…Так, Харома твая, але не ты яе стваральнік, дойлід, не ты будаўнік — ёсць і Дойлід, ёсць і Будаўнік. Глядзі, цяпер ужо і не дзень, а надвячорак, іншы час. Вось ужо праз тоненькія галінкі бяроз свецяцца Касцы фіялетава-халодным калючым святлом, міргае Мілавіца. Іншых зорак не відаць. Адныя за хатай, іншыя за дрэвамі. Ключ і ўстаўлены даўно, і павернуты, і за ручку на сябе дзверы пацягнуты. А сілы, змогі пераступіць парог няма. Адчуванне глыбокага, затоенага страху не пускае ўсярэдзіну. Мнілася, што там, у пакоях, на сценах вісіць зброя, старажытная халодная зброя — гэтак упрыгожана твая хаціна, твая Харома, Харома на лясной паляне. І каля гэтай зброі — людзі.
«Што гэта ўжо… Зброя, людзі. Не, веласіпедыстка выбіла з рытму… — падумаў Павел. — Чаго ў лес не схавацца? Але там змрочна, настрой не той. Узлесак лепш. З узлеску неба больш відаць… Неба надае энергетыкі…»
…Нарэшце, за многія стагоддзі я апынуўся ў хаце, ва ўласнай хаце, Хароме на лясной паляне, у якой мяне не было тысячу год. У грудзі ўліваецца паветра, насычанае пахам аржаной мукі, пахам мёду, пахам пазатыканага за бэлькі святаянніку-хварабою і крываўніку. Цяпер нельга ацэньваць, варта толькі запамінаць усё, што бачыш. Паўсюль вышыванкі, абрусы на сталах з чырвонымі кветкамі і крыжыкамі-абярэгамі. Пад нагамі ходнікі з чырвонай ніткай па краі. І так усюды чыста, нібыта тут ніхто і не жыве. Але ж ёсць людзі! Яны былі ў залі, выглядалі ласкавымі, дружалюбнымі. Яны немаладыя, хіба толькі некалькі юнакоў і дзяўчат з сумнымі, нібы замглёнымі журбой тварамі хаваліся за старэйшымі. Усе гэтыя асобы не звярталі на Паўла асаблівай увагі. Прыйшоў, дык і прыйшоў. І толькі адзін белабароды старэча ўрэшце глянуў на маю асобу (О! Я зліўся, сплёўся, знітаваўся з уласным Эга!), хацеў нешта сказаць, але раптам пачуліся нязвыклыя гукі з гушчыні лесу: аддалены гул, глухаваты шум, які праясніўся, і вось цяпер выразна пачуўся тупат капытоў наўскач — і вось ужо выплылі з лесу вершнікі, цэлая кавалькада. І ўсё відаць, нібыта сцены Харомы шкляныя. Вось вершнікі разляцеліся па двары і загарцавалі на конях. Мужчыны пры зброі, жанчыны ў шыкоўных строях. І пачуўся гучны і ясны голас:
— У гэтай хаце жывы хто ёсць?
Той стары, які хацеў загаварыць са мной, адгукнуўся:
— У гэтай хаце ўсе вечна жывыя, Гаспадар.
Конь пад старшым вершнікам стаў матляць галавой, звінець цуглямі і біць капытам, аж дзёран ляцеў.
— Я пытаюся, плоцевы хто ёсць?
Хатнія, усе як адзін, глянулі на мяне. У іхных вачах свяцілася шкадаванне, невымоўны жаль.
— У Хароме на лясной паляне нельга заставацца доўга, — шапнуў белабароды.
— Няхай выйдзе, — прагучаў знадвору ўсё той жа чысты і гучны голас. — Лель! Вазьмі каня, а ты, Вялес, ссаджвай кабет.
— Ідзі сюды, — ціха сказаў старэча з белай барадой. Ён узяў мяне за руку вышэй локця і падвёў да сцяны. Паміж невялікімі карцінамі ў рамах ледзь абазначваліся дзверы.
— Ідзі. Калі-небудзь яшчэ вернешся, брат…
— Брат? Які я вам брат!
— У тым то і бяда, што ты лічыш сябе во іхным братам! — паказаў старэча на надворак.
— А яны хто? — задаў пытанне Павел (Усё, сувязь з Эго згублена!).
— Ты не пазнаеш Перуна? Табе не знаёмы Вялес, Цёця, Лада? — з жальбай у голасе сказаў стары. — Як ты не пазнаеш Мілавіцу, якую любіш больш за душу, якой пакланяўся, маліўся?
— Я-я? — збянтэжыўся Павел.
— А то не. Мо, скажаш, Перуну маліўся? Ці Вялесу пакланяўся? Не, галубчык, ёй адной, любачцы. Ідзі… Цябе чакае свет… Стой, — стары жэстам рукі спыніў Паўла. — Ты хочаш спытацца і не асмельваешся?! За што ты сюды дапушчаны, калі нічога не зрабіў? Так? Хутка даведаешся. Праз месяц прачытаеш, што «лжемудрствование приводит к бешению плоти». І перакладзеш, каб зразумець: ілжамудраванне прыводзіць да ўчарцянення плоці.
— Праз месяц… — прашаптаў здзіўлены Павел.
— Мы будзем цябе чакаць, брат. Ідзі…
А як ісці? У сцяну, ці што? У намаляваныя дзверы? Павел працягнуў руку ўперад. Дзверы паддаліся. Тады мусова апынуцца па-за Хатай, па-за Харомай на паляне, Харомай на лясной паляне…
— Халера, кусаюцца, — прашаптаў Павел і расцёр пакусаную рыжым лясным мурашом лытку. — Трэба завесці тут мурашкавых львоў… Ілжэмудраванне… Дзе гэта вычытаць, дзе?
…Як дзверы паддаліся, Павел апынуўся па-за Харомай, але ўсё яшчэ на паляне, перад сцяной са смалістых бярвенняў, з пазоў якіх вытыркаўся сухі мох. Калі абышоў будыніну і вызірнуў на двор, каб ўбачыць вершнікаў, са здзіўленнем выявіў, што ніякіх ні коней, ні людзей там няма, а ўвесь двор парос лебядой у чалавечы рост. Ды і не двор гэта, але ўзмежак лесу, і за гэтым узмежкам ідзе чорная ад блізкага тарфяніка ралля, а далей сам тарфянік, густа парослы ажынамі.