Ён сёрбнуў кавы. Кава была ледзь жывая.
Аднавяскоўцы зайшлі ў буфет і пры староннім чалавеку перасталі спрачацца пра грошы, а вярнуліся да ранейшай тэмы.
— Ты, Іван, нешта не тое пачуў, — сказаў Яша.
— Не тое, — са згодай уздыхнуў Іван. — Такое радыё, хрыпіць: вайна пачнецца, не будзеш ведаць, у які бок уцякаць.
Яша намацаў пад столікам бутэльку.
— Ведаеш Колба? — сказаў Іван. — Дык вось, я табе цэлае лета не хацеў расказваць, каб ты з мяне не смяяўся. А цяпер раскажу…
Яша на мігах прапанаваў Паўлу пачаставацца. Хлопец адмовіўся.
— Колбавы хлопцы выцягнулі з ракі дубовую калоду, і з той калоды выпаў манах. Не шкілет, не муміё тое, а жывы чалавек.
— Чыхня якая! — паморшчыўся Яша. — З чаго тут смяяцца?
— Ты Яшко, не спяшы, — Іван асцярожна ўзяў перапоўненую шклянку, — упярод бацькі ў пекла. Той манах ляжаў у мёдзе. Як дуба выцягнулі, манах абагрэўся на сонцы, выпаў, стаў хадзіць і гаварыць.
— Іван, прабач мне, — сказаў Яша. — У гэта паверыць аніяк не магу. Хоць ты мяне зарэж… У сіфакаў — калі ласка, у марсіян — на ўсе сто, у камунізм — заўжды гатовы! — Яша нахіліўся да Івана: — А ў манаха — выбачай, Іване…
Павел адвярнуўся ад землякоў. Яму было сорамна. А як даведаюцца, што аўтар гэтага дурнога розыгрышу — ён? Зрэшты, ну і што? Кепска, што Лена паверыла. І, відаць, бацьку ліст напісала. А старому чаго не верыць? Калі ў яго сіфакі на Мадагаскары вайсковы пераварот зрабілі.
Але і гэта не бяда. Бяда з самой Ленкай. Яна ўжо дзесяцікласніца, ёй летам стукнула семнаццаць. Летась, на станцыі, ён толькі пасмейваўся з яе. А цяпер? Што будзе цяпер, як гляну ў вочы?
І што ўсяго было крыўдней, яго мучыла, прыпякала рэўнасць да Міхася. Цікава, да брата не раўнаваў, а да Міхася раўнуе. Чаму?
Каб не рэўнасць, пачуваўся спакайнейшым. Раней і не глянуў на бледнатварую, з сіняватымі ценямі пад вачыма дзеўчынку, якая хадзіла за ім, а ён, абармот, ні разу не правёў яе, не танцаваў, за руку не ўзяў. Лічыў, адным словам, дзіцем горкім.
Цяпер за ягонай спінай стаяў яе вясёленькі бацька, Іван Заранок, і пераказваў гісторыю, якую Павел ужо не мог і слухаць. Кава зусім астыла, ён дапіў яе і замовіў яшчэ адну шклянку.
— А я не так чуў, — сказаў Яша, выціраючы вялікай насоўкай спацелы высокі і шырокі лоб. — Думаеш, я не чуў? Думаеш, мне не пісалі летась? О-о, я чуў, што гэта не зусім манах, тоісь не мужык, а баба. І баба гэтая — Варапаіха Ліда, ну тая, з баптыстаў, што па пяць разоў на дзень хату мяце. Яны святую з яе хочуць зрабіць. Яна ж лечыць.
— Глупства, — заўпарціўся Іван. — То быў мужык. Мужчына.
— Ты бачыў? Ты не хочаш прызнавацца, што пакуль ты ездзіш па заробках, твая жонка з дзецьмі стала хадзіць да баптыстаў? То ўсё выдумкі Варапаіхі, быццам у яе ёсць святое пісьмо! Эх, што за жысць у іх…
— Ну, не скажы. Яны, баптысты, харошыя людзі, — не згаджаўся Іван. Павел ведаў, што ён пачынае заводзіцца. — Яны не п’юць, не кураць, — працягваў Іван. — Але ты да мяне чаго прычапіўся — я не баптыст.
— Ты — не баптыст? Ты мяса цэлае лета не еў — і не баптыст? І да дзяўчат не хадзіў.
— Куды мне дзяўчаты, я стары. Мяса не еў, але ж сала еў…
— Чуў я пра іх, пра гэтых баптыстаў, — ухмыльнуўся Яша. — Мяса не ядуць, а да жанчын такія спраўныя.
— А табе дзела? — абурыўся раптам Заранок. — У морду хочаш?
«Пачынаецца, — падумаў Павел. — Гэты не сцерпіць, а той ужо раскачагарыўся…»
— Спачатку пакурым, адкаркуем апошнюю, а потым пойдзем біць мне морду, — з наканаванасцю сказаў Яша і зноў дастаў чырвоную і пацёртую пачку «Прымы».
Але раззлаваны Іван курыць не пайшоў, а са злосцю пачаў састругваць нажом пластыкавы корак з бутэлькі, ужо не тоячыся. Пры гэтым ён чамусьці брыдка і гучна лаяўся. Буфетчыца з тупасцю пазірала на мужчын, ад начной санлівасці яшчэ не знаходзячы ў сабе энергіі разагнаць выпівак. Але калі пачула крык, дастала люстэрка, падмазала губкі і некуды сышла. Неўзабаве ў буфет зазірнулі міліцыянты, два маладыя хлопцы.
Трэба было хаваць бутэльку. Шыракалобы Яша Манюк злосна прашыпеў:
— Стары дурань, хлопцу аддай, хлопцу… Дай сюды, я сам аддам.
11
Каб чытач лепш уяўляў адносіны Яшы і Івана Заранка, варта патлумачыць, што cтары Манюк, Яшаў бацька, як ужо гаварылася, сядзеў на хутары і яго на вёсцы не любілі. Зайздроснікі сцвярджалі, што ён мільянер — мае на кніжцы сто тысяч паўнавартасных савецкіх рублёў. А ў Заранка, акрамя Лены, было яшчэ трое дзяцей, а багатага бацькі, такога як Манюк, не было. Даводзілася зарабляць.