Ён ачуўся ад настойлівага стукату. Яшчэ калі не быў пры поўнай свядомасці, яшчэ тады, калі раптам з абсалютнай, нібы вечнай цемры нечакана ўзнік толькі малесенькі кавалачак, мізэрны фрагменцік самаўсведамлення; яшчэ калі яму здавалася, што ён знаходзіцца ў глыбокім сне, проста на дне нейкага вычварна глыбокага, амаль бясконцага калодзежа; ледзь не ўслед за з’яўленнем першых крапялінак свядомасці ён і пачуў роўны, метадычны стук, раўнамернае пастукванне, якое нібы гаварыла яму: «Уставай, падымайся, хопіць табе ляжаць, хопіць табе быць нерухомым».
Ён хацеў быў варухнуцца, але нічога не адбылося. Ён не адчуваў ні рук, ні ног. І твару ён не адчуваў — ні вуснаў, ні вачэй… І ў той жа час чуў выразны стук, сапраўднае пагрукванне, якое напамінала яму нешта да болю знаёмае.
Ён паспрабаваў моцна заплюшчыць вочы, а потым расплюшчыць іх, але зноў нічога не адбылося. Толькі ўзнік тупы боль. І адразу — нібы гарачая хваля абдала яго з ног да галавы — яму захацелася дыхаць. Але ён нібы не ведаў, як гэта рабіць, ён нібы ніколі не ўмеў гэтага рабіць. Ён разумеў, што калі не ўдыхне — загіне ад задухі. Яму трэба было ўдыхнуць паветра, глытнуць свежага духу, але імгненні прабягалі за імгненнямі, а нічога новага ў ім не адбывалася. І ён задыхаўся, пакутліва ўсведамляў, што задыхаецца і на некаторы час свядомасць зноў пакідала яго, ён зноў нібы адключаўся, правальваўся скрозь бясконцае дно, але зноў капяліначка свядомасці, нібы цьмяны ўпарты светлячок, узнікала з небыцця, каб выклікаць новую хвалю пакуты, болю, нясцерпнай жады ўдыхання і немагчымасці варухнуцца, удыхнуць на поўныя грудзі.
Так працягвался, як яму здавалася, бясконца доўга. Ён безліч разоў прачынаўся, прыходзіў да свядомасці і зноў губляў яе, зноў раствараўся ў небыцці, рабіўся нібы бязважкім, бесцялесным, не разумеючы, хто ён, што ён, дзе і чаму тут, у гэтым пункце быцця.
Ён заўважыў, адсачыў, зрэшты, проста адзначыў, што набывае нейкую прасторавую запоўненасць, набывае пэўную канфігурацыю і яму падалося, што ён усё ж проста спіць, і неўзабаве прачнецца, а калі гэта адбудзецца, ён апынецца там, дзе звычайна апынаўся, калі канчаўся ягоны сон і трэба было ўставаць да ранішняй малітвы.
Гэтая апошняя думка пра ранішнюю малітву так усцешыла яго, што ён паспрабаваў закрычаць, заварушыць рукамі і нагамі, але з гэтага нічога не выйшла, бо ён зноў ад перанапружання і так амаль што бясконца мізэрных сіл страціў прытомнасць.
Калі ў чарговы раз свядомасць вярнулася да яго, ён, стараючыся не звяртаць увагі на тупы боль, які стаў пранізваць яго (ён гэтаму хацеў радавацца, але не мог — не было сіл), сканцэнтраваўся на тым апошнім, што да яго прыйшло — думцы пра ранішнюю малітву. Нібы ён быў страшным багацеем, але ў адзін мірг вока некалі бяздарна загубіў сваё багацце, але вось цяпер здабыў зноў, цяпер ён зноў валадар нечуванага багацця…
«Божачка, — падумаў ён, — вярні мне сілы! Вярні мне жыццё!»
На гэтую думку ён зноў выдаткаваў усё, што меў, і цемра зноў апанавала яго, і зноў пацягнуліся бясконца доўгія хвіліны, гадзіны, стагоддзі — ён не ведаў, не адчуваў, бо свядомасці ў яго не было.
Пеця Камар прызначыў спатканне як звычайна, на заходзе сонца, і, як звычайна, на старым месцы, на беразе ракі. Там недалёка ад берага на пляцы Адама Колба яны часта сядзелі на бярвеннях і глядзелі на раку, на зоркі, якія адбіваліся ад рачной паверхні, слухалі да замірання сэрца крэкт жабаў, захапляліся гульбой рыбы, якая гарэзавала пасля дзённай спёкі. Калі было жаданне, яны нават купаліся, або плавалі на лодцы, бо сваю лодку Колбы проста выцягвалі на бераг або прывязвалі ланцугом да вярбіны.
Вось пачуліся пругкія крокі па сцежцы ўздоўж берага і ў прыцемках паказалася светлая сукенка. Нарэшце яна!
Яны пацалаваліся, на нейкі момант абняліся. Потым, узяўшыся за рукі, прайшліся да ракі.
— Сёння мы доўга не пабудзем, — сказала Лена, а гэта была яна, Лена Заранок, тая самая Пецева аднакласніца, да якой гэтак прыкіпеў сэрцам. На словы дзяўчыны хлопец нічога адразу не сказаў, нібы ўзважваў, ацэньваў, нарэшце з выразнай крыўдай у голасе прамовіў:
— Гэта чаму?
— Чаму? — весела, з выклікам перапытала Лена. — Ты што, не бачыш, якія сёння камары? Як ашалелі.