Выбрать главу

— На спёку, — упэўнена, як стары дзед, прамовіў хлопец. — І рыба, чуеш, як гуляе. Пойдзем пасядзім? На наша месца?

Яны селі на бервяно, і хлопец ахінуў дзявочыя плечы наўмысна дзеля гэтага ўзятым пінжаком. Селі і гаварылі нешта, пра што звычайна гавораць закаханыя. Здавалася б, усяго два месяцы прайшло пасля школы, а як змянілася Лена, і як змяніўся Пеця. Лена з вуглаватага, худзенькага падлетка пачала брацца на дзеўку, якой ужо не давалі праходу старэйшыя, ужо не школьнікі, хлопцы. Яна ўжо і вушы пракалола — у яе па-падлеткаваму непрыгожых крыху адтапыраных вушах былі ўздзеты завушнічкі, а на пальцы блішчэў дарагі, з сапраўдным рубінам, пярсцёнак. Гэта ўсё падарыла маці на дзень нараджэння — Лене акурат стукнула шаснаццаць.

Пятро памужнеў, раздаўся ў плячах, стаў гаваркі, быстры ў рухах, але пры Лене ён быў чамусьці сарамлівы, губляўся. Пастрыжаны быў па модзе, гэта значыць ніяк не пастрыжаны. Яго ўжо некалькі разоў пераймалі на вуліцы настаўнікі і ўгаворвалі пастрыгчыся. Гэта быў не замах на своеасаблівую хлопцаву вольніцу, але прафілактычная мера — на Пецю глядзелі меншыя вясковыя хлапчукі, — як ён, так і яны. Пятрук у сваю чаргу браў прыклад са свайго старэйшага брата Паўла, сталічнага студэнта, які адгадаваў сабе ледзь не дзявочыя косы. Тады ў горадзе была такая мода — малпаваць заходніх хіпароў. Лена часта распытвала пра студэнцкае жыццё, пра Паўла, і гэта Пецю страшна не падабалася.

— Што ты ў мяне пытаешся? У яго спытай…

— А калі ён прыедзе?

— Скора і прыедзе.

Над ракой, з-за чарналесся, з’явілася белаватая поўня. Лёгкія летнія аблачынкі праплывалі паўз яе, але здавалася, што гэта аблачынкі і вада стаяць на месцы, а поўня, бледная тварам, велічна плыве над ракой і ўзіраецца на ўсё, што робіцца ўнізе — на зямлі, на рацэ.

— Мо адвяжам човен і паплаваем, — не зусім упэўнена прапанаваў Пеця.

— Як хочаш, — адказала Лена, але ў голасе яе прагучала неахвота. Яна, як разумнейшая, прадбачыла, што Пятрук палезе цалавацца, каб у чарговы раз даказаць, што ён выйшаў з дзіцячага ўзросту, а ў няўстойлівым чоўне гэта рабіць рызыкоўна — можна і перакуліцца. І надта прыемна тады коўтацца ў вадзе, ды яшчэ ў цемнаце.

Нехта зусім недалёка кашлянуў. Пятрук падняў галаву, а дзяўчынка наўмысна прыціснулася да яго.

— Тут нехта ёсць… — прашаптала яна.

— Ды хто тут будзе? — ціха прамовіў Пеця, распрастаў плечы і выгукнуў знарочытым басам:

— Хто тут?

Ніхто не адказаў. Плыла над ракой поўня, правагалася ў крышку затуманенай вышыні начная чапля, плёхнула пад вербамі рыбіна. Хлопец прыціснуў дзяўчыну да сябе.

— Слухай, Пеця, а чым сёння ад цябе так прыемна пахне?

— Гэта мёд…

— Які мёд?

— Бачыш, вунь дуб, які Колбы з ракі выцягнулі, — паказаў Пеця.

— Ну і што?

— З гэтай карчэжыны людзі сёння мёд дзерлі… І я тут быў.

— Як гэта? Напраўду? Не, сачыняеш. Пастой, пастой. А я думаю, што гэта казалі пра нейкі мёд…

— Бачыш, а ты не верыш мне. Вер мне, бяда не міне. Я і сам от такі кавалак сотаў выразаў…

— Сотаў? Мёду? З гэта дуба? Ты ўжо сачыняеш, як той Савіцкі. Памятаеш, на апошнім уроку Мікалай Лявонавіч пра манаха заліваў, што ў дзеравіне на дне ракі тысячу гадоў праляжаў… Так і ты: з рачнога карча мёду набраў.

— Ідзём да дрэва, — хлопец рашуча падняўся з бервяна. — Сама пераканаешся, што мёд у дупле самы звычайны…

У гэты момант зноў пачуўся кашаль — натужлівы, рваны. Некага аж да стогну раздзіраў кашаль. Гэта нават нельга было назваць кашлем: то было нейкае пэрханне, усхліпы. І дзіўна — здавалася, што гэтыя гукі далятаюць нібы аднекуль здалёк, і ў той жа час яны чуліся выразна, нібы нехта блізка сядзеў пад лодкай ці ў якой бочцы.

— Глядзі, — раптам сказала Лена, калі яны падышлі да калоды, — што гэта калываецца…

— Дзе? — стаў узірацца хлопец.

— А вунь варушыцца… Пецечка, я баюся.

Прыгледзеўшыся, яны ўбачылі, як з дупла дубовай калоды нешта вывалілася і пляхнулася на зямлю.

— Ай! — піскнула Лена і моцна ўчапілася за хлопца. — Што гэта?

3

Але цемра зноў апанавала яго.

І зноў нібы скрозь мяхі з воўнай чуліся яму глухія ўдары, і свядомасць на кароткі час прыходзіла да яго, каб працінаць нясцерпным болем, страшнае ўдушша прыводзіла да адчаю, зноў адкідвала ў чорную яму небыцця.

Усё ж ён разумеў, што паветра нейкім чынам больш і ўсё лепш трапляе да яго ў грудзі, бо з кожнай хвілінай глыбіня і шырыня ягонай свядомасці павялічвалася, ён яшчэ вельмі слаба, але ўжо адчуваў сваё цела, ягоныя памеры, уласна, адчуваў сваю істоту.

Ён пачаў сціскаць зубы. Ён разумеў, што і сківіцы не слухаюцца яго, але засяродзіўся менавіта на зубах, уяўляў, што сціскае іх усё мацней і мацней. Яму здавалася, што ён спіць, і ніяк не можа прачнуцца, а для гэтага яму трэба ўшчыкнуць сябе, прыкусіць язык, закусіць губу, укалоць сябе чым-небудзь.