Выбрать главу

«Во, во, — падумаў Павел. — Астыла, перастала адчуваць да мяне хоць нешта. І вось, як вынік: «а гэты хто?» Як любіла, то быў «хто». Не, кананне дохлага вераб’я — вось што ёсць тваё каханне. Забудзь. І думаць перастань. Яна — не твая».

12

На другі дзень пасля прыезду Павел зазірнуў на могілкі паглядзець на помнікі, падумаць пра тых людзей, якія ляжаць пад імі. Чытаў знаёмыя і незнаёмыя прозвішчы, лічыў, колькі жылі людзі свайго веку. Якімі яны былі? Ілжывымі, хцівымі, распуснымі? Ці праўдалюбамі, на чужое не глядзелі, дбалі пра сваё? Паклёпнічалі, часалі языкамі, ці пераважалі гаварыць праўду, або жылі моўчкі, ужо задаволеныя тым, што жывыя?

Вунь ты некалі ў дзяцінстве ўбачыў анёла, уласнага анёла, выглядаў ён, што чарцяня. Цяпер зразумела, чаму чарцяня. Нешта трэба мяняць, жыць па-іншаму. Выйсце — прасіць прабачэння. У Пятра, у Сінчука, у Лены. Можа, і даруюць. Канечне ж, даруюць.

За такімі развагамі Павел раптам убачыў каля царквы, на асветленым сонцам прагале, нешта незразумелае. Не ўбачыў, а хутчэй адчуў. Яно, незразумелае, ляжала на дубовых галінках і жалудовых шапачках, што звычайна нападаюць пад густымі дубамі, і было празрыставатым, амаль нябачным. Яно ляжала сабе і песцілася ў цёплых яшчэ промнях вераснёўскага сонца.

«Гэта душа, — пранеслася ў думках. — Твая душа… Не галюцынацыя ж гэта!»

Тое нешта, што ён бачыў, нібы заўважыла, адчула ягоную прысутнасць, і нібы не захацела паказваць яму, Паўлу, сваю наяўнасць, пачало рабіцца меншым, празрысцейшым, зусім невідочным, і ўрэшце знікла, як і не было.

Павел працёр вочы, патрос галавой. Потым падышоў да таго месца, дзе толькі што яму прымроілася тое, чаму ён даў азначэнне душы.

Тройчы яму бачыліся, адчуваліся рэчы, якія, наколькі ён ведаў, не адчувалі і не бачылі іншыя. Пыхлівец! А можа, людзі і не такое бачаць, але маўчаць сабе паціхеньку? Ты ж хочаш аб’явіць на ўвесь свет пра тое, што табе здаецца!

Ён зноў стаў глядзець на помнікі, і быццам бачыў розных людзей. Яны жылі, любілі, нараджалі дзяцей, пакутавалі, паміралі. Што галоўнае ў іх жыцці было, цэнтральнае? Яны любілі сваю зямлю? І зямлю любілі. Любі і ты, яна цябе апошняя абдыме. Любіць зямлю, родны край, у якім павінна стаяць — на яве ці ў вымысле — тая харома, да якой так блізка быў падступіўся, калі выабражаў на вакзале, а потым у цягніку. Тады скончыў на тым, што ў кожнага чалавека, асабліва вясковага, ёсць вобраз роднага дому, роднай хаты, у кожнага — канкрэтны. І часцей гэты вобраз заснаваны на традыцыйнай забудове — чатыры сцяны, двухскатны дах, шэсць-восем вокнаў, прыбудоўка. І як дадатак да гэтых не надта багатых архітэктурных вымудраў — яшчэ адзін дах з галін бярозы, клёна, ясеня. Паветра пад гэтым жывым навесам заўжды сіняватае.

— Не, — прамармытаў Павел і прыхіліўся спінай да сцяны царквы, — важна не блытаць паняцце дома, хаты з паняццем Домы. Паняцце Домы ёсць больш важным за паняцце хаты. Тады гэта і будзе Харома…

— Вось так, з вялікай літары належыць гэтае слова ўжываць, — уголас адзначыў Павел.

…Зрэшты, дом і ёсць Харома. Бо гэта родная хата кожнага, кожнаму ў гэтай Хароме прызначаюць і ўстаўляюць у цела душу. Стаіць Харома пад шатром з кляновага галля, сонечныя плямы бегаюць па яе свежым, вечнасвежым зрубе з цукровымі, такімі пахкімі падцёкамі смалы. Гэта ладан і міра нашых ваколіц, нашай зямлі. Ужо само месца сярод лесу, дзе яна пабудавана, дае адчуванне цэласнасці і гарманічнасці жыцця. І такія штрышкі ў агульны партрэт Харомы, як цяпло ад печы, ледзь улоўныя пахі ежы, што ствараюць каларыт яе жыллёвай утульнасці, не пярэчаць таму факту, што плоцевае ёсць антытэза духоўнаму. Яно непарыўна сплеценае, пераходзіць адно ў адно, духоўнае няўлоўна перацякае ў плоцевае. Як на чыста утылітарнай рэчы — ручніку, тчэцца кодавы знак роду, гурту павязаных паміж сабой людзей, усяго народа — абярэг людзей, крыжападобная зорка, сімвал асвечанай дарогі ў іншасвет.

— Эйш, куды занесла, — мармытнуў Павел. — Філёзаф! Вяртайся да хаты, да Домы, да Харомы.

…Харома мелася. Як увайсці ў яе? Як апынуцца ўсярэдзіне? Ёсць дзверы, і ёсць замок. А калі ёсць замок, мусіць быць і ключ… А ці не Святавітава зорка ключ ад Харомы? Была, была ў памяці разгадка гэтага ключа…

І тут ён пачуў жаночыя галасы. За царквой сярод хмызоў бэзу нейкія жанчыны прыбіралі магілку. Павел прыслухаўся.

— Гэта той Камароў сын. Усё выабражае, — расчуў ён. — З братам Заранкову дзеўку абхлопваюць, абхлопваюць, а замуж не бяруць.

«Вось як людзі мяркуюць, — падумалася з прыкрасцю. — І ты добры — знайшоў месца для свайго занятку»…