часе можна сустрэць Купалу, Багдановіча, Чарвякова. А як якога Панамарэнку? Або і таго горш — Цанаву? Не, прыемней сустракаць тых, хто думаў пра горнюю Беларусь. Сувораў быў на Беларусі, але ці думаў ён пра горнюю Беларусь? Увогуле, пра якую такую Беларусь ён думаў?
Цікава, якое будзе пакаранне? За гэты розыгрыш. Пакаранне фактычна пачалося, хлопец. Распраніся, а то заснеш.
Тым часам жыццё развівалася паводле свайго сцэнара. Перад самай зімой у студэнцкі інтэрнат, у якім жыў Павел Камар, зайшла немаладая жанчына. Зусім бабулька. На яе адразу звярнулі ўвагу, бо пакланілася вахцёрцы са словамі:
— Мір гэтаму дому.
Вахцёрка пільна паглядзела на жоўты, як дыня, твар, з дробнай сетачкай маршчын. Апранута госця была ў старую, але добра захаваную плюшаўку. Мода шасцідзесятых. Хустка павязана на лоб і буркі на нагах паказвалі, што бабулька з вёскі. Але больш за ўсё вахцёрку ўразіў белы святочны фартух з чырвонымі вышыванымі пеўнікамі і кветкамі. Такіх фартухоў ніхто даўно не насіў. Хіба дзяўчаткі з фальклорных гурткоў. Якія-небудзь «харошкі» ці «скамарошкі». Калі бабуля з вёскі, ёй трэба дапамагчы. Вахцёрка выйшла з-за стала не столькі ад здзіўлення, колькі ад замілавання. Гэтая невядомая бабулька напомніла ёй пасляваенныя гады, калі вахцёрцы даводзілася хадзіць па вёсках у мяшочніках.
— Вы да каго, мілая?
— Тут, даражэнькая, вучыцца з нашых мясцін чысты апостальскі чалавек, — рэкнула старая.
— Што? — Тут ужо ў вахцёркі напраўду вочы на лоб палезлі. Яна ўгледзелася ў незнаёмку. Больш за ўсё ёй не хацелася пераканацца, што тая вар’ятка.
— Назавіце прозвішча, імя… Пашукаем нумар пакоя, і ідзіце сабе да яго.
— Прозвішча ягонае Комар, Камара Андрэя ён сын, а завуць Павалам.
— А-а, Павел, — абрадавалася вахцёрка, бо гэтага студэнта яна добра ведала — да яго часта заходзілі сябры-жартаўнікі з тэатральна-мастацкага інстытута. — А вы, прабачце, кім яму будзеце?
— Да-альняя родственніца… — хітравата адказала бабулька, разгортваючы пашпарт з насоўкі. І насоўка, відаць, была спрадукавана яшчэ за Польшчай. Ад яе тхнула нафталінам і арэхамі — так пахне ў старасвецкіх маляваных куфрах.
Калі ў дзверы пастукалі, хлопцы, Паўлавы сябры па пакоі, перазірнуліся — ніхто са сваіх, суседзяў ці знаёмых, каб увайсці ў пакой, не стукаў. Няўжо праверка з дэканата? Збольшага навялі парадак і адчынілі дзверы.
У пакой увайшла ўжо вядомая чытачу бабулька, бліснула вачамі па кутах, відаць, шукаючы абраз, абвяла позіркам хлопцаў і ўпэўнена накіравалася да Паўла. Той сядзеў за нізенькім часопісным столікам, схіліўшыся над падручнікам.
— Блаславі, ойча! — нечакана папрасіла бабулька. Яна склала рукі на грудзях і нахіліла ў знак пакоры перад Паўлам галаву.
— Які я вам ойча! — ускочыў, як уджалены, Павел.
— Ты Андрэеў сын? — падняла старая галаву. Павел кіўнуў.
— Я й адразу пазнала. Блаславі…
Паўлавы хлопцы перазірнуліся. Яны былі здзіўлены не меней, чым Павел. Бабулька тым часам бухнулася на калені.
— Вы што? Хто вы такія? — спуджаны Павел не ведаў, куды падзецца. Ён стаў падымаць бабульку, але тая ўхапілася цалаваць рукі. Павел ледзьве вырваўся.
— Паўлік… Ты ж наш… Бласлаўлення прашу… — На вачах бабулькі з’явіліся слёзы.
— А-а, вось што яно, — стаў здагадвацца Павел. — Слухайце, жанчына. Я… Я ніякі не… Ну, я не той манах, пра якога вы думаеце…
— Не пайду, пакуль не блаславіш, — заявіла старая.
— Блаславі ты яе, яна адчэпіцца, — параілі хлопцы.
— Сынок, скажы: бласлаўляю, і руку мне на галаву пакладзі, — падказала бабулька і зноў пакорліва падставіла галаву. Павел хуценька зрабіў, што ад яго патрабавалася. Бабулька ўсцешылася, перахрысціла па чарзе хлопцаў і накіравалася да дзвярэй.