Сонца пачатку верасня стаяла на чатырох гадзінах. З захаду збіралася на дождж, і ўжо сонца раз-пораз хавалася за асмужыстыя аблокі. З усходу, ад ягонай вёскі, па палявой дарозе, выварочваючы бліскучы руль, вярталася з магазіна жанчына. Павел нават памахаў ёй рукой, калі яна праязджала паўз яго, але яна, відаць, спяшалася да дажджу патрапіць дахаты, таму нават не павярнула ў ягоны бок галавы.
Належала і яму ісці дахаты — хмары ўсё больш чарнелі. Здаецца, нават недзе прагрукатаў гром.
14
Калі табе крыху за дваццаць, і цябе распірае ад лішку ўласнай жвавасці, ты можаш вырабляць усё, што табе стукне ў галаву. Але ўсяго праз пару гадоў ты ўжо іншы, і табе сорамна, што ты быў здольны на розныя вычварэнствы. Калі ж увойдзеш з юнацтва ў маладыя гады, перажывеш маладосць, першую і другую, дасягнеш залатой сярэдзіны жыцця, і нават зусім нечакана падбярэшся да сталасці, то тыя ўсе ўчынкі, што некалі лічыў за геройствы, пададуцца табе такімі бязглуздымі, што будзеш хапацца за галаву пры адным толькі ўспаміне пра іх і чырванець ад сораму нават у снах.
Нешта падобнае здарылася і з нашым героем, Паўлам Камаром. Скончыў ён універсітэт, паехаў па размеркаванні, стаў працаваць. І чым болей гадоў працаваў, тым меней карцела яму расказаць дзецям пра дзівоснае здарэнне ў адной вёсцы, калі вяскоўцы выцягнулі з ракі дубовую калоду і што аднаму студэнту стукнула аднойчы ў галаву.
Настаўнік мог расказаць і пра анёла-чарцяня, і пра віравога чорта, і пра тое, што бачыў уласную душу на дубовых галінках і шапачках. Але нічога гэтага ён не расказваў. Бо тады, пасля ягонай медытацыі на ўзлеску каля тарфяніку, праз месяцы два ці тры ён натрапіў у адной кнізе на фразу: «лжемудрствование приводит к бешению плоти». Стаў перакладаць на родную мову, і ў яго выйшла, як ужо некалі чуў, што «ілжамудраванне прыводзіць да ўчарцянення плоці».
І тады дайшоў да яго сэнс выразу і ўспомнілася, што пасля таго сядзення на ўзлеску, калі стаў збірацца дождж, і ўжо накрапваў, раптам разанула маланка ў сярэдзіну лесу і там нешта спорна, з гучным трэскам загарэлася. Ад цікаўнасці Павел накіраваўся туды, дзе гарэла. Мароз па скуры пайшоў, калі апынуўся на паляне, якую нядаўна бачыў у медытатыўнай візіі. Але скура сшэрхла, калі ўбачыў, што гарыць той самы дом, у якім толькі што быў. І гарыць так хутка, і такім гарачым і зіхоткім полымем, што вачам балюча. Але глядзеў і бачыў, як у агні зліваюцца адзін з адным Лада і Мілавіца, Лель і Цёця, Лада і Сварог. Яны былі адным, яны былі самім агнём. Як гэта дзецям раскажаш? Маўчы, цярпі, практыкуй, як той Махатма Гандзі, поўную Мауну, гэта значыць, моўчу.
А далей надышоў час перамен. Ачышчальная віхура татальнага выкрывальніцтва пранеслася па краіне. Зрабіліся даступнымі такія дакументы, што мурашкі па спіне поўзалі, калі чытаў. Лопнуў, як крыга, і стаў разбягацца паводле нацыянальных трэшчын «вялікі і магутны». Аднавілася свая, родная краіна, цяпер можна было расказваць дзецям гісторыю свайго, а не суседняга народа. Гісторыю вялікую, гераічную, трагічную.
Адбыліся змены і ў асабістым жыцці: Павел падаўся ў навуку, — паступіў у аспірантуру, — пераехаў жыць у сталіцу, ажаніўся, пайшлі свае дзеці. Год за годам Павел, цяпер выкладчык гісторыі ў адным са сталічных каледжаў, Павел Андрэевіч Комар, так упісана ў пашпарт, спрабаваў выбраць час, каб з’ездзіць на радзіму, пагаварыць, што называецца па душах са сваім настаўнікам гісторыі. Намер меў просты: абняць Мікалая Лявонавіча, пакаяцца і папрасіць прабачэння.
Нельга сказаць, што Павел не ездзіў у родную школу гэтулькі гадоў і не бачыў настаўніка. Быў і бачыў, і нават гаварыў з ім — збіраліся на дзесяцігадовы юбілей выпускнікоў іхняга года, святкавалі і дваццацігадовы. Не хапала адвагі, смеласці, урэшце — рашучасці зрабіць тое, што належала было зрабіць паводле сумлення.
Але вось ужо як прайшло дваццаць пяць гадоў, і калі неяк яму праз знаёмых паведамілі, што настаўнік жывы і здаровы, нядаўна выйшаў на пенсію, але ўсё яшчэ працуе ў школе, Павел Андрэевіч сабраўся з духам і наведаў родныя мясціны.
Вёска змянілася, людзі парабіліся іншымі. Каб не блізкая чыгунка, ад вёскі засталіся б адныя хаты з пазабіванымі вокнамі. А так людзі працавалі на прадпрыемствах бліжэйшых гарадоў, шукалі работу па замежжы.
Ад бацькоў пайшоў Павел да школы, каб зрабіць тое, што надумаў. І яго там раптам сустрэў незнаёмы чалавек, на выгляд гадоў пад пяцьдзесят у туфлях з задранымі, як у Хатабыча, мыскамі — па апошняй модзе. Пераняў, паздароўкаўся, не выпускаючы рукі з поціску, угледзеўся ў твар, і сказаў: