«Як пакажуцца знаёмыя мясціны, трэба разбудзіць… — Ён зірнуў у акно, зноў убачыў лінію небакраю. — Што можа параўнацца з гэтай лініяй, намаляванай вершалінамі дрэў, па сіле ўздзеяння на чалавека-летуценніка? Колькі ўсяго яна абуджае ў душы?!»
На развітанне Яша падаў руку і глыбакадумна, хоць не без іроніі, сказаў:
— Не перажывай, перамелецца — мука будзе. Я вось што табе скажу — чым грашыў, тым і будзеш пакараны…
Сказаў і накіраваўся на свой хутар. Падаў руку і Іван Заранок, відаць, ісці разам дахаты яму не хацелася. Нават сказаў:
— Ідзі, у цябе маладыя ногі.
Толькі тут Павел усвядоміў, што ў старога Заранка вушы, якія тырчаць з-пад кепкі, рыхтык як у Лены — верхняя частка крыху адтыркваецца. Гэтая асаблівасць вушэй і яшчэ рыскі-маршчыны на падбароддзі надавалі твару выраз заклапочанасці і трывогі. Калі Іван Заранок, ды і ягоная дачка Лена пасміхаліся, то можна было падумаць, што яны крыўдзяцца.
Цяпер дзяўчына «ходзіць» з Міхасём Сінчуком. Што паміж імі? Каханне, звычайнае ўхажорства? Чым я горшы за Міхася? Ён з твару чорненькі, дробненькі, ды і невысокі. Уга, ты яшчэ стань перад люстэркам, разглядвай сябе і плач.
Вечарам таго ж дня Павел быў у клубе на танцах, дзе спадзяваўся сустрэць Лену. Сустрэў дзяўчыну нечакана — яна разам з сяброўкай выходзіла з клуба.
«Няўжо гэта Лена?» — не паверыў вачам Павел. Але яна і змянілася! Расцвіла, як тая Мележава Г анна. Ну не мог ён летась палюбіць дзеўчынку з мазолістымі, як у вярблюда, каленкамі ад вечнага сядзення ў градках. Усяго год прайшоў, і на табе. Што робіцца з дзеўчынкамі-падлеткамі? Яны становяцца фанабэрнымі, нязноснымі ганарліўкамі. Яны круцяць хлопцамі, як хочуць. Вось і цяпер яна нешта піскнула заміж прывітання, успыхнула, але потым, нібы нешта ўспомніўшы, адвярнулася і выйшла з клуба. Потым прыйшла, але ўжо не адна.
Павел крадком, а то і ў адкрытую назіраў за Заранчыхай. Куды падзеліся рыскікрывулякі з падбароддзя? Цяпер, калі Ленка смяялася, яны ўсё ж з’яўляліся, але цяпер яны прыдавалі твару зусім іншы выраз і выклікалі зусім іншае адчуванне — яны прыдавалі твару своеасаблівую пікантнасць. Нават вушы дзіўным чынам выпрасталіся. Ды і валасы ў Лены цяпер былі зачасаны па-іншаму.
Павел пазіркваў на Лену, яна пазірквала на яго. Але вось з’явіўся Міхась Сінчук. Буркнуў на Паўлава прывітанне здалёк, падышоў да Лены. І ў дзяўчыны адразу змяніўся выраз твару, іншым зрабіўся пагляд! На Паўла глянула ўпэўненая ў сабе жанчына, у якой ёсць свой мужчына. Яна глянула, а Павел Камар нібы ўвесь абмярцвеў — прачытаў у яе вачах, што яна ведае ў свае семнаццаць пра жыццё больш, чым ён у свае дваццаць тры.
— Я ж у цябе верыла… А ты?! — казаў гэты пагляд. — Цяпер у мяне ёсць той, каму можна верыць.
Павел зразумеў, што размовы з Ленкай не выйдзе. Яна проста не захоча выясняць з ім адносіны. А то яшчэ возьме і скажа яму пра ўсё, што пра яго яна думае. Пры Сінчуку яна смелая.
І Пятро не паможа, бо стаіць не з імі. За год яго выгнала ў вышыню, як той дубец, ён займаўся ў валейбольнай секцыі, і ад празмернага росту пачаў нават крыху горбіцца. На размову і шчырасць з Паўлам таксама не ішоў, пашчыпваў маладыя, ні разу не голеныя вусікі і адказваў аднаскладова: «Так», або «не». Відаць, усе ўтраіх яны вырашылі, што Павел лічыў іх за дурняў.
Нечакана ў клубе знікла святло. Некаторы час чакалі — можа з’явіцца ток? Але не з’явіўся, сказалі — «выбіла трансфарматар». Ні кіна, ні танцаў не будзе. Сталі разыходзіцца. Павел выйшаў на вуліцу, стаў слухаць галасы, каб дазнацца, дзе Лена. Канечне ж, яна была з Міхасём — ён праводзіў дзяўчыну дахаты. Павел дагнаў іх.
— Слухайце, маладыя людзі, трэба пагаварыць.
— Няма пра што, — сказаў Міхась. У ягоным голасе чулася няўпэўненасць. Але Лена хіхікнула, і гэта вырашыла ўсё. Не, яны не абзываліся, не кпілі, не абвінавачвалі. Вось Лена гэтак во хіхікнула — і гэтым сказана ўсё.
«Што ж я нарабіў! — падумаў Павел. — Як адбяліцца?»
Не, проста так ён не здасца. У яго ўзрост, розум, вопыт.
Павел пакіраваўся следам за парачкай. Тыя не бачылі яго — моладзь ішла з клуба бязладным гуртом. Павел чуў то голас Міхася, то галасок Лены, бо яны пра нешта гаварылі, часам сцішаючы голас. Падышоў так блізка, каб разбіраць словы. Канечне ж, яны гаварылі пра яго.
— Паставіў вочы праўцом і давайце пагаворым, як нічога не адбылося. Падбухторыў Пятра… — казала Лена.
— Пад’юдзіў… — удакладніў па-свойму Міхась.
— Не, не пад’юдзіў. Пад’юдзіць — гэта спакусіць на здраду. Там святы быў чалавек, сапраўдны манах, а гэты хто?