Выбрать главу

10

Калі аднавяскоўцы выйшлі, напала на Паўла пачуццё, якое нельга было стрымаць: нейкая жальба не жальба, смутак, сум, невыказная, непраясненая туга па нечым важным, найважнейшым у жыцці, чаго ён не ведаў. Дзе яго знайсці, дзе ўбачыць і адчуць? Яно часта прыходзіла ў снах, а тут наяве выплывала з сярэдзіны, з самых патайных закуткоў ці то памяці, ці то душы…

Павел цяжка ўздыхнуў. Ён уявіў, што тая ісціна, якая ўсё ж павінна яму некалі адкрыцца, знаходзіцца ў нейкім доме, хаце, і перад усімі хатамі такая хата будзе найважнейшай. Ёй належала стаяць у пракаветных цяньках сярод густога лісцёвага лесу з дамешкам векавечных соснаў. Сонечныя плямы бегаюць ад гульні ветру ў вершалінах па жоўценькіх смалістых сценах; яна, гэтая хата, вабіць да сябе, абяцае не простых уцех і звычайных радасцей побытавага жытла. Тут будзе табе цяпло не падобнае на ўтульную гарачыню напаленай печы, і будзе табе абяцанне не той ежы, пахаванай па каморах у дзежках і кублах. Бо гэтая хата багацейшая за ўсе багатыя хаты, ніякі самы заможны гаспадар не паставіць такую. Бо гэта — хата жыцця, жыцця на лясной паляне, яснай ад сонечнага бляску і гульні святлаценяў сярод дрэў, на дзедаўшчызне, у айчынным лесе, у радзімавым бары, дзе пануюць разлатыя, пазаплывалыя смалой сосны, абстаўленыя спакойнымі дубамі і меланхалічнымі грабамі. А зверху ўсё пакрыта, нібы гонтай, бліскучай сінечай сонцаззянага неба, а ўночы ўпрыгожана пацеркамі невычэрпных зор.

Вакзал жыў сваім начным жыццём. Хадзілі бяздомнікі, нейкія цыганы прасілі ў буфетчыцы цёплай вады…

…Магла гэткая хата-харома бытаваць не толькі ў Чэрнехавым лесе, — так звалі лес каля Паўлавай вёскі, але таксама ў Мядзведжым лесе, тым, ад якога засталося толькі найменне, бо лесу даўно няма. Колішні лес прарастае дубчыкамі і атожылкамі-гучкамі былых дрэў на адхонах каналаў, на лугах і палетках, спеюць паўз палявыя дарогі чырвоныя суніцы, ды выгорвае часам плуг трактара, нібыта мамантавыя клыкі, тоўстыя смалякі або дубовыя карані, як сведчанне тых дрэў, якія былі сучаснікамі праваслаўных князёў Радзівілаў і Астрожскіх…

Павел уздыхнуў, бо разумеў, што ягоныя адчуванні, якія так уладна запаўнялі ўсю ягоную істоту, нейкім чынам закраналі больш сучасныя пласты свядомасці. Калі ён усё-ткі нарадзіўся з гатовым адчуваннем хаты, домы, харомы, у якой схавана ісціна жыцця, дык імёны з айчыннай гісторыі ён мог засвоіць пазней, нават не ў школе, але на факультэце. І гэты ўздых, і ўсведамленне месца вучобы падкрэслівала, што візія ягоная сплецена з мінулага і цяперашняга, ёсць прадукт ягонай душы, псіхікі, і яму далёка да таго своеасаблівага трансу, шаманскага, чараўніцкага шаленства, валашэння, старажытналіцвінскай валшбы. Гэта нават цяжка назваць медытацыяй. Якая медытацыя, калі вось-вось прыйдуць аднавяскоўцы?

… У душы цепліцца надзея, гадуецца радасная думка: гэта не людзям спатрэбіўся старажытны бор на бярвенні, на дошкі, не жыццёвая прастора пад урадлівы палетак, але наадварот, — гэта бору, знішчанаму Мядзведжаму лесу мелася патрэба нарабіць людзям бярвенняў і дошак на хаты, вызваліць галу пад рунь. А сам лес заснуў пад зямлёй да пары да часу, і гэтулькі мае сілы, што цяжарная ад тысячагадовай шлюбнай тупні па ёй зямля пачынае разраджацца дзеткамі-асінкамі і дубкамі. І як толькі кіне чалавек зямлю, нават проста няўвішней будзе яе абрабляць — дрэўца за дрэўцам вернецца лес на ранейшыя паляны і пагоркі, балацявіны і закоты. І самі па сабе заплодзяцца сярод маладой рослі туркаўкі і дразды, самі знекуль набягуць зайцы і соні, заплодзіцца сама па сабе рысь, вавёркі створацца самі сабой у гарэшнікавых градах, што нібы фарпост стануць сваёй гушчынёй і непралазнасцю аберагаць сярэдзіну лесу ад няпрошанага госця. І як патаўшчэюць ясені і вязы, як загусцее на вырубцы маліннік ці будзе дзівам, калі ў тым лясным краі буры мядзведзь устане на заднія лапы і вышкрабе жоўтымі кіпцюрамі на бярэзіне магічныя знакі сваёй матэрыяльнай прысутнасці на гэтым свеце разам з намі…

Пачуліся галасы аднавяскоўцаў. Яны спрачаліся за нейкія грошы. Буфетчыца падпраўляла прычоску, цыганы ў пачакальні клаліся спаць на цэментавай падлозе…

«Не, не вернецца Мядзведжае на сваё месца, — падумаў Павел. — Яно гэтак заўзята высякалася, вытралёўвалася, выгорвалася, выпальвалася і выкарчоўвалася, што трэба чакаць сто, дзвесце гадоў, каб убачыць яго такім, якім яно было спрадвеку… Так што супакойся. Ты фантазіруеш, нешта прыдумляеш, гэта не лес у табе фантазіруе. Ты на нейкі момант даў лесу дазвол пакарыстацца сваёй галавой, але на момант. Бо ўжо скочваешся да экалагічных ламентацый…»